wd wp Пошук:

Пігмеі

Жанчыны-пігмеі ў Камеруне

Пігме́і (стар.-грэч.: Πυγμαῖοι) — групы народаў у Цэнтральнай Афрыцы. Пігмеі адрозніваюцца малым ростам (сярэдні рост мужчыны — каля 150 см) і складаюць асобную негрыльскую малую расу вялікай негроіднай расы. Размаўляюць на мовах розных афрыканскіх моўных сем’яў.

Гісторыя

Малюнак на старажытнагрэчаскай пасудзіне: пігмей змагаецца з жураўлём

Сучасныя генетыкі лічаць, што продкі пігмеяў адасобіліся ад астатніх негроідаў каля 70 — 60 тысяч гадоў таму і развіваліся адносна ізалявана. Малы рост і асаблівасці імунітэту, відавочна, з’явіліся прыстасаваннем да жыцця ў экалагічных умовах густых трапічных лясоў. Каля 5 — 4 тысяч гадоў таму кантакты паміж пігмеямі і суседзямі-банту ўзнавіліся, у тым ліку праз перадачу генетычнага матэрыяла ў выніку нараджэння сумесных дзяцей[1]. Папуляцыі пігмеяў на захадзе Цэнтральнай Афрыкі адчулі гэты ўплыў пазней за тых, хто жыў на поўначы і ўсходзе[2]. Перасяленне банту ў Цэнтральную Афрыку садзейнічала раз’яднанню розных груп пігмеяў і запазычванню імі іншых моў.

У старажытнаегіпецкіх пісьмовых крыніцах пігмеі ўзгадваюцца з 3 тысячагоддзя да н. э. Прывезеныя з трапічнай Афрыкі, яны служылі танцорамі і акрабатамі пры двары фараонаў[3]. Таксама вядомы старажытнаегіпецкія малюнкі і статуэткі пігмеяў.

У старажытнагрэчаскай міфалогіі пігмеі звычайна лакалізаваліся як асобныя народы Афрыкі, Малой Азіі і Індыі. Яны лічыліся сынамі Геі. Узгадваліся ў міфах пра Геракла, творах Гамера і Гесіёда[4]. Герадот занатаваў у Егіпце кароткае апавяданне пра паўночнаафрыканскіх вандроўнікаў-насамонаў, якія падчас экспедыцыі на поўдзень былі захоплены ў палон маленькімі чалавечкамі, якія размаўлялі на невядомай мове[5]. У пазнейшую пару звесткі пра пігмеяў набылі больш казачны характар. Толькі ў XIX ст. існаванне пігмеяў было падцверджана нямецкім даследчыкам Георгам Швейнфуртам.

Да сярэдзіны XX ст. большасць пігмеяў вяла традыцыйны лад жыцця, займалася збіральніцтвам і паляваннем. Аднак з другой паловы XX ст. пад уплывам місіянераў, суседдзяў, а таксама ўрадавых структур значная колькасць пігмеяў была вымушана перасяляцца ў звычайныя вёскі, займацца земляробствам або наймацца на іншую працу. Пры гэтым пігмеі часцяком трапляюць у залежнасць ад высакарослага насельніцтва, трымаюцца гаспадарамі як хатняя жывёла або рабы[6]. У некаторых краінах Афрыкі адзначаюцца факты наўмыснага забойства і генацыду пігмеяў[7][8]. Пэўную пагрозу складаюць хваробы, прынесеныя звонку[9]. Каля 20 % пігмеяў, якія вядуць традыцыйны лад жыцця, пакутваюць на хранічныя захворванні.

Фізічны тып

Рост ад 144 да 150 см для дарослых мужчын, скура светла-карычневая, валасы кучаравыя, цёмныя, вусны параўнальна тонкія, гэты фізічны тып можна класіфікаваць як адмысловую расу.

Па знешнім выглядзе да іх блізкія негрытосы Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, некаторых астравоў Меланезіі і паўночна-усходняй Аўстраліі, але генетычна паміж негрыллі і негрытосамі ёсць моцныя адрозненні.

Групы

Рассяленне пігмеяў у Цэнтральнай Афрыцы

Асноўныя этнічныя і расава-сацыяльныя групы пігмеяў:

Асаблівасці традыцыйнай культуры

Галоўнымі традыцыйнымі заняткамі пігмеяў з’яўляюцца паляванне і збіральніцтва. У мінулым большасць пігмеяў вяла вандроўны лад жыцця, перамяшчалася ад адной часовай стаянкі да іншай, але кожная група мела пэўныя межы сваіх тэрыторый.

У склад групы ўваходзілі малыя нуклеарныя сем’і (6 — 15 сямей у кожнай групе). У групах няма ўстойлівай унутранай структуры, адзіных правадыроў і нават агульнай рады[10]. Аб’яднальную ролю адыгрывае супольнае паляванне, у тым ліку на буйных жывёл. У ім прымаюць удзел не толькі дарослыя мужчыны, але таксама жанчыны і дзеці. Жанчыны і дзеці займаюцца збіральніцтвам, якое дае асноўнае забеспячэнне ежай.

Пігмеі звычайна падтрымлівалі шчыльныя сувязі з суседзямі-земляробамі, займаліся менавым гандлем. Вядомы таксама несваяцкія «братэрскія» сувязі ўзаемадапамогі і сваяцтва, якія ўсталёўваліся паміж групай пігмеяў і вёскай земляробаў. Адносіны паміж пігмеямі і земляробамі накіраваны як на забеспячэнне групы прадуктамі і неабходнымі прыладамі працы, так і на арганізацыю бяспекі. У наш час адбываецца паступовае перасяленне пігмеяў у вёскі, што спрыяе павелічэнню эканамічнай і сацыяльнай залежнасці пігмеяў ад «братоў».

Пігмеі знакаміты паліфанічнай музыкай, спевамі і танцамі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабаны, музычныя лукі, званочкі і г. д. Хаця большасць пігмеяў у нашы дні карыстаецца сучаснай вопраткай, у некаторых групах захоўваецца вытворчасць традыцыйнага адзення з кары і лісця.

Зноскі

  1. Jennifer Welsh, Why Pygmies of Africa Are So Short
  2. Insights into the demographic history of African Pygmies from complete mitochondrial genomes
  3. Egypt: Dwarfs and Pygmies of Ancient Egypt
  4. PYGMAIOI
  5. Герадот, II:32
  6. Katie Thomas, Slaves of the Congo. Tradition has minority Pygmy people living in servitude to majority Bantus Архівавана 14 ліпеня 2014.
  7. Anne Penketh, Extermination Of The Pygmies
  8. Merciless Plight for African ‘Pygmies’
  9. Present situation Pygmies
  10. Society-PYGMIES-(MBUTI) Архівавана 25 мая 2014.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Пігмеі