wd wp Пошук:

Маляваныя дываны

Язэп Драздовіч. Дыванок з вінаградам. Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе».

Маляваныя дываны — традыцыйнае беларускае рамяство, від жывапісу па палатне, народная размалёўка. З’яўляюцца маляванымі на тканіне (паперы, цыраце) вырабамі, прызначаўшыміся для ўпрыгожвання інтэр’еру хаты.

Гістарычныя асаблівасці

Маляваныя дываны вядомы на Беларусі з канца 19 стагоддзя, але найбольшае іх распаўсюджванне адбылося ў 1930-х — 1950-х гадах, калі вялася інтэнсіўная адбудова вёскі, якая патрабавала адпаведнага народнаму густу аздаблення інтэр’еру. У гэтай галіне народнага жывапісу сфарміравалася ўласная паэтыка ідылічнай карціны свету з характэрнымі для яе маляўніча-пластычнымі метафарамі раю. Гэтыя вырабы калісьці дарылі «на шчасце» ў беларускіх вёсках да вяселля ці да ўваходзін.

Маляваныя дываны падобныя да вышываных і тканых славянскіх насценных дэкаратыўных дываноў па матывах дэкору і характары кампазіцыі. Але яны з’яўляліся таннейшымі і менш працаёмкімі. На адзін выраб ішло два сшытых кавалка даматканага ільнянога палатна (1,5 х 2 м). Палотнішча фарбавалі ў чорны колер, потым на ім малявалі асноўныя дэталі сюжэта, часам ужывая трафарэты, выразаныя з кардона. Падмалёўка дробных дэталей і светлацені нанасіліся ад рукі.

Геаграфічныя асаблівасці

У пэўных мясцінах вылучыліся рэгіянальныя варыянты кампазіцыі і дэкору. Адметныя мастацкія рысы маюць маляваныя вырабы Віцебскай вобласці (Глыбоцкі, Докшыцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркоўшчынскі раёны) і Мінскай (Мядзельскі, Вілейскі).

Кампазіцыя дываноў часцей за ўсё ўяўляе размешчаны ў цэнтры букет кветак у вазе, кошыку, ці перавіты стужкай. Гэты цэнтральны малюнак, як правіла, мае раслінна-арнаментальнае акаймленне — па краях гірляндай з кветак і лісця, або скіраванымі да цэнтра букетамі, рассыпанымі па ўсім полі. Таксама ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак — ластавак, галубоў, паваў, зязюль, і звычайна ініцыялы аўтара ці заказчыка.

Існавалі таксама эканом-варыянты дываноў: паўдываны — з аднаго палотнішча і макаткі — з палавіны палотнішча. Гэтым малым формам былі прысутны кампазіцыі з парамі ільвоў, аленяў, галубоў, выкананых у звычайнай наіўна-рэалістычнай манеры.

Ад арэала паходжання дываноў залежала і тэхніка малюнка. У Докшыцкім раёне ўжывалі клеевыя фарбы. Таму мясцовыя маляваныя дываны адрозніваюцца надзвычайнай дэкаратыўнасцю і ўмоўнасцю, моцнымі лакальнымі колерамі без паўтонаў і пераходаў.

Маляваныя дываны з другіх раёнаў Віцебскага рэгіёну выкананы алейнымі фарбамі. Таму яны адлюстроўваюць імкненне да рэалізму — у іх больш дэтальна намаляваны пялёсткі кветак, лісце, абрысы жывёл і птушак.

Абавязковым кампанентам дыванковых краявідаў з Віцебшчыны была водная стыхія, што тлумачыцца геаграфічнымі асаблівасцямі прыроднага асяроддзя лакацыі фарміравання гэтага віда мастацтва, ці выявы гісторыка-культурных помнікаў рэгіёна[1] .

Перыядычна ў Беларусі сустракаліся маляваныя дываны сюжэтна-тэматычнага характару. У іх ужываліся сюжэты катання на лодках, сустрэчы ці развітанні закаханых, архітэктурныя пейзажы ў характэрным наіўна-рэалістычным стылі. Таксама гэтыя сюжэты былі акаймлены арнаментальна-расліннымі матывамі. Прыкладамі гэтых дываноў з’яўляюцца творы Алены Кіш і Язэпа Драздовіча. Паслядоўнікам Драздовіча стаў таксама самабытны мастак Фёдар Сухавіла.

Сюжэтна-тэматычныя дываны Алены Кіш — гэта цалкам унікальная з’ява ў народным мастацтве Беларусі. Росквіт яе творчасці прыйшоў на 1930-я гады. Выявы людзей, жывёл і птушак на фоне традыцыйнага ці экзатычнага пейзажу напісаны чыстымі, гучнымі фарбамі белага, зялёнага, блакітнага, малінавага колераў і падмалёваны чорнымі лініямі па контурах. Па перыметру дываноў мастак ужывала акаймоўку з сакавітымі кветкавымі гірляндамі[2].

Сучасны стан

У 1980-х гадах на Случчыне і Віцебшчыне пачалі адраджаць традыцыі маляваных дываноў. Дзякуючы намаганням даследчыка творчасці Алены Кіш, мастака Уладзіміра Басалыгі, удалося знайсці 13 дываноў, якія склалі аснову калекцыі маляванак Заслаўскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пазней да іх дабавілася значная колькасць маляваных дываноў Язэпа Драздовіча. У 1978 годзе Уладзімір Басалыга, будучы старшынёй Беларускага саюзу мастакоў, арганізаваў Першую рэспубліканскую выстаўку народных маляваных дываноў у мінскім Палацы мастацтва. Упершыню творы Алены Кіш убачыла шырокая аўдыторыя гледачоў. У сакавіку 1999 года ў Маскве адбыўся І Міжнародны фестываль «Інтэрмузей – 99», дзе таксама былі прадстаўлены беларускія маляваныя дываны Алены Кіш[3].

Народныя традыцыі захапілі такіх вядомых беларускіх мастакоў, як Аляксей Марачкін[4] і Віктар Маркавец[5], якія пачалі ствараць уласныя варыяцыі на тэму маляваных дываноў. Некаторыя з іх увайшлі ў альбом пад назвай «Беларускія маляваныя дываны», выдадзены ў Мінску ў 2005 годзе і састаўлены супрацоўнікамі Заслаўскага музея[6].

У Беларусі праводзіцца шэраг мерапрыемств, у працэсе якіх сучасныя носьбіты тэхнікі перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню мастакоў. Гэта майстар-класы, гурткі па маляванцы, экскурсіі. Традыцыя вырабу маляваных дываноў з’яўляецца лакальнай культурнай адметнасцю Беларусі, мастацкай традыцыяй з адмысловымі прыёмамі выканання і прызнаецца як элемент народнай спадчыны. Маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я таксама ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэтае рашэнне было прынята на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі[7].

Адна з буйных калекцый маляваных дываноў знаходзіцца ў Вілейскім краязнаўчым музеі. Перасоўная выстаўка дываноў з яго збораў экспанавалася ў верасні 2013 года ў Мінскай мастацкай галерэе твораў Леаніда Шчамялёва, а потым і па другіх гарадах краіны:

У снежні 2013 года таксама адбылася выстаўка маляваных дываноў Алены Кіш «На шчасце» са збору Заслаўскага музея ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Адкрываў вернісаж дырэктар гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі[8]:

Спасылкі

Зноскі

  1. Маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Архівавана 5 сакавіка 2016.
  2. Я. М. Сахута Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) (і інш.). - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
  3. Спадчына Беларусі. Алена Кіш Архівавана 5 сакавіка 2016.
  4. Аляксей Марачкін. Дыван «Затапленне»
  5. Віктар Маркавец. Дыван «Сымон будны ў Заслаўі»
  6. Беларускiя маляваныя дываны
  7. У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прыняты 3 новыя элементы
  8. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Архівавана 24 студзеня 2021. Выставка «маляванок» Алены Киш: произведения искусства, которые теперь пылятся на чердаках (руск.)  Архівавана 24 студзеня 2021.
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі