wd wp Пошук:

Глушэц

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Глушэц (значэнні). Глушэ́ц (Tetrao urogallus) — птушка сямейства фазанавых атраду курападобных.

Апісанне

Самы буйны з баравой дзічыны. Даўжыня самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з металічным бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Маладыя ў ювенільным уборы падобныя да самкi, на пачатку восенi фармiруецца ўбор першай восенi, падобны да дарослага, але ў самцоў крыху святлейшы, з карацейшымi i больш вузкiмi рулявымi.

Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). Падчас спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва).

Палёт даволi цяжкi, пры старце птушка гучна лопае крыламi i пасля таго, як дасягне вышыні верхавін дрэў, з нерухомымi крыламi планiруе ўнiз.

Пашырэнне

Аседлая птушка. Селіцца ў лясах Еўропы і Азіі. Арэал у Еўропе разарваны: Шатландыя, Альпы, Дынарскія горы, Карпаты і ад Цэнтральна-Усходняй Еўропы i Скандынавii да Усходняй Сiбiры.

Насяляе вялiкiя комплексы бароў з участкамі густога лiсцевага падлеску і падросту, а таксама з добра развiтым слоем ягадных кусцікаў, паблiзу тарфяных балот. У гарах даходзіць да 1500—2000 м.

Глушэц на паштовай марцы Беларусі.

У Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей на мохавых балотах Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Народная назва на Палессі когут. У Бярэзінскім запаведніку вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.

Асаблівасці біялогіі

Корміцца ігліцай, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі.

Гняздуецца на зямлі. Гняздо ў ямцы памiж купiнамi раслін (напр., верасу i сухой травы), звычайна прыкрытае елкай, кустом, паваленым дрэвам, часам паміж каранёў каля асновы дрэва. У выключных выпадках — у старых гнёздах іншых відаў птушак нават на вышыні 3-5 м над зямлёй. Высцiлка з сухой травы i лiсця з прымессю iглiцы i моху.

Адкладвае 6—8 (зрэдку да 12—16)[1] яек. Выседжвае толькі самка 25—28 дзён[1].

У месцах, дзе сустракаецца разам з цецеруком, утварае міжвiдавыя гiбрыды, якiя завуцца кракатнямi (часцей за ўсё бацькам кракатнёў з’яўляецца цецярук.

Ахова

Колькасць скарачаецца. Напрыклад, у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне XVII ст. быў знішчаны і зноў завезены ў 1837 годзе са Швецыі[1]. У шэрагу краін, у тым ліку ў Беларусі, пад аховай.

У кулінарыі

Мяса жорсткае, перад абскубаннем здабыты глушэц мусіць вісець уніз галавой да 14 дзён у халодным праветраным месцы. Пасля абскубання абсмаліць, вытрыбушыць, адцяць галаву і крылы. Маладых птушак дастаткова вымачыць на ноч у малацэ, старэйшых лепш у марынадзе (з дадаткам ядлоўцу і імбіру) на працягу 2 — 3 дзён. Глушца лепш тушыць, чым запякаць, але ў старапольскай кухні быў славуты глушэц, запечаны з валоскімі арэхамі, шынкай і грыбамі.

Раней існавала павер’е, нібыта мяса глушца «карыснае для глузду».

Галерэя

Зноскі

  1. 1 2 3 Судиловская А. М. Глухарь (птица сем. тетеревиных)(недаступная спасылка) // Вялікая савецкая энцыклапедыя (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Цецеруковыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта