wd wp Пошук:

Вельфы

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Вельф. Вельфы (ням.: Welfen) — адна з найстарэйшых еўрапейскіх дынастый франкскага паходжання, прадстаўнікі якой займалі прастолы мноства еўрапейскіх дзяржаў, у прыватнасці розных германскіх і італьянскіх княстваў, а таксама Расіі (1740—1741) і Вялікабрытаніі (1714—1901).

Першая дынастыя Вельфаў

Гісторыя роду

Юдзіф (Юдыт) Баварская. Мініяцюра з Хронікі Вельфаў

Першая дынастыя Вельфаў, таксама вядомая як Старэйшыя Вельфы (ням.: Die alteren Welfen), была франкскага паходжання. Паводле сямейнай легенды паходжанне роду ўзводзілася да Эдэкона, гунскага ці скіфскага правадыра часоў Атылы (каля 450 года), бацькі Адаакра. Аднак першыя дакументальныя згадкі пра яго адносяцца да VIII стагоддзя, калі Рутард (ням.: Ruthard) пасля 746 года набыў уладанні ў раёне Мааса і Мозеля. У сярэдзіне VIII стагоддзя Вельфы набылі ўладанні ў Верхняй Швабіі, у Вайнгартэне (Альтдорф).

Дакладна дрэва роду прасочваецца толькі пачынаючы з Вельфа I (778—825), па імі якога род і атрымаў сваю назву. Паводле адной версіі ён быў сынам Рутарда, па іншай — графа Ізембарда. Вельф I быў графам у Аргенгау, сеньёрам Альтдорфа і Равенсбурга. Яму ў 819 годзе ўдалося выдаць сваю дачку Юдыт за імператара Людовіка Набожнага, што паслужыла адпраўным пунктам ва ўзвышэнні роду. Пазней яшчэ адна яго дачка, Эма, выйшла замуж за сына імператара Людовіка ад першага шлюбу — Людовіка Нямецкага.

Двое сыноў Вельфа I значна ўмацавалі пазіцыі роду. Старэйшы, Рудольф I (пам. 866), пасля шлюбу сястры атрымаў абацтвы Жум’еж і Сен-Рык’е, другі, Конрад I Стары, атрымаў у спадчыну радавыя ўладанні ў Аргенгау. Яны падзялілі лёс сястры падчас паўстання сыноў Людовіка Набожнага — у 830 годзе яны былі гвалтоўна пастрыжаны па загадзе Лотара I, старэйшага сына імператара Людовіка, і адпраўлены ў манастыр у Пуацье. Але ў 834 годзе яны вярнулі сваё становішча. Пазней Рудольф ад пляменніка, караля Заходне-Франкскага каралеўства Карла II Лысага атрымаў некалькі графстваў — Панцье, Санс, Труа. З сыноў Рудольфа I Конрад Чорны быў графам Парыжа і Санса, Рудольф II — графам у Тургау і Цюрыхгау, а таксама маркграфам Рэцыі.

Конрад I пасля смерці імператара Людовіка Набожнага стаў саветнікам караля Усходне-Франкскага каралеўства Людовіка II Нямецкага. Пры гэтым ён 830-х — 840-х гадах атрымаў шэраг уладанняў у Верхняй Швабіі. У 839 годзе Конрад згадваецца як граф у Аргенгау і Альпгау, а ў 844 годзе — як граф Лінцгау. Аднак з яго чатырох сыноў двое, Конрад II і Гуга Абат у 859 годзе перайшлі на службу да свайго стрыечнага брата — караля Заходне-Франкскага каралеўства Карла II Лысага, ад якога атрымалі ўладанні наўзамен страчаных. Гуга Абат валодаў некалькімі буйнымі абацтвамі, а пасля гібелі ў 866 годзе Роберта Моцнага стаў маркізам Нейстрыі, удала адбіваў набегі нарманаў. Пасля смерці Карла Лысага ў 877 годзе Гуга разам з канцлерам Газленам і архібіскупам Рэймса Гінкмарам быў адной з самых уплывовых фігур пры каралеўскім двары. Ён быў галоўным саветнікам караля Людовіка II, а затым і яго сыноў Людовіка III і Карламана.

Швабская галіна

Родапачынальнікам гэтай галіны быў Вельф II (пам. да 876), граф у Лінцгау 842/850, граф у Альпгау 852/858. Ён традыцыйна лічыцца адным з сыноў Конрада I Старога, аднак ён мог быць і сынам Рудольфа I. Генеалогія яго нашчадкаў вядомая толькі па двух дакументах — «Генеалогіі Вельфаў» (лац.: Genealogia Welforum), напісанай у 1125/1126 годзе, і «Вайнгартэнскай гісторыі Вельфаў» (лац.: Historia Welforum Weingartensis), створанай крыху пазней — у 1160-х гадах. Яны мелі ўладанні ў Швабіі і Баварыі.

З гэтай галіны вядомы Конрад Канстанцкі (пам. 26 лістапада 975), біскуп Канстанца з 934 па 975 гг. Яго пляменнік Рудольф II ажаніўся з дачкой герцага Швабіі Конрада I. Сын Рудольфа, Вельф II (пам. 10 сакавіка 1030), быў графам Альтдорфа, Норытала і Інтала. Сын жа Вельфа II, Вельф III (пам. 13 лістапада 1055), быў у 1047 годзе прызначаны імператарам Генрыхам III герцагам Карынтыі і маркграфам Вероны. Вельф III памёр бяздзетным, завяшчаўшы свае ўладанні маці, Іміцы (пам. 21 жніўня каля 1055), дачцы Фрыдрыха Люксембургскага, графа Мозельгау, якая стала абатысай манастыра Вайнгартэн у Альтдорфе, радавога манастыра Вельфаў. Іміца ж перадала гэтыя ўладанні Вельфу IV, сыну яе дачкі Кунгунды, якая выйшла замуж за маркграфа Лігурыі Альберта Аца II д’Эстэ. Вельф IV стаў родапачынальнікам другой дынастыі Вельфаў, якая існуе і ў наш час.

Бургундская галіна

Родапачынальнікам яе стаў Конрад II (пам. каля 881), сын Конрада I Старога. У 864 годзе ён атрымаў у кіраванне землі, якія ўтварылі герцагства Верхняя Бургундыя. Пасля звяржэння ў 887 годзе імператара Карла III Талстога франкская імперыя канчаткова падзялілася на некалькі частак. Бароны і духавенства гэтай часткі былога Бургундскага каралеўства сабраліся ў 888 годзе ў горадзе Сен-Марыс у Вале і абвясцілі сваім каралём Рудольфа I. У выніку было ўтворана незалежнае каралеўства Верхняя Бургундыя. Старэйшы сын Рудольфа I, Рудольф II беспаспяхова спрабаваў стаць каралём Італіі. У выніку ён быў вымушаны адмовіцца ад сваіх прэтэнзій, але наўзамен у 933 годзе атрымаў каралеўства Ніжняй Бургундыі, утварыўшы адзінае Бургундскае каралеўства Арэлат. Пасля смерці караля Рудольфа III Гультаяватага ў 1032 годзе галіна згасла. Аднак магчыма галіной гэтага роду быў Рэйнфельдэнскі дом.

Генеалогія

Рутард, граф у Аргенгау; жонка: Ірменгільда

Швабская галіна Старэйшых Вельфаў

Вельф (II) (пам. да 876), граф у Лінцгау 842/850, граф у Альпгау 852/858

Бургундская галіна Старэйшых Вельфаў

Конрад II (пам. каля 881), граф Асера 859—864, маркграф Верхняй Бургундыі з 864; жонка: Вальдрада, магчыма дачка Ламберта, графа Вормсгау. Дзеці:

Другая дынастыя Вельфаў

Гісторыя роду

Ідэалізаваны познесярэдневяковы партрэт Вельфа IV, родапачынальніка другой дынастыі

Другая дынастыя Вельфаў з’яўляецца галіной італьянскага дому Эстэ. Маркграф Лігурыі Альберта Аца II д’Эстэ ажаніўся з Кунігундай, дачкой Вельфа II. Іх сын, Вельф IV, і стаў родапачынальнікам дынастыі. Ад імя гэтага дому Вельфаў паходзіць назва сярэдневяковай палітычнай плыні, якая супрацьстаяла дамаганням імператараў на ўладу ў Італіі — гвельфаў.

Вельф IV (каля 1030/1040 — 9 лістапада 1101) у 1055 годзе атрымаў у спадчыну ўсе швабскія і баварскія ўладанні свайго дзядзькі, Вельфа III. У 1070 годзе ён атрымаў ад імператара Генрыха IV тытул герцага Баварыі. Падчас барацьбы імператара Генрыха IV з Папамі за інвестытуру Вельф IV быў пазбаўлены ўладанняў, аднак у выніку імператар быў вымушаны заключыць з Вельфам мір і вярнуць яму Баварыю.

Старэйшы сын Вельфа IV, Вельф V (пам. 1124), які стаў спадчыннікам пад імем Вельф II Баварыю пасля смерці бацькі, быў жанаты са знакамітай маркграфіняй Мацільдай Тасканскай, суперніцай імператара Генрыха IV. Ён дзяцей не пакінуў, таму пасля яго смерці Баварыя перайшла да малодшага брата — Генрыха IX Чорнага (пам. 1126). Ён быў жанаты са старэйшай дачкой Магнуса Білунга, герцага Саксоніі. Пасля смерці цесця ў 1106 годзе ён далучыў частку саксонскіх зямель, аднак тытула герцага Саксоніі не атрымаў — імператар Генрых V, асцерагаючыся ўзмацнення Вельфаў, перадаў тытул Лотару Суплінбургскаму. Аднак спадчыннік Генрыха Чорнага, Генрых Горды (пам. 1139), ажаніўся са спадчынніцай Лотара, які стаў у 1125 годзе кіраўніком імперыі, дзякуючы гэтаму атрымаў шматлікія ўладанні на поўначы Германіі, якія раней належалі родам графаў Суплінбурга, Браўншвайга (Брунанам) і Нортгайма. Генрых Горды падтрымліваў цесця ў яго барацьбе супраць герцагаў Швабіі з дому Гогенштаўфенаў, якія таксама прэтэндавалі на імператарскі прастол.

Незадоўга да смерці Лотар II прысвоіў Генрыху тытул герцага Саксоніі і перадаў каралеўскія рэгаліі. Калі Лотар памёр 4 снежня 1137 года, Генрых Горды як яго зяць і, несумнеўна, найбольш магутны з князёў Германіі быў галоўным прэтэндэнтам на каралеўскую карону. Аднак каралём 7 сакавіка 1138 года быў выбраны былы антыкароль Конрад III, герцаг Франконіі. Генрых Горды перадаў Конраду каралеўскія рэгаліі, але адмовіўся падпарадкуецца яго патрабаванню адмовіцца ад аднаго з двух герцагстваў. Пасля няўдалай спробы дасягнуць пагаднення, кароль пазбавіў Генрыха абодвух герцагстваў. Саксонія была перададзена маркграфу Паўночнай маркі Альбрэхту Мядзведзю, сыну малодшай дачкі герцага Саксоніі Магнуса, а Баварыя — маркграфу Аўстрыі Леапольду IV Бабенбергу. Генрых Горды хутка атрымаў перамогу над Альбрэхтам у Саксоніі і збіраўся ўварвацца ў Баварыю, але раптам памёр у 1139 годзе.

Уладанні Вельфаў у Германіі ў часы Генрыха Льва

Спадчыннік Генрыха Гордага, Генрых Леў, у 1142 годзе здолеў атрымаць Саксонію, а ў 1156 годзе новы імператар, Фрыдрых I Барбароса, перадаў яму і Баварыю, але без Аўстрыі, узведзенай у статус герцагства. У выніку наступных паходаў на ўсход пачынаючы з 1160 года Генрых Леў захапіў амаль усю тэрыторыю бодрычаў і стаў уладальнікам велізарнай тэрыторыі на ўсход ад Эльбы. Аднак узмацненне Генрыха Льва выклікала рэзкі канфлікт паміж ім і імператарам Фрыдрыхам I Барбаросай. Калі Генрых Леў адмовіўся ад удзелу ў паходзе імператара ў Італію, Фрыдрых арганізаваў у 1180 годзе над ім судовы працэс. У выніку Генрых Леў пазбавіўся большасці сваіх уладанняў, у яго руках засталіся толькі Браўншвайг і Люнебург.

З сыноў Генрыха Льва Генрых V (пам. 1227) пасродкам шлюбу атрымаў Рэйнскае пфальцграфства. Аднак адзіны сын Генрыха V, Генрых VI, які атрымаў у спадчыну пфальцграфства пасля смерці маці, памёр раней за бацьку і дзяцей не пакінуў, а пфальцграфства перайшло да дому Вітэльсбахаў. Малодшы сын Генрыха Льва, Атон IV Браўншвайгскі (пам. 1218), змагаўся з Гогенштаўфенамі за тытул імператара і ў выніку займеў у гэтым — пасля гібелі яго праціўніка Філіпа Швабскага ён у 1209 годзе быў каранаваны імператарскай каронай. Аднак ён не стрымаў дадзены Папе абяцанняў і заявіў прэтэнзію на вярхоўныя правы над Італіяй, Папа Інакенцій III у лістападзе 1210 года адлучыў яго ад царквы і ў 1212 годзе прызнаў законным германскім каралём Германіі Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Пасля гэтага ад Атона аддзялілася ўся паўднёвая Германія. Разбіты французскім каралём Філіпам II пры Бувіне (27 ліпеня 1214 года), Атон павінен быў саступіць праціўніку. Ён з’ехаў у свае спадчынныя землі і адтуль ваяваў яшчэ з дацкім каралём Вальдэмарам і архібіскупам Магдэбургскім. Дзяцей ён не пакінуў.

Нашчадства пакінуў малодшы з сыноў Генрыха Льва — Вільгельм (1184—1213), які меў адзінага сына Атона Дзіцё (1204—1252), які атрымаў былое алаідыяльнае ўладанне сваёй сям’і (ва ўсходняй частцы Ніжняй Саксоніі і ў паўночнай частцы Саксоніі-Анхальт) ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха II 21 жніўня 1235 года ў якасці імперскага лена пад назвай герцагства Браўншвайг-Люнебург. Ён стаў родапачынальнікам так званага Браўншвайгскага дому. У 1267—1269 гады землі былі падзелены паміж яго сынамі, якія сталі родапачынальнікамі некалькіх ліній роду.

З XIV стагоддзя значэнне дому Вельфаў у нямецкіх справах змяншаецца, род раздрабніўся на некалькі ліній, шэраг з якіх хутка згаслі. Да XVI стагоддзя ў іх руках застаецца толькі герцагства Браўншвайг-Люнебургскае. З гэтай галіны паходзіла Сафія-Шарлота Браўншвайг-Вольфенбютэльская — маці Пятра II і Антон Ульрых Браўншвайгскі — бацька імператара Івана VI Антонавіча.

У 1692 годзе Эрнст I у выніку аб’яднання ўладанняў некалькіх галін Люнебургскай лініі Вельфаў стаў курфюрстам Гановерскім, а сын яго Георг I узышоў на англійскі прастол. Гэта галіна атрымала назву Гановерскай дынастыі. Апошняй прадстаўніцай дому Вельфаў на англійскім прастоле была каралева Вікторыя, якая таксама прыняла тытул імператрыцы Індыі.

Пасля смерці братоў Георга IV і Вільгельма IV, якія кіравалі абодвума каралеўствамі, брытанскі прастол заняла каралева Вікторыя, дачка Эдуарда, герцага Кенцкага, які памёр у 1820 годзе. На гановерскі прастол у 1837 годзе паводле салічнага закона ўзышоў дзядзька Вікторыі, герцаг Камберлендскі:

.mw-parser-output .treeview ul{padding:0;margin:0}.mw-parser-output .treeview li{padding:0;margin:0;list-style-type:none;list-style-image:none}.mw-parser-output .treeview li li{background:url("//upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/f/f2/Treeview-grey-line.png")no-repeat 0 -2981px;padding-left:21px;text-indent:0.3em}.mw-parser-output .treeview li li:last-child{background-position:0 -5971px}.mw-parser-output .treeview li.emptyline>ul>.mw-empty-elt:first-child+.emptyline,.mw-parser-output .treeview li.emptyline>ul>li:first-child{background-position:0 9px}

Генеалогія

Вельфы, галіна дому Эстэ

Альберта Аца II д’Эстэ (каля 996—1097), маркграф Лігурыі; 1-я жонка: з каля 1035 Кунігунда (каля 1020 — 31 сакавіка да 1055), дачка Вельфа II, графа Альтдорфа, Норытала і Інтала, і Іміцы, дочкі Фрыдрыха Люксембургскага, графа Мозельгау; 2-я жонка: з каля 1049/1050 Герсенда дзю Мэн, дачка Герберта I, графа Мэна.

Браўншвайгскі дом

Атон I Дзіцё (1204 — 9 чэрвеня 1252), герцаг Браўншвайг-Люнебурга з 1235; жонка: з 1228 Мацільда Брандэнбургская (каля 1206/1215 — 10 чэрвеня 1261), дачка маркграфа Брандэнбурга Альбрэхта II і Мацільды фон Ленсберг. Дзеці:

Старэйшы Люнебургскі дом

Ёган I (каля 1242 — 13 снежня 1277), герцаг Браўншвайг-Люнебурга з 1252, герцаг Браўншвайг-Люнебурга ў Люнебургу з 1267; жонка: 1265 Ліўтгарда Гальштэйнская (пам. пасля 28 лютага 1289), дачка графа Герхарда I Гальштэйнскага

Старэйшы Браўншвайгскі дом, галіна герцагаў Браўншвайг-Грубенгагена

Генрых I (1267 — 7 верасня 1322), герцаг Браўншвайг-Люнебурга ў Браўншвайгу з 1279, герцаг Браўншвайга ў Эверштэйне ў 1285, герцаг Браўншвайг-Грубенгагена і Зальцдэргельдэна з 1291; жонка: 1282 Агнеса Мейсенская (пам. пасля 1 лютага 1332), дачка маркграфа Альбрэхта Мейсенскага

Старэйшы Браўншвайгскі дом, галіна герцагаў Браўншвайг-Гётынгена

Альбрэхт II (каля 1268 — 22 верасня 1318), герцаг Браўншвайг-Гётынгена з 1291; жонка: 10 студзеня 1284 Рыкса фон Верле (пам. пасля 2 кастрычніка 1312), дачка Генрыха I фон Верле-Гюстраў

Старэйшы Браўншвайгскі дом, галіна герцагаў Браўншвайг-Вольфенбютэля

Вільгельм I (каля 1270 — 20 верасня 1292), герцаг Браўншвайг-Вольфенбютэля з 1291

Гл. таксама

Зноскі

  1. Jackman D.C. Criticism and Critique, sidelights on the Konradiner. — Oxford Unit for Prosopographical Research, 1997. — P. 72.
  2. Пра гэты шлюб паведамляе К. Джордан (Jordan K. Henry the Lion: a Biography / trans. Falla P. S.. — Oxford: Clarendon Press, 1986.), аднак ніякіх іншых сведчанняў пра гэты шлюб няма.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Дынастыі Італіі
Катэгорыя·Вельфы
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе