wd wp Пошук:

Нарманы

Нарманскія заваяванні пазначаны чырвоным

Нарма́ны (нарма́ндцы, нурма́ны, вікінгі, літар. «паўночныя людзі») — тэрмін, які выкарыстоўваўся жыхарамі Заходняй Еўропы ў дычыненні да скандынаваў, якія спусташалі з VIII па XI стагоддзе марскімі разбойніцкімі набегамі дзяржавы Еўропы. Частка аднаго са скандынаўскіх племянных утварэнняў — даны — асела на паўночным узбярэжжы Францыі, дзе прызнала намінальную васальную залежнасць ад франкаў. У 1066 годзе пад правадырствам герцага Вільгельма Нармандскага, пасля Заваёўніка, заваявалі і скарылі Англію, разбіўшы ў бітве пры Гастынгсе апошняга караля англа-саксаў Гаральда Годвінсана. Шматлікія гісторыкі атаясамляюць з нарманамі варагаў (гл. Нарманская тэорыя).

Экспансія нарманаў

Асноўны артыкул: Вікінгі Нарманы — удзельнікі марскіх паходаў на тэрыторыю франкаў канца VIII — сярэдзіны XI стагоддзяў. Гісторыкі апісваюць нарманаў як людзей прагных, ваяўнічых, цягавітых, красамоўных, схільных да змешвання з чужародным насельніцтвам. Першы перыяд экспансіі нарманаў (канец VIII—IX стст.) характарызаваўся разрозненымі экспедыцыямі супраць Франкскай дзяржавы, нападамі на берагі Англіі, Шатландыі, Ірландыі і іх перасяленнямі на Аркнейскія, Фарэрскія, Гебрыдскія і Шэтландскія астравы, некалькі пазней — у Ісландыю. З канца IX стагоддзя на Францыю і Англію нападаюць буйнейшыя атрады нарманаў, якія пераходзяць ад рабавання і збору даніны да засялення заваяваных тэрыторый. У Паўночнай Францыі яны засноўваюць Герцагства Нармандыя (911 г.), скараюць паўночна-ўсходнюю Англію. Напачатку XI стагоддзя ўся Англія ўжо была падпарадкавана дацкім каралям. Паходы нарманаў спыніліся каля сярэдзіны XI стагоддзя. Нашчадкі нарманаў — выхадцы з Нармандыі — падпарадкавалі ў 2-й палове XI стагоддзя Англію (Нармандскае заваяванне Англіі, 1066 г.), а таксама Паўднёвую Італію і Сіцылію, заснаваўшы тут (1130 г.) Сіцылійскае каралеўства.

Нарманы ў Францыі

Асноўны артыкул: Герцагства Нармандыя

Герб герцагаў Нармандыі

Дацкія і нарвежскія вікінгі ў другой палове IX стагоддзя пад правадырствам Хрольфа Пешахода пачалі акупаваць паўночную зямлю Францыі, званую цяпер Нармандыя. У 911 годзе Карл III Дурнаваты пагадзіўся прызнаць нарманскімі землі ў вусці Сены. Хрольф прыняў франкскае імя Ралон і прынёс васальную прысягу каралю франкаў Карлу, стаўшы першым герцагам Нармандскім.

Нарманы прынялі хрысціянства, перанялі французскую мову і культуру, змяшаліся з мясцовым насельніцтвам. Склася народнасць, не зусім ідэнтычная ні скандынаўскім папярэднікам, ні французскім суседзям.

Тэрыторыя Нармандыі прыкладна адпавядае тэрыторыі старой царкоўнай правінцыі Руан ці Нейстрыі і не мела натуральных межаў. Яе засялялі галоўным чынам гала-рымляне. Таксама там пражывалі ў невялікай колькасці франкі і прадстаўнікі іншых германскіх плямёнаў і пасяленцаў-вікінгаў, якія пачалі прыбываць у 880-я гады. У X стагоддзі першапачаткова разбуральныя набегі банд нарманаў па рэках Галіі паступова ператварыліся ў авалоданне землямі з пастаянным іх засяленнем, з удзелам жанчын і дзяцей, будаўніцтвам замкаў і крэпасцей. І хоць з часам нарманы-перасяленцы былі асіміляваны французамі, нават праз шмат стагоддзяў сярод жыхароў Нармандыі і паўночных абласцей Францыі быў высокі працэнт бландынаў, якія вылучаліся сярод французаў (як правіла, цёмнавалосых).

Нарманы ўспрынялі феадальныя дактрыны франкаў і развілі іх у Нармандыі і Англіі ў стройную сістэму.

Нарманы ў Англіі

Асноўны артыкул: Нармандскае заваяванне Англіі У 1066 годзе пад правадырствам герцага Вільгельма Нармандскага, пасля Заваёўніка, нарманы заваявалі і скарылі Англію, разбіўшы ў бітве пры Гастынгсе апошняга караля англа-саксаў Гаральда Годвінсана.

Герцаг Вільгельм Заваёўнік заснаваў у 1066 годзе нармандскую дынастыю англійскіх каралёў. На ўсходніх берагах панавалі скандынавы.

З зямлі франкаў у Англію, нармандцы прыйшлі ўжо як носьбіты французскай мовы, французскай культуры (хоць і са сваімі асаблівасцямі) і французскага феадальнага дзяржаўнага ладу. Заваёўнікі прынеслі з сабой французскую мову — яго паўночны, нармандскі дыялект. (Нарманы ж — паўночныя вікінгі, радзімай якіх была Скандынавія. Для нармандцаў, якія прынялі культуру і мову франкаў, Скандынавія была прарадзімай). Але памяць пра сваіх гераічных продкаў яшчэ была жыва. З часам нармандцы мігравалі і акупавалі некаторыя тэрыторыі ў Еўропе.

На працягу некалькіх, пасля заваяванняў, стагоддзяў у Англіі ўтварыўся англа-нармандскі дыялект, які ўключаў, як відаць з назвы, элементы і англійскай і нармандскай моў. Англа-нармандская мова праіснавала ў Англіі да канца XIV стагоддзя, пасля чаго яна бясследна знікла. Да XIV стагоддзя яна была не толькі мовай, на якой размаўляла знаць, але і мовай мастацкай літаратуры, — праўда, помнікаў на ёй засталося не шмат.

Гл. таксама

Нарманы ў Шатландыі

Пранікненне нарманаў у Шатландыю пачалося ў сярэдзіне XI стагоддзя, з часоў кіравання караля Малькальма III. Для Шатландыі ў цэлым характэрна другасная міграцыя нармандцаў — з ужо заваяванай імі Англіі. Найбольш актыўна англа-нарманы сталі перасяляцца ў Шатландыю ў першай палове XII стагоддзя пры каралі Давідзе I, які ў маладосці ўдзельнічаў у барацьбе за ўладу ў Англіі паміж спадчыннікамі Вільгельма Заваёўніка. Давід I заахвочваў перасяленне англа-нармандскіх феадалаў у паўднёвыя рэгіёны краіны, ствараючы трывалую апору каралеўскай улады. Новая нармандская знаць, з якой пазней выйшлі такія каралі як Роберт Брус, Іаан Баліёль і шматлікія прадстаўнікі знатных шатландскіх родаў, прыўнесла з сабой нарманскую сістэму феадалізму, якая стала ўжывацца як у раўніннай, так і (пазней) у горнай частцы краіны. Дынастыя Сцюартаў, прадстаўнікі якой у XIVXVII стст. займалі прастол Шатландыі і Англіі, таксама пайшла з англа-нармандскіх перасяленцаў. Апроч сістэмы феадалізму англа-нарманы прынеслі ў Шатландыю паўночна-англійскі дыялект, які з часам развіўся ва ўласна шатландскую мову, якая паступова выцесніла з ужытку гэльскую мову, якая гістарычна выкарыстоўвалася шатландцамі.

Нарманы ў Ірландыі

На ірландскую культуру, народнасць і гісторыю нарманы аказалі значны ўплыў. Спачатку, у XII стагоддзі яны яшчэ захоўвалі самабытнасць, але паступова прынялі культуру Ірландыі і сталі «большымі ірландцамі, чым самі ірландцы» («Hiberniores Hibernis ipsis» — шырока распаўсюджаная часоў Сярэднявечча фраза, паходжанне якой невядома). Сяліліся галоўным чынам на ўсходзе Ірландыі, у вобласці радыусам прыкладна 20 міль вакол Дубліна. Пабудавалі шмат палацаў і паселішчаў, уключаючы замак Трым і Дублінскі замак. Культуры перамяшаліся, запазычаючы адна ў адной лексіку, навыкі і кругагляд.

Нарманы ў Міжземнамор’е

Гл. таксама

Удачлівыя банды нарманаў паспяхова плавалі далёка на поўдзень ад Скандынавіі. Групы воінаў, закліканыя на службу феадаламі Паўднёвай Італіі, паступова атрымалі ў кіраванне гарады Аверсу і Капую. Пазней нарманы выйшлі з васальнай залежнасці і скарылі правінцыі Апулія і Калабрыя.

З гэтых баз больш арганізаваныя прынцыпалы ў канчатковым выніку змаглі адваяваць астравы Сіцылія і Мальта ў сарацынаў. Вобласці, якімі кіравалі нарманы, уключалі Абруцы, Апулію, Калабрыю, Кампанію, Неапалітанскае каралеўства і Каралеўства Сіцылію ў Італіі, Фесалонікі ў Грэцыі. На малаважны перыяд Сіцылійскім Каралеўствам захоплівалася паўночнае ўзбярэжжа Афрыкі, — тэрыторыі, якія ў наш час уваходзяць у склад Туніса, Алжыра і Лівіі.

Нарманскія воіны

Нармандскі вайсковы клас быў новым і значна адрозніваўся ад старой франкскай арыстакратыі. Большасць рыцараў былі беднымі і малазямельнымі; да 1066 Нармандыя пастаўляла ўзброеных вершнікаў даўжэй за цэлае пакаленне. Рыцарства тым часам мела нізкае становішча ў грамадстве, і паказвала, што чалавек проста прафесійны воін.

Мова

Нармандская мова ўзнікла у выніку прыняцця мясцовых старафранцузскіх дыялектаў заваёўнікамі-нарманамі, якія размаўлялі на старанармандскай і развілася ў рэгіянальныя мовы Францыі, якія існуюць і цяпер.

Зноскі

Літаратура

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (8):
Гісторыя Нармандыі
Гісторыя Ісландыі
Гісторыя Шатландыі
Вікінгі
Ваенная гісторыя Італіі
Скандынавы
Зніклыя народы
Гісторыя Ірландыі