«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» — дзяржаўнае выдавецтва ў сістэме Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Існавала з 1 студзеня 1967 года па 31 кастрычніка 2021 года[1].
Заснавана ў Мінску 1 студзеня 1967 як Галоўная рэдакцыя Беларускай Савецкай Энцыклапедыі пры АН БССР на правах НДІ, з 1 студзеня 1975 года ў сістэме Дзяржкамдруку БССР. У 1980 годзе пераўтворана ў выдавецтва, прысвоена імя Петруся Броўкі — ініцыятара стварэння і першага галоўнага рэдактара выдавецтва.
У 2010 годзе творчаму калектыву рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Выдавецтва „Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі“» за стварэнне кніг «Зямля сілы. Белавежская пушча» і «Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII—XIX стагоддзяў» быў уручаны Дыплом лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне»[2].
З 1 лістапада 2021 года рашэннем заснавальніка рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Выдавецтва „Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі“» далучана да рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Выдавецтва „Беларусь“», якое з’яўляецца яго поўным правапераемнікам.
Спалучае выдавецкую дзейнасць з навукова-даследчай. Спецыялізуецца на падрыхтоўцы і выданні універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў, тлумачальных, перакладных і інш. слоўнікаў беларускай мовы.
Падрыхтавала і ў 1969—1975 выдала 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» — універсальны даведнік па ўсіх галінах ведаў, першую шматтомную энцыклапедыю ў гісторыі беларускага народа (Дзяржаўная прэмія БССР 1976)
Выдаюцца серыі:
У ліку аднатомных энцыклапедычных даведнікаў: