Party for Everybody (з англ. — «Вечарынка для ўсіх») — песня, з якой музычны калектыў «Буранаўскія бабулі» прадстаўляў Расію на конкурсе песні Еўрабачанне 2012 у Баку.
Песня стала пераможцам адборачнага тура 2012 года, які адбыўся 7 сакавіка 2012 года ў Маскве. Па выніках прапарцыйнага складання вынікаў глядацкага і судзейскага галасавання гурт атрымаў 38,51 бала, апярэдзіўшы свайго бліжэйшага суперніка — дуэт Дзімы Білана і Юліі Волкавай з іх песняй «Back to Her Future» — на 9,26 бала.
22 мая 2012 года песня паспяхова прайшла ў фінал конкурса песні Еўрабачанне 2012, заняўшы першае месца ў сваім паўфінале, а 26 мая па выніках галасавання ў фінале заняла другое месца.[1]
Словы песні на ўдмурцкай мове, па прызнанні ўдзельніц калектыву, напісала мастацкі кіраўнік «бабуль» Вольга Туктарова, тады як аўтарам англамоўнай часткі стала вядомая брытанская паэтка Мэры Сьюзэн Эплгейт, якая супрацоўнічала, у прыватнасці, з Modern Talking і Кайлі Міноўг[2]. «Я не буду нават называць імя аўтара, не вымаўлю, яна не руская», — падзялілася з карэспандэнтам «Камсамольскай праўды» мастацкі кіраўнік «Буранаўскіх бабуль» Вольга Туктарова. Музыку да «Party for Everybody» напісалі вядомыя кампазітары Віктар Дробыш і Цімафей Лявонцьеў. Характэрна, што ўдмурцкія і англійскія словы кампазіцыі пісаліся асобна: калі «Буранаўскія бабулі» прыехалі на студыю з напісаным імі тэкстам, англамоўны варыянт таксама быў ужо гатовы. Калі ўдзельніцам ансамблю перавялі яго словы, тыя, па сведчанні Туктаровай, выявілі іх дзіўнае супадзенне з тым, што прывезлі яны[3]:
Мы спяваем пра тое, што затапілі печку, замясілі цеста, заслалі абрус белы і чакаем сваіх дзяцей дадому. І кажам, што прыехалі дадому дзеці нашыя, будзем весяліцца і танцаваць. |
Вучыць англійскія словы, як вынікае з інтэрв’ю «Буранаўскіх бубуль», ім было зусім нескладана[3].
Меркаванні расійскіх музычных прадзюсараў і крытыкаў наконт шанцаў песні і калектыву ў цэлым на перамогу падзяліліся. Так, Артур Гаспарян паведаміў журналістам, што Еўропа можа ўспрыняць «Буранаўскіх бабуль» як «музычны атракцыён», з прычыны чаго іх «шанец на перамогу мінімальны», а Іосіф Прыгожын, нягледзячы на адсутнасць упэўненасці ў лідарстве «Буранаўскіх бабуль» на конкурсе, падкрэсліў іх арыгінальнасць і індывідуальнасць. Ігар Круты, насупраць, назваў удзельніц ансамблю «цудоўнымі» і сказаў, што «не здзівіцца, калі яны выйграюць і Еўрабачанне ў цэлым»[4][5]. Расійскі музычны крытык Гуру Кен, назваўшы гурт «феноменам», высока ацаніў шанцы «Буранаўскіх бабуль» на перамогу, паколькі яны «трапляюць адразу ў некалькі ўмоўных „фарматаў“ Еўрафэсту — і як відавочныя фрыкі, і як трэш-поп, і як народнікі», а таксама адзначыў сярод плюсаў неўласцівую для расійскай эстрады шчырасць[6]. Кацярына Гечмен-Вальдэк, прадзюсар Аляксея Вараб’ёва, які ўдзельнічаў у Еўрабачанні-2011, назвала выбар журы і гледачоў адзіна правільным, аднак ацэньваць шанцы гурта на перамогу не стала, спаслаўшыся на распаўсюджанае меркаванне аб палітычным значэнні конкурсу[7]. Рок-журналіст Арцемій Троіцкі, вядомы сваім прахалодным стаўленнем да конкурсу «Еўрабачанне», таксама станоўча адазваўся аб перамозе гурта. «„Буранаўскія бабулі“ — гэта выдатна!» — сказаў ён у інтэрв’ю Радыё «Свабода», але дадаўшы, што гэта «хутчэй, жэст адчаю, паколькі расійская папса настолькі жахлівая, настолькі беспрасветная і неканкурэнтаздольная, што, я думаю, і эксперты, якія галасавалі на гэтым нацыянальным фінале, і гледачы, правялі, так бы мовіць, галасаванне пратэсту, галасаванне супраць папсы, а не за этнічную музыку».[8] Станоўча адклікаліся пра перамогу «Буранаўскіх бабуль» многія расійскія артысты і грамадскія дзеячы, сярод іх спявачкі Ганна Седакова[9], Таня Цярошына[10], спевакі Валерый Меладзэ[11] і ўкраінскі спявак Іван Дорн[12], гурт «Марсель»[13], памочнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Аркадзь Дварковіч[14], тэлевядучая Вікторыя Лапырова[15], а таксама асноўныя канкурэнты гурта па адборачным туры — Цімаці, Дзіма Білан[7] і Юлія Волкава[16].
Чарт (2012) | Найвышэйшая пазіцыя |
---|---|
Ö3 Austria Top 75[17] | 38 |
Ultratop Flanders[18] | 37 |
Вялікабрытанія Official Charts Company[19] | 159 |
Media Control AG[20] | 44 |
Ірландыя (IRMA)[21] | 61 |
Расія (2M)[22] | 1 |
Расія (Tophit)[23] | 83 |
Sverigetopplistan[24] | 43 |