52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён (52 аспб) — воінская часць Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, створаная ў сакавіку 1995 года.
Воінская часць 28443 размяшчаецца ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласць)[1]. Задачамі 52-га батальёна ёсць: 1) пошук загінулых і зніклых без вестак у гады войнаў ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў; 2) узаеміны са службовымі асобамі мясцовых органаў улады і ваенных камісарыятаў у раёнах правядзення пошуку; 3) усталяванне зносін са службовымі асобамі архіваў і музеяў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзянамі дзеля выяўлення месцаў няўлічаных ваенных пахаванняў; 4) вызначэнне імёнаў загінулых ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў[2].
30 лістапада 1994 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 231 «Аб паляпшэнні працы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў у Рэспубліцы Беларусь», паводле 2-га пункту якога даручыў: «Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін… за кошт колькасці войскаў сфарміраваць спецыялізаванае воінскае фарміраванне (батальён да 200 чалавек) для правядзення пошукавай працы, звязанай з увекавечаннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, і арганізаваць яго дзейнасць»[3]. 16 студзеня 1995 года начальнік Галоўнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь падпісаў Дырэктыву № 5/03, паводле якой 1 сакавіка 1995 года быў створаны 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Першы пошукавы перыяд правялі з 23 сакавіка па 30 кастрычніка 1995 года. Да 2002 года 3 спецыялізаваныя пошукавыя роты 52-га батальёна размяшчаліся ў Гродне, Віцебску і Мінску. У 2002 годзе склад скарацілі да 2 рот. У 2003 годзе 52-і батальён размясцілі ў вёсцы Заслонава (Лепельскі раён, Віцебская вобласць)[4]. У 2004 годзе ў склад 52-га батальёна дадалі 2 рэкагнасцавальныя пошукавыя групы.
5 мая 2004 года міністр абароны Беларусі Леанід Мальцаў падпісаў Пастанову Мінабароны № 21 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку аказання платных паслуг ваеннымі часткамі па пошуку няўлічаных пахаванняў замежных ваенных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Паводле 17-га пункту Інструкцыі, прыбытак ад аказання платных паслуг выкарыстоўваецца: «40% — на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы воінскай часці; 30% — на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы кіраўніцтва ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных сіл; 30% — на матэрыяльнае заахвочванне і сацыяльную падтрымку ваенных і грамадзянскага персаналу воінскай часці і кіраўніцтва ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных сіл»[5]. 4 красавіка 2005 года міністр абароны Леанід Мальцаў падпісаў Загад Мінабароны № 12 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб асобнай спецыяльнай пошукавай ваеннай частцы», прызначэннем якой паводле 3-га пункту ёсць «пошук няўлічаных ваенных пахаванняў з мэтай увекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў». Паводле 6-га пункту Палажэння, «Пошукавая воінская часць складаецца з: кіраўніцтва; спецыялізаваных пошукавых рот (спецыялізаваныя пошукавыя ўзводы, узводу забеспячэння); рэкагнасцавальных пошукавых груп»[6]. У жніўні 2005 года 52-і пошукавы батальён знайшоў каля вёскі Селішча (Вілейскі раён, Мінская вобласць) рэшткі 224 французскіх салдат Напалеона (Вайна 1812 года). У лістападзе 2006 года рэшткі аднаго з іх пахавалі каля помніка Бакура на Брылёўскім полі (Барысаўскі раён, Мінская вобласць). У лістападзе 2007 года рэшткі астатніх 223 французскіх салдат перапахавалі на могілках вёскі Студзёнка (Барысаўскі раён)[7].
Улетку 2007 года 52-і пошукавы батальён правёў паўторныя раскопкі даваенных пахаванняў у Шчакатоўскім лесе (Гомельскі раён)[8]. У 1930-я гады атрады Народнага камісарыяту ўнутраных спраў БССР расстрэльвалі там асуджаных, ва ўрочышчы Тры Слупы і Баркі (Рэпрэсіі ў БССР)[9]. У 2010 годзе 52-і пошукавы батальён раскапаў і перадаў мясцовым органам улады для перапахавання рэшткі 1302 загінулых, устанавіў імёны 133 загінулых ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў, знайшоў 464 выбухованебяспечныя прадметы, 329 патронаў, 6 адзінак стралковай зброі, 4 узнагароды, 47 медальёнаў і 763 рэліквіі, абазначыў межы пахаванняў 213 загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Таксама 52-і батальён рэкагнасцаваў 53 будучых месцы пошуку і правёў палявы пошук на 71 няўлічаным ваенным пахаванні. Агулам пошук правялі ў 112 мясцінах ва ўсіх абласцях Беларусі і ў 2 мясцінах у Падляскім ваяводстве Польшчы. На Падляшшы знайшлі рэшткі 15 чырвонаармейцаў, загінулых у чэрвені 1941 года (Беластоцкая вобласць, Беларуская ССР). За 15 гадоў 52-і батальён правёў пошук у 1887 мясцінах у 109 са 118 раёнаў Беларусі, знайшоў і перадаў для перапахавання рэшткі 16 770 загінулых ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў. За гэты ж час вызначылі імёны 1878 загінулых падчас войнаў, знайшлі 266 медальёнаў і 39 узнагародаў, абясшкодзілі 3696 выбухованебяспечных прадметаў[10]. Пры пошуку выкарыстоўвалі металадэтэктары, спадарожнікавыя навігатары і лічбавыя фотакамеры[11].
На 2012 год, за 17 гадоў, 52-і спецыялізаваны пошукавы батальён у супрацы з мясцовымі ўладамі правёў пошук у 1907 мясцінах на землях 110 са 118 раёнаў Беларусі. Адмыслоўцы батальёну знайшлі і перадалі для перапахавання рэшткі 19 682 загінулых ваенных, абазначылі межы пахаванняў 312 973 загінулых, пацверджаныя архіўнымі звесткамі. У выніку палявых пошукаў удалося вярнуць імёны 2262 загінулых падчас войнаў і абясшкодзіць 4175 выбухованебяспечных прадметаў. У выніку архіўна-даследчай працы ўстанавілі 79 893 імені загінулых ваенных. На 2012 год на дзяржаўным уліку стаяла 7233 ваенныя пахаванні, што склала ўдвая больш за паказчык 2003 года[12]. У 2014 годзе 52-і пошукавы батальён правёў пошук у 127 мясцінах у 40 са 118 раёнаў усіх абласцей Беларусі, раскапаў і перадаў уладам для перапахавання рэшткі 3041 загінулага, вызначыў імёны 53 з іх. Таксама 52-і батальён выявіў 8 адзінак стралковай зброі 4859 патронаў, 542 выбухованебяспечныя прадметы і 2 узнагароды. За 20 гадоў 52-і пошукавы батальён абазначыў межы пахаванняў 313 025 асоб, выявіў рэшткі звыш 69 000 чалавек, правялі пошукі ў амаль 2000 мясцінах, абясшкодзілі звыш 5000 выбухованебяспечных прадметаў, выявілі 186 адзінак стралковай зброі, звыш 25 000 патронаў, 560 медальёнаў, 58 узнагародаў і звыш 13 500 рэліквіяў[2].
У 2015 годзк 52-пошукавы батальён правёў палявыя працы ў 119 мясцінах часоў абедзвюх сусветных войнаў і вайны 1812 года, перадаў у мясцовы органы ўлады для перапахавання рэшткі звыш 2000 чалавек[13]. У кастрычніку 2015 года 52-і пошукавы батальён правёў раскопкі ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле (Мазалаўскі сельсавет, Віцебскі раён), дзе знайшоў некалькі пластоў рэшткаў мужчын і жанчын, расстраляных у 1930-я гады[14]. У большасці раскапаных рэшткаў каля 200 чалавек былі адтуліны ад куляў у патылічнай і цемянной частках чарапоў. Іх перапахавалі ў брацкай магіле на станцыі «Лужасна»[15].
У канцы 2017 года 52-і асобны пошукавы батальён быў размешчаны ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласць)[16].