10-я Журавіцкая партызанская брыгада — партызанская брыгада, створаная ў сакавіку 1943 года на базе 256-га партызанскага атрада (арганізаваны ў снежні 1942 года). У жніўні 1943 года з брыгады вылучаны атрады для арганізацыі 1-й Буда-Кашалёўскай партызанскай брыгады. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Журавіцкага, Буда-Кашалёўскага, Кармянскага, Церахоўскага, Рагачоўскага, Жлобінскага, Чачэрскага раёнаў. Да 6 красавіка 1943 года брыгада ўваходзіла ў склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра, потым — партызанскага злучэння Гомельскай вобласці. 28 верасня, 2 кастрычніка (асноўная частка), у снежні 1943 года, 24 лютага і 27 чэрвеня 1944 года (асобныя групы), брыгада (2811 партызан, 8 атрадаў) паатрадна злучылася з Чырвонай Арміяй.
Партызаны наносілі ўдары на чыгуначным участку Гомель — Жлобін. У чэрвені — жніўні 1943 года правялі больш за 50 дыверсій па падрыву нямецкіх эшалонаў. У аперацыі «рэйкавая вайна» на ўчастку Салтанаўка — Шарыбаўка падарвалі каля 2 000 рэек. Разграмілі 11 нямецкіх апорных пунктаў, знішчылі 95 аўтамашын, 3 склады. Захапілі 27 кулямётаў, 239 вінтовак і інш. У лютым і красавіку 1943 года вялі баі з карнікамі. У кастрыніку 1943 года каля вёскі Лазоўшчына Кармянскага раёна выбілі немцаў з умацаваных пазіцый і злучыліся з Чырвонай Арміяй.