wd wp Пошук:

Яёй

Яёй (яп.: 弥生) — археалагічная культура позняга бронзавага веку — пачатку жалезнага веку на Японскіх астравах. Традыцыйна адносіцца да перыяду паміж III стагоддзем да н. э. і III стагоддзем н. э.. Некаторыя сучасныя даследчыкі мяркуюць, што зараджэнне Яёй можна датаваць пачаткам 1 тысячагоддзя да н. э.

Асаблівасці

Культура Яёй атрымала сваю назву ад наймення прадмесця Токіа, дзе ў 1884 г. былі знойдзены яе першыя артэфакты. Вылучэнне адбылося ў першую чаргу дзякуючы асаблівасцям керамікі, якая адрознівалася ад папярэдняй эпохі Дзёмон сваёй функцыянальнасцю, меньшым вонкавым аздабленнем. Сцены пасудзін былі тонкімі, нераствораныя камячкі гліны часам наносіліся на корпус, каб зрабіць яго меней сітаватым. Ужо першыя даследчыкі заўважылі падабенства керамікі Яёй са старажытнай керамікай Карэйскага паўвострава. Разам з гэтым, яны адзначалі яўны ўплыў вытворчай тэхналогіі Дзёмон.

У перыяд Яёй на Японскіх астравах узнікла земляробства, пачалося вырошчванне проса і рысу. Таму паселішчы набылі стацыянарны характар. Болей за тое, яны былі добра ўмацаванымі. Знутры паселішчаў знойдзены сховішчы. Відавочна, у іх трымалі збожжа. Стала вядома металургія, выраб бронзы і апрацоўка жалеза. Акрамя металічнай зброі, шырока ўжываліся цырыманіяльныя бронзавыя званы дотаку. Тагачасныя майстры ўмелі атрымоўваць шкло, выраблялі з яго люстэркі. Археолагамі высоўваецца думка, што грамадства Яёй было сацыяльна распластаваным.

Найстаражытнейшыя артэфакты культуры Яёй знойдзены на поўначы вострава Кюсю, адкуль яна была перанесена на суседні Хонсю. Пашырэнне Яёй супадае са з’яўленнем першай пісьмовай узгадкі пра Японію ў Кітаі ў 57 г. н. э. Кітайцы эпохі Хань называлі сваіх ўсходніх астраўных суседзей Ва. У 257 г. паведамлялі, што народ Ва сілкуецца сырой рыбай, гароднінай і рысам, якія падаюцца на бамбукавых і драўляных падносах. Краінай кіравала жрыца хіміко. Насельнікі Ва быццам бы лічылі сябе нашчадкамі выхадцаў з ніжняй плыні Янцзы.

Перыядызацыя

Традыцыйная перыядызацыя культуры Яёй заснавана на вывучэнні асаблівасцей керамікі. Прынята вылучаць:

У нашы дні вывучэнне штучных насыпаў, якія могуць з’яўляцца рэшткамі ірыгацыйных збудаванняў для абванення рысавых палеткаў, а таксама удасканаленае радыё-вугляроднае датаванне металічных артэфактаў, паказваюць, што культура Яёй значна старэйшая за III ст. да н. э. Яе пачатак можа быць аднесены да 900 г. да н. э.

Насельніцтва

Антрапалагічныя даследаванні чалавечых рэштак культур Дзёмон і Яёй паказалі істотныя адрозненні ў знешнім абліччы насельнікаў дзвюх эпох. Насельнікі Дзёмон мелі меньшы рост, даўжэйшыя перадплеччы і галёнкі, шырока расстаўленыя вочы, больш выяўлены рэльеф твару. Ужо першыя даследчыкі культуры Яёй высунулі гіпотэзу пра тое, што яе носьбіты мігрыравалі з Карэйскага паўвострава. Тым не меней, на працягу XX ст. абмяркоўваліся магчымасці трансфармацыі аблічча носьбітаў Дзёмон пад уплывам новых вытворчых заняткаў і змяшэння папярэдніх тубыльцаў з мігрантамі з кантыненту. У другой палове 1990-х гг. быў апублікаваны шэраг прац, які сцвярджаў, што матэрыяльная культура Яёй болей падобная на тагачасную культуру кітайскай правінцыі Цзянсу. Ускосна магчымую міграцыю з Кітая падцвярджае тое, што сарты японскага рысу паходзяць з вобласці Янцзы, а не з Карэі.

Доўгі час насельніцтва эпох Дзёмон і Яёй разглядалася ў якасці асноўных продкаў сучасных японцаў. У выніку генетычных даследаванняў было выяўлена, што японцы маюць толькі 13 % генетычнай спадчыны насельнікаў Дзёмон і 16 % генетычнай спадчыны насельнікаў Яёй. Найбольшы генетычны ўнёсак зрабілі прадстаўнікі трэцяй дагэтуль невядомай буйной міграцыйнай хвалі з Усходняй Азіі ў эпоху Кафун.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Жалезны век
Катэгорыя·Бронзавы век
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Археалогія ў Японіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Азіі