Ясяні́[1] (трансліт.: Jasiani, руск.: Ясени) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Чамярыскага сельсавета.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (20 сем’яў) пераселены ў чыстыя месцы.
Да 26 верасня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Дублінскага сельсавета[2]. Афіцыйна ліквідавана 20 жніўня 2008 года[3].
У 4 км на паўднёвы захад ад Брагіна, 28 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 134 км ад Гомеля.
Побач з вёскай ёсць радовішчы гліны і торфу.
Побач аўтадарога Камарын — Хойнікі.
Планоўка складаецца з прасталінейнай мерыдыянальнай вуліцы, да якой на поўначы далучаецца з усходу кароткая прасталінейная вуліца. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як сяліба Ясенеў, валоданне князя Вішнявецкага, а ў 2-й палове XVII стагоддзя — Каняцпольскіх. Пасля 2-га падзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1850 годзе ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. Паводле перапісу 1897 года размяшчаліся: школа граматы, вятрак, у Брагінскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Ясянёўскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акруг.
У 1931 годзе арганізаваны калгас «Ленінец», працавалі цагельня (з 1928 года), вятрак і гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 42 мясцовых жыхара. У памяць пра загінулых у 1970 годзе ў цэнтры вёскі ўсталяваны абеліск і скульптурная кампазіцыя (партызан з дзяўчынкай). У 1959 годзе была цэнтрам калгаса «Запаветы Леніна». Месцаваліся млын, механічная і швейная майстэрні, васьмігадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, крама.