Ян Лебенштэйн (польск.: Jan Lebenstein; 5 студзеня 1930, Брэст — 28 мая 1999, Кракаў) — польскі мастак.
Скончыў Акадэмію выяўленчага мастацтва ў Варшаве (1948—1954). У 1955 годзе браў удзел у калектыўнай антываеннай выставе. З 1956 года быў звязаны з незалежным Тэатрам на Тарчынскай, створаным паэтам, драматургам і акцёрам Міронам Бялашэўскім, тут адбылася яго першая персанальная выстава.
У 1959 годзе атрымаў Галоўную прэмію на Першым маладзёжным біенале ў Парыжы. Перасяліўся ў Францыю. Браў удзел у Дакуменце-II у Каселі (1959). Мастаком зацікавіліся музеі і галерысты. У 1964 годзе выстава Лебенштэйна адкрылася ў Музеі Пікаса (Анціб) і інш. Быў звязаны з парыжскім часопісам «Культура» і колам Ежы Гедройца. У 1971 годзе атрымаў французскае грамадзянства. У 1977 годзе адбылася экспазіцыя яго работ на радзіме.
У 1992 годзе, пасля працяглага перапынку, арганізавана вялікая рэтраспектыўная выстава мастака ў Варшаве.
Мастак гратэскавай візіянерскай манеры, якая перапрацоўвала спадчыну маньерызму і збольшага блізкая да сюррэалізму. Ілюстраваў кнігі М. Семп-Шажынскага, Юзафа Бакі, Джорджа Оруэла, Г. Херлінга-Грудзінскага, Аляксандра Вата, С. Баранчака, Кнігу Іова, Евангелле ад Марка і Апакаліпсіс у перакладах Чэслава Мілаша.
У 1998 годзе атрымаў з рук прэзідэнта А. Кваснеўскага Вялікі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы. Пра мастака зняты дакументальны фільм Jan Lebenstein — Dziennik samotnika (2000)[5].