wd wp Пошук:

Юзаф Зарэцкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Зарэцкі. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Заржэцкі. Юзаф Войцехавіч Зарэцкі, або Іосіф Альбертавіч Заржэцкі (руск.: Иосиф Альбертович Заржецкий; 1800, Скамарошкі[1], цяпер у складзе Гродна, або м. Івянец[2], цяпер Валожынскі раён, Мінская вобласць — 10 лютага 1869) — ваенны інжынер.

Біяграфія

Паходзіў са шляхецкага роду Заржэцкіх. Сын Войцеха Зарэцкага і невядомай з Крыдзеляў. Нарадзіўся ў Скамарошках (магчыма, у Скамарошках Гродзенскага раёна)[1].

Напэўна скончыў дваранскае вучылішча. Паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Вучыўся ва ўніверсітэце ў год, калі былі раскрыты таемныя таварыствы філаматаў і філарэтаў. У маі 1824 г., у часы следства, яго ўзяў на парукі сваяк Аляксандр Крыдзель, старшыня Лідскага гродскага суда. Юзаф Зарэцкі, гэтак жа як Ігнат Дамейка і яшчэ 14 студэнтам, а распараджэнні Навасільцава былі адпушчаны ў месцы іх ранейшага жыхарства. Юзаф Зарэцкі быў адпраўлены ў Лідскі павет у маёнтак Крыдзеля[1].

Скончыў у 1826 годзе фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, паступіў у Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін; адначасова быў залічаны кандуктарам у 4-ты вайскова-працоўны батальён. Праслухаўшы інстытуцкі курс паспяхова здаў іспыт і атрымаў годнасць прапаршчыка корпуса інжынераў шляхоў зносін, пасля чаго працягнуў навучанне ў афіцэрскіх класах. У 1828 г. здаў іспыт і атрымаў годнасць падпаручніка, у наступным годзе — паручніка і быў залічаны ў рэзерву. Здольнасці, працавітасць і поспехі Заржэцкага былі адзначаныя занясеннем яго прозвішча на мармуровую дошку ў канферэнц-зале Пецярбургскага інстытута інжынераў шляхоў зносін[1].

У 1829 г. паручнік І. Заржэцкі займаўся тапаграфічнай здымкай мясцовасці пад Ноўгарадам для вайсковых паселішчаў. Дырэктар Будаўнічага дэпартамента па марской частцы генерал-лейтэнант Л. Л. Карбаньер у 1830 г. запрасіў маладога інжынера займацца праектаваннем докаў для Кранштата. Заржэцкі пагадзіўся і быў пераведзены ў корпус інжынераў марской будаўнічай часці і прыкамандзіраваны да Кранштацкай інжынернай каманды. На працягу сарака гадоў ён займаўся будаўнічымі справамі па Марскім ведамстве[1].

Першыя 16 гадоў Іосіф Заржэцкі быў тэхнічным кіраўніком на будаўніцтве Мікалаеўскіх докаў у Кранштаце. Імператар Мікалай I вырашыў пабудаваць кранштацкія докі на месцы, якое не здужаў яго прапрадзед Пётр І. Будаўніцтва докаў ажыццяўлялася ў неверагодна цяжкіх умовах з-за сталага прытоку вады. Некаторыя падмуркі закладваліся на 12 м ніжэй ад узроўню вады. Тэхнічныя сродкі для пабудовы докаў заставаліся такімі ж, як і пры Пятры I: для адпампоўкі вады скарыстоўваліся палівачкі, драўляныя помпы і каўшы на ланцугах. Толькі ў 1835 г. з’явілася першая паравая васьмісільная машына з двума чыгуннымі помпамі. Але да таго часу найбольш складаныя работы былі завершаныя. У 1838 г. быў завершаны Карабельны док. За час будаўніцтва гэтага дока Іосіф Заржэцкі атрымаў чыны штабс-капітана (1834 г.) і капітана (1837 г.)[1].

У 1843—1850 гадах інжынер-палкоўнік Заржэцкі кіраваў будаўніцтвам асабіста спраектаванай 4-яруснай казематаванай артылерыйскай батарэі ва ўнутранай частцы паўбастыёна Купецкай гавані Кранштата[3]. Пасля завяршэння асноўных работ, паводле ўказа імператара Мікалая I, батарэя стала называцца батарэяй «Князь Меншыкаў». На сцяне батарэі была размешчана памятная дошка — «У часы кіравання Марскім Міністэрствам Адмірала Князя Меншыкава будаўніком быў інжынер-палкоўнік Заржэцкі, пры правядзенні работ знаходзіліся: інжынер-капітан Вільсан, інжынер-штабс-капітан Дамантовіч, інжынер-падпаручнік Шведэ».

У 1850 г. Зарэцкі аказаў садзейнічанне мастаку А. П. Багалюбаву, які ў сваіх «Запісках марака-мастака» пакінуў аб ім ўспамін[1]:

У той час жыў-быў у Кранштадце палкоўнік Зарэцкі — хвалёны будаўнік фартоў. Ён быў адукаваны інжынер, любіў мастацтва, часта са мной гутарыў аб маім жыцці наогул, і калі я … паказаў яму свой альбом, ён моцна мною зацікавіўся.

Заржэцкі пераканаў генерала Кохіуса ўзяць Багалюбава да сабе асабістым ад’ютантам[1]:

Прадставіўшы, сказаў, што з мяне будзе мастак, калі ён дасць мне волю займацца ў Акадэміі. «Дык ён зусім не фрунтовы», — адказваў генерал. «Ды які вам фрунтовы патрэбен, ён сумленны хлопец. Калі дасце яму якое-небудзь даручэнне, то ніколі вас не падмане. А фрунтавік навошта вам?»

У 1850—1863 гадах кіраваў будаўніцтвам распрацаванай па яго праекце «Мікалаеўскай батарэі» на форце «Кроншлот».

Па праекце Ю. Заржэцкага і пад яго кіраўніцтвам у 1856 годзе пабудавана першая ў Расіі марская астранамічная абсерваторыя ў двары Кранштацкага штурманскага вучылішча.

У 1856 годзе ўзведзены ў генерал-маёры, пераведзены ў Марское міністэрства. У 1864 годзе ўзведзены ў генерал-лейтэнанты.

Аўтар асноўнай ідэі праекта Марскога канала, які злучае востраў Котлін з вусцем Вялікай Нявы[4].

Памёр генерал-лейтэнант Іосіф Заржэцкі ў Санкт-Пецярбургу. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Лідзе з паўночнага боку капліцы Святой Барбары. На велізарнай надмагільнай гранітнай пліце выпуклы надпіс: IOZEF ZARZECKI SYN WOICIECHA HERBU WARNIA GENERAL LEITNANT KORPUSU INGYNIEROW. URODZIL SIE W SKOMOROCZKACH 19 GRUDNIA 1800 ROKU UMARL W PETERSBURGU 29 STYCZNIA 1869 ROKU. У сямейным магільным склепе, абгароджанай металічнай агароджай, таксама пахаваныя: сын Мікалай Іосіфавіч Зарэцкі (11.09.1843 — 12.01.1883); жонка сына Марыя Зарэцкая (1.03.1854 — 2.09.1933); унучка Ганна Мікалаеўна Зарэцкая (1881, Вільня — 1899, Парыж). З паўднёвага боку агароджы пахаваныя Войцах, Марыя і Ружа Зарэцкія — без дат, верагодна, маленькія дзеткі і Мая Крыдзель. У польскіх крыніцах паведамлялася, што побач з Юзафам Зарэцкім пахавана яго жонка Ганна Карлаўна Зарэцкая, народжаная фон Грэвенс (1.07.1807 — 1.11.1891), але яе надмагільны помнік адсутнічае[1].

Сям’я

У шлюбе з Ганнай Карлаўнай фон Грэвенс — дачкой капітана першага рангу Карла Ільіча фон Грэвенса. У сакавіку 1838 г. у іх нарадзілася дачка Ганна Яўгенія, а праз 5 гадоў сын Мікалай[1].

У 1862 г. дачка Ганна Яўгенія выйшла замуж за Фёдара Антонавіча Шванебаха — камандзіра грэнадзёрского сапёрнага батальёна, пасля генерал-маёра. Нарадзіліся ўнукі — Барыс (1863), Яўгенія (1864), Эмануіл (1866), Ганна (1869)[1].

Сваякі Іосіфа Зарэцкага ў Лідскім павеце валодалі маёнткамі Зарэчча і Чаплеўшчына, Крыдзелі валодалі маёнткам Пяцюлеўцы або Малюзін і фальваркам Талькаўшчына. Юзаф Зарэцкі у 1860-я гады набыў маёнткі Воранава і Жырмуны. Пасля яго смерці, смерці сына Мікалая і ўнучкі Ганны Мікалаеўны маёнткі ў 1899 г. перайшлі дачцы Ганне Іосіфаўне Шванебах. Яна склала тастамант, паводле якога маёнткі размеркавала паміж малодшым сынам Тодарам Шванебахам 1874 г.н. і непаўнагадовым унукам Барысам Шванебахам, сынам яе памерлага старэйшага сына Эмануіла. У 1920-х гадах па прычыне адсутнасці ўладальнікаў маёнткі перайшлі Польскай дзяржаве[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Генерал-лейтэнант Юзаф Зарэцкі (Іосіф Заржэцкі) (19.12.1800 — 29.01.1869)
  2. Заржэцкі Іосіф Альбертавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.
  3. Гавани Кронштадта (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2007. Праверана 15 снежня 2014.
  4. Редакция журнала. С.-Петербургский морской канал // Всемирная иллюстрация : журнал. — 1881. — Т. 26. — № 666. — С. 297—298.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Постаці Кранштата
Катэгорыя·Памерлі 20 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1869 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Інжынер-генерал-лейтэнанты (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 3 ступені
Катэгорыя·Пахаваныя ў Лідзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі 10 лютага
Катэгорыя·Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Архітэктары Расійскай імперыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гродзенскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1800 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Нарадзіліся 19 лютага
Катэгорыя·Выпускнікі Пецярбургскага ўніверсітэта шляхоў зносін
Катэгорыя·Архітэктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без партрэтаў
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без месца працы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гродзенскім павеце (Расійская імперыя)