wd wp Пошук:

Шумілінская раўніна

Шумілінская раўніна на карце

Шумілінская раўніна — фізіка-геаграфічны і геамарфалагічны раён Беларускага Паазер’я ў Віцебскай вобласці. Тыповыя марэнна-азёрныя ландшафты.

Геаграфія

Раўніна мяжуе з Гарадоцкім узвышшам на поўначы, Суражскай нізінай і Віцебскім узвышшам на ўсходзе, Лучоскай нізінай на паўднёвым усходзе, Ушацка-Лепельскім узвышшам і Полацкай нізінай на захадзе і паўночным захадзе, Чашніцкай раўнінай на паўднёвым захадзе.

Геалогія

У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да зоны сучлянення Вілейскага пахаванага выступа і Аршанскай упадзіны. Карысныя выкапні: гліны, будаўнічыя пяскі, торф.

Рэльеф

Шаша Р 20 у Шумілінскім раёне

Абсалютныя адзнакі паверхні ў асноўным 150—180 м. Сучасны рэльеф створаны паазерскім ледавіком. Асноўную тэрыторыю займае плоская і слабахвалістая марэнная раўніна з ваганнямі адносных вышынь 5-7 м, ускладненая лагчынамі, тэрмакарставымі западзінамі, азёрнымі катлавінамі, да якіх прымыкаюць камы і озавыя грады вышынёй 5-12 м, даўжынёй да 12 км.

Гідраграфія

Тэрыторыя дрэніруецца Заходняй Дзвіной. Найбуйнейшыя азёры Лосвіда, Саро, Ушацкая група азёр.

Глебы і расліннасць

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных суглінках, месцамі эрадзіраваныя. Па паніжэннях, лагчынах, катлавінах дзярнова-падзолістыя, радзей тарфяна-балотныя глебы. Сустракаюцца рэдкія для Паазер’я дзярнова-карбанатныя глебы. Сельскагаспадарчая асвоенасць 30—40 %, на поўдні і паўднёвым усходзе 40—50 %.

Лес у Шумілінскім раёне

Лясістасць 20—30 %. Дамінуюць невялікія масівы хваёвых, яловых, шэраальховых, бярозавых лясоў, на нізінных балотах — чарнаальховых. Лугі нізінныя дробнаасаковыя, сухадольныя разнатраўна-злакавыя. Балоты вярховыя і нізінныя.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Геаграфія Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Раўніны Беларусі