wd wp Пошук:

Чына клубняносная

Чына клубняносная, Земляныя арэхі[3] (Lathyrus tuberosus) — шматгадовая травяністая расліна роду Чына сямейства Бабовыя (Fabaceae).

Распаўсюджанне

Сустракаецца ў Еўропе, на Каўказе, у Сібіры, на Алтае, у Сярэдняй Азіі, на поўдні Далёкага Усхода, у Паўночна-Заходнім Кітаі.

Расце на стэпавых лугах, як пустазелле ў пасевах, па лясных узлесках і хмызняках, пераважна на чарназёмных глебах. Апафіт.

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі Яна Копса «Flora Batava», 1800—1934

Карэнішча тонкае, звычайна з патоўшчанымі верацянопадобнымі або амаль шарападобнымі каранямі.

Сцеблы 30-80 см даўжынёй, узыходзячыя, прасцёртыя, зачэпліваюцца з дапамогай ліставых вусікаў, рабрыстыя.

Лісточкі 2-4,5 см даўжынёй, 0,7—1,5 см шырынёй, даўгавата-эліптычныя, звычайна найбольш шырокія ў верхняй палове. Прылісткі паўстрэлападобныя, 0,5—2 см даўжынёй.

Гронкі друзлыя, 3-7-кветкавыя. Чашачка 5-6 мм даўжынёй; верхнія зубцы трохкутныя, ніжнія ланцэтныя, карацей трубкі або амаль роўныя ёй. Вяночак пурпурна-чырвоны, 15-20 мм даўжынёй. Завязь, пераважна ў ніжняй частцы, пакрыта дробнымі залозкамі.

Бабы 2,5—4 см даўжынёй, даўгавата-лінейныя, голыя.

Lathyrus tuberosus

Хімічны склад

Хімічны склад вывучаны недастаткова. Вядома, што ў траве ўтрымліваюцца бялкі, вітаміны і такаферол[4].

Практычнае выкарыстанне

Клубні велічынёй з лясны арэх ужываюцца ў ежу, у сырым выглядзе іх смак ялкавы і нагадвае радыску. На Каўказе іх чысцяць ад скарыначкі, вараць у салёнай вадзе і ўжываюць у ежу (па смаку яны нагадваюць каштаны або кампот)[5]. З маладога лісця робяць салаты.

Культывуюць як харчовую культуру ў Новай Зеландыі і Нідэрландах[6].

Вырошчваецца ў якасці дэкаратыўнай расліны. Можа быць выкарыстана як шматгадовы «Lathyrus odoratus».

Выкарыстанне ў медыцыне

Ужываецца ў народнай медыцыне Каўказа, Паволжа і Заходняй Сібіры. Адвар клубняў прымаюць пры дызентэрыі, калітах, дыярэі ― пры парушэнні перыстальтыкі органаў стрававання, адрыжцы, спазмах, неўрозах кішачніка. На Алтаі, акрамя таго ўжываецца ад «радзімчыка» (дзіцячыя радавыя траўмы), колючых галаўных боляў і супраць глістоў.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 72. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Никифоров Ю. В. Алтайские травы-целители. — Горно-Алтайск: Юч-Сумер – Белуха, 1992. (Праверана 10 лістапада 2009)
  5. Знаменский И. Е. IV. Растительное сырьё. В. 12 // Дикие съедобные растения : химико-технический справочник / Под ред. проф. В. Н. Любименко. — М.: Госхимтехиздат, 1932.
  6. Энциклопедия декоративных садовых растений: чина  (Праверана 10 лістапада 2009)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Чына
Катэгорыя·Лекавыя расліны
Катэгорыя·Расліны, апісаныя ў 1753 годзе
Катэгорыя·Флора Еўразіі
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дэкаратыўныя садовыя расліны