wd wp Пошук:

Чарацянка вяртлявая

Вяртлявая чарацянка, вяртлявая чаротаўка (Acrocephalus paludicola) — від птушак сямейства валасянкавых.

Апісанне

Дробная птушка. Даўжыня цела да 13 см, маса 11-12 г. Апярэнне спіны аліўкава-шэрае з цёмнымі плямамі і рыжым налётам, які ўзмацняецца да хваста. Надхвосце жаўтаватае з бурымі плямамі. Брушны бок рыжаваты, больш светлы на грудзях і горле. Добра прыкметныя жаўтавата-белыя палосы на галаве, ад іншых чарацянак адрозніваецца жаўтаватым адценнем апярэння і светлымі з падоўжнымі стракацінамі грудзямі.

Пашырэнне

Пералётны від. Сучасны арэал у значнай ступені фрагментаваны і распрасціраецца ў сярэдніх шыротах заходняй Палеарктыкі паміж 47° і 59° пн. ш. Гняздуецца ў Беларусі, Венгрыі, Германіі, Літве, Польшчы, Расіі і Украіне. Цэнтрам сучаснага арэала з’яўляецца Палеская нізіна.

Уласціва высокая выбіральнасць гнездавых біятопаў. У Беларусі сустракаецца на Палессі. Месцы пражывання: вялікія балоты, парослыя густой асакой, травяністыя тарфянікі, падобныя да лугавых застаялых балот, з асобнымі кустамі або курцінамі хмызняку, радзей зарастаючыя кар’еры торфараспрацовак, зарослыя сажалкі. Зараснікаў чароту і рагозу пазбягае.

Паштовая марка Беларусі

Паводле дадзеных 15-гадовага маніторынга АПБ, у Беларусі засяроджана 40 % сусветнай папуляцыі віду, ад 3100 да 5600 пяючых самцоў. 15 % нацыянальнай папуляцыі сканцэнтрыравана на балотах Званец, Спораўскае і Дзікое ў Брэсцкай вобласці[1].

Мігруе ў заходнім кірунку ўздоўж Балтыйскага ўзбярэжжа, па ўзбярэжжы Паўночнага мора і паварочвае ў паўднёвым кірунку ўздоўж Атлантычнага ўзбярэжжа Францыі. Асноўныя месцы зімовак знаходзяцца ў Заходняй Афрыцы на поўдзень ад пустыні Сахара.

Птушцы пагражае глабальнае знікненне. З 2018 года птушанят вяртлявай чаротаўкі перасяляюць з беларускага заказьніка «Званец» у літоўскі запаведнік «Жувінтас»[2].

Асаблівасці біялогіі

Корміцца насякомымі.

Прылятае ў канцы красавіка — пачатку траўня. Гнездавы перыяд пачынаецца з сярэдзіны траўня. Умела замаскіраванае гняздо размяшчае сярод асакі або каля асновы куста, густа парослага травяністай расліннасцю; звычайна над багнай або над вадой. Кладка з 5-6 яек памерамі 17,6 x 13,1 мм. Выхаваннем патомства займаецца толькі самка, пачынаючы ад будаўніцтва гнязда і заканчаючы кармленнем птушанят і подлеткаў. Самкі спарваюцца часта з некалькімі самцамі. Характэрна наяўнасць 2-х кладак на працягу сезону размнажэння. Гнёзды звычайна размешчаны на зямлі і зверху замаскіраваны старым лісцем асакі. На ўчастках з павышанай прадуктыўнасцю ўтвараюцца лакальныя групоўкі гнёзд. Наседжванне адбываецца 12-14 дзён. Птушанятны перыяд працяглы, складае 15-16 дзён.

Адлёт пачынаецца ў канцы ліпеня, цягнецца ўвесь жнівень і да першых дзён верасня.

Ахова

Від уключаны ў Чырвоны спіс МСАП, Чырвоную кнігу Беларусі.

Зноскі

  1. В Беларуси провели перепись «пернатых гетер» Архівавана 27 студзеня 2012. (руск.)
  2. svaboda.org

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы на марках
Катэгорыя·Уразлівыя віды
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Валасянкавыя
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL