Цьмяне́ц духмяны[3][4] (Chaerophyllum aromaticum) — від кветкавых раслін роду Цьмянец (Chaerophyllum) сямейства Парасонавыя (Umbelliferae).
Цьмянец духмяны, цьмянец дзікі, дзеньчаль[5][6].
Шматгадовая травяністая расліна з тоўстым карэнішчам і вышынёй да 2 м. Сцябло прамастойнае, моцнае, галінастае, злёгку ўздутае ў вузлах, апушанае цвёрдымі валаскамі ў ніжняй частцы. Лісце буйное, шэра-зялёнага колеру, двойчытрайчастае або амаль тройчытрайчастае, з суцэльнымі, зубчастымі па краі сегментамі. Ніжняе лісце на доўгіх чаранках, верхняе — з меншай пласцінкай, пераходзячай у похву. Кветкі белыя, у парасоніку з 12—20 прамянямі першага парадку. Тычынак 5. Плод — віслаплоднік.
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Еўропы, на Каўказе (Грузія) і ў Турцыі[7]. Святлолюбівая расліна, мезафіт і мезатроф[8]. Расце на сухіх і стэпавых лугах, па берагах вадаёмаў і ў прыбярэжных хмызняках, на ўзлесках, у алешніках, шыракалістых і зрэджаных хваёва-дубовых лясах, у ярах, на аблогах, пустках. Цвіце ў ліпені[3].
Ахоўваецца ў Эстоніі і шэрагу рэгіёнаў Расіі[9].
Лекавая расліна (настой карэнішча выкарыстоўваецца пры хваробах страўніка). Добры меданос. Маладыя парасткі магчыма выкарыстоўваць у ежу.