Асноўны артыкул: Тыграйскі канфлікт У лістападзе 2020 года ў рэгіёне Тыграй на поўначы Эфіопіі ўспыхнуў узброены канфлікт паміж мясцовай партыяй Народны фронт вызвалення Тыграя на чале з Дэбрэцыанам Гебрэмікаэлем і федэральным урадам прэм’ер-міністра Абія Ахмеда Алі. Напярэдадні вайны Дэбрэцыан правёў усеагульныя рэгіянальныя выбары ў Савет прадстаўнікоў Тыграя. Аднак яны не былі санкцыянаваны цэнтральным урадам, які адмяніў выбарчую кампанію ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Гэтыя падзеі сталі падставай да пачатку ваенных дзеянняў. У канфлікт у той ці іншай ступені былі ўцягнуты суседнія Эрытрэя, якая падтрымала цэнтральныя ўлады і ўварвалася ў Тыграй, і Судан, якога Эфіопія абвінавачвае ў супрацоўніцтве з НФВТ, што прывяло да ўзброеных сутыкненняў на мяжы дзвюх краін.