У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Уродніч. Уладзімір Васільевіч Уродніч (нар. 22 мая 1942, хутар Лучкі, каля вёскі Вялікія Арлы Столінскага раёна) — беларускі жывапісец.
У 16 гадоў паступіў ў Мінскае мастацкае вучылішча, дзе першыя яго настаўнікі А. Галоўчанка, А. Шаўчэнка навучылі юнака майстэрству малюнка, жывапісу, кампазіцыі.
У 1963 годзе з благаслаўлення народнага мастака Беларусі Паўла Васільевіча Масленікава Уладзімір Уродніч быў прыняты ў дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У сценах БДТМІ фарміраваўся не толькі рамеснік, а чалавек з шырокім светапоглядам, добрым густам, грамадзянскай пазіцыяй.
Уладзімір лічыць, што асваеннем традыцый беларускага станкавага жывапісу і ўдасканаленнем свайго каларыту, тэхнікі, майстэрства малюнка ён абавязаны педагогам I. Ахрэмчыку, Н. Воранаву, А. Казлоўскаму, якія заклалі маладому мастаку арыенціры творчага развіцця.
Пасля пятага курса інстытута ў 1971 ён быў запрошаны на працу ў Міністэрства культуры Беларусі, але творчую работу ў жыцці лічыў галоўнай. Вольны час праводзіў у напружанай рабоце ў майстэрні, выхадныя дні насычваліся пленэрам.
Значнае месца ў яго творчасці займае тэматычная карціна на героіка-патрыятычную тэму: «Дарогамі Перамогі» (1972), «Сынам нашым» (1978), «Думы аб былым» (1981), «Вышыня» (1985), «На хлебаробным полі» (1987), «Лістапад» (1995), «…і агні партызанскіх кастроў» (2000). Гэтыя палотны вылучаюцца кантрастным вырашэннем кампазііцыйнай структуры. У іх прасочваецца ўважлівае стаўленне да малюнка, што дапамагае жывапісцу канструяваць дэталь твора, як пераканаўчы элемент мастацкай праўды.
У жывых апаэтызаваных пейзажах роднай вёсачкі Уладзімір Уродніч карыстаецца светлай каляровай гамай. Пражыўшы большую частку жыцця ў горадзе, мастак застаўся ў душы хутаранінам, які ўсё ўспрымае праз акенца сваёй хаты, куды перыядычна ён вяртаецца не толькі фізічна, але і ў думках.
Дзіцячыя ўспаміны шырока адлюстраваны ў яго цыкле «Людзі Століншчыны». У карцінах: «Над ракой Вятліцай», «На берагах Гарыні», «Рытмы Прыпяці», «Дарога майго юнацтва», «У Лучках ідзе дождж», «Апошнія яблыкі бабкі Тэклі», «Тумановая раніца», «На Палессі гоман» і інш. адлюстраваны тыповыя сцэны сялянскага жыцця, быт якога ён добра ведае. На першае месца мастак выстаўляе чалавечую дзейнасць. Ім, сваім землякам, прысвяціў ён шэраг партрэтаў: «Акно мацярынскае», «Старшыня калгаса. Ляшук», «П. Амяльчук», «Вясёлка надзеі. М. Дрынеўскі», «Натхненне. Н. Загорская» і інш. Глыбокае спачуванне звычайным чалавечым перажыванням дапамагае мастаку пазбегнуць надуманасці. Характэрныя рысы стылю мала мяняюцца ў яго творчым жыцці. У 1990-я гады ён напісаў палотны на чарнобыльскую тэму: «Трывожны крык» (1990), «Пах бэзу» (1996), «У садзе» (2000). У апошнія гады Уладзімір Уродніч звяртаецца да гістарычнай спадчыны. Палотны «Калі я на пошце служыў ямшчыком» (1999) прысвяціў паэту Уладзіміру Сыракомлі, «Раніца Гарыні» — 900-годдзю Давыд-Гарадка. Яго вабяць дыялогі па ўсім спектры чалавечых узаемаадносін. Трагедыя, звязаная з лёсам кінарэжысёра А. Бубашкіна (зяць мастака), значна скарэкціравала накірунак творчасці жывапісца. Гэтаму здарэнню ён прысвяціў восем работ, у аснову якіх ляглі разважанні мастака аб ролі чалавечай асобы ў перыяд распаду пастулатаў маралі.
Уладзімір Уродніч лічыць, што мастацтва ў перыяд разбурэння грамадскіх і дзяржаўных асноў павінна заставацца на баку дабрыні, спагадлівасці і павагі да Чалавека. I ў пошуках адэкватнага адлюстравання гэтага ён гатовы і надалей ісці шляхам спасціжэння, сцвярджаючы перавагу дабрыні над злом.
1971—2002 на розных пасадах Міністэрства культуры;
1979—1980 першы сакратар праўлення Саюза мастакоў БССР;
2003—2010 дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў;
2003—2013 выкладчык спецдысцыплін «Жывапіс» і «Кампазіцыя» на кафедры жывапісу мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў;
З 2010 старшыня творчага аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў.