Троцкая харугва — (Харугва Троцкага ваяводства, польск.: Chorągiew trocka) — геральдычны сцяг паспалітага рушэння Троцкага ваяводства Вялікага княства Літоўскага.
Харугва ўяўляла сабой двухбаковае прамавугольнае палотнішча з блакітнай кітайкі трыццаці пяці локцяў даўжынёй з дзвюма касіцамі. На пярэднім баку адлюстроўваўся герб Вялікага княства Літоўскага[1][2] на чырвонай барочнай тарчы. Вакол тарчы, прамавугольнікам надпіс залатымі літарамі лацінай Sigismundus III Dei gratia rex Poloniae magnus dux Lithuaniae («Жыгімонт III Божай ласкай кароль Польскі і вялікі князь Літоўскі»); у правай частцы палотнішча жоўтая 8-пялёсткавая залатая разетка, у яе цэнтры на сінім полі залатымі літарамі надпіс па-польску «Trocka»[3].
У 1566 годзе вялікакняжацкі герб на харугве размяшчаўся на белым геральдычным шчыце[4].
Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў, ваяводствы былі і ваеннымі акругамі[5], якія фармавалі тэрытарыяльнае воінскае падраздзяленне — частку войска, «пры якой ёсць харугва (сцяг) або значок»[6].
Для яўнага адрознення ад каронных і пазначэння належнасці ваяводстваў да Вялікага княства Літоўскага, Статутам 1566 года было вызначана, што ўсе ваяводскія харугвы на пярэднім баку маюць выяву вялікакняжацкага герба «Пагоні»[7]. У 1564—1566 гадах усе ваяводствы атрымалі харугвы адзінага ўзору з дзяржаўнага скарбу. Вялікая харугва ваяводства ўяўляла сабой аднакаляровае прамавугольнае палотнішча ў «трыццаці і пяці локцяў» даўжынёй з дзвюма касіцамі[8].
Падобныя харугвы мелі ўсе паветы Троцкага ваяводства, толькі павятовыя харугвы былі з адной касіцай[9] і меншага памеру.
Характэрнай рысай было выяўленне павятовага або ваяводскага герба разам з надпісам пра тэрытарыяльную належнасць харугвы[10].
Па матывах харугвы і герба Троцкага ваяводства Арвідасам Кожнайлісам створаны сцяг Тракайскага раёна Літвы[11].
У фондах Нацыянальнага музея Літвы захоўваецца фрагмент Троцкай харугвы — цэнтральная частка без касіц, часоў рэчыпаспалітаўска-маскоўскай вайны 1609—1618 гадоў[12]. На думку беларускага даследчыка Андрэя Шулаева, гэтае палотнішча — харугва Троцкага павета[13].