wd wp Пошук:

Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх

Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх — сядзібна-паркавы комплекс на паўночнай ускраіне вёскі Дашкаўка Магілёўскага раёна, на высокай тэрасе Дняпра.

Сядзіба ў пачатку XX ст.

Парк закладзены ў другой палове XIX ст. у маёнтку Жукоўскага[1], цяперашні сядзібны дом пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы. Дом — помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі стылю мадэрн[2].

11 жніўня 1877 года ў сядзібе, якой тады валодалі Эдвард Жукоўскі[d], магілёўскі павятовы маршалак, і яго жонка Эмілія з Цеханавецкіх[d], спыняўся славуты мастак Напалеон Орда, які замаляваў яе.

Архітэктура

Парк

Парк і сядзібны дом на малюнку Напалеона Орды. 1877

Па асноўнай кампазіцыйнай восі, арыентаванай у кірунку ўсход — захад, ідзе цэнтральная ўязная алея, парадная частка парку з вялікім (дыяметрам 54 м) колам і сядзібны дом, пабудаваны на краю тэрасы. Сіметрычна дому, падкрэсліваючы вось перспектывы, размешчаны дзве кулісы з елкі звычайнай, пасаджаныя кветнікам дыяметрам 4 м. Вонкавая пара куліс прадстаўлена невялікімі групамі таполі белай[1].

Пярэдні план поймы Дняпра ўтваралі старыцы з перакінутымі праз пратокі дэкаратыўнымі масткамі і будынак вадзянога млына. Стромкі схіл тэрасы над поймай быў пакрыты дыванам газона з групамі кустоў і адзіночнымі дрэвамі. З гэтага боку парк практычна не мае граніц, ён зліваецца з маляўнічымі поймавымі далечынямі[1].

Пейзажная частка парку знаходзіцца з паўночнага боку ўязной алеі. На процілеглай тэрыторыі (паўднёвая частка сядзібы) быў вялікі пладовы сад. Цяпер тут размешчаны абласная станцыя хімізавання сельскай гаспадаркі і Магілёўская дзяржаўная сельскагаспадарчая доследная станцыя. Паркавыя насаджэнні выцягнуты ўздоўж уязной алеі. Дамінуючае становішча займае вадаём, у цэнтры якога знаходзіўся востраў (разбураны падчас чысткі сажалкі ў 1968 г.). Пераважнай пародай з’яўляецца бяроза. Яна расце ў выглядзе невялікіх светлых масіваў ці (часцей) утварае змяшаныя насаджэнні з асінай, дубам, клёнам рознага ўзросту і поўнасці. Асабліва дэкаратыўныя спелыя, ва ўзросце больш 100 гадоў, бярэзнікі з якасным разнатраўна-злакавым газонам без выражанага падлеску і маладняку. Экзоты ў парку нешматлікія. Захаваліся адзіночныя дрэвы конскага каштана, кусты спірэі, паркавых руж, іргі каласістай, рабінніку рабіналістага і інш. Усяго адзначана 34 найменні. Лісце асноўных парод сімвалічна захаваны ў дэкаратыўным ляпным фрызе ў гасцінай сядзібнага дому[1].

Помнік воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны

Парк захаваўся часткова. На паляне пастаўлены помнік воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Належыць эксперыментальнай базе «Дашкаўка»[1].

Сядзібны дом

Будынак асіметрычнай кампазіцыі. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём накрыты пакатым вальмавым дахам. На паўднёвым фасадзе пяцігранны эркер, завершаны паўшатром. Да ўсходняга тарца асноўнага аб’ёму прылягаюць невялікая аднапавярховая прыбудова з аднасхільным дахам і масіўны трох’ярусны вежападобны аб’ём[2]. Становішчам вежы вызначаўся добры агляд поймы Дняпра[1]. Паверхі аддзелены прафіляванымі цягамі. Рытм рознавялікіх прамавугольных аконных праёмаў адвольны, вызначаны ўнутранай структурай і памерамі памяшканняў. Частка паўднёнага фасада паміж эркерам і прыбудовай, якая адпавядае параднай зале ўнутры, рытмічна расчлянёна 3 арачнымі аконнымі праёмамі[2].

Фасад, звернуты да Дняпра

Унутраная планіроўка анфіладная. З уваходнага вестыбюля па 2-і паверх вядзе драўляная лесвіца. Парадная зала перакрыта люстраным скляпеннем з плафонам, аздобленым ляпнымі разеткамі. Па перыметры залы ідзе ляпны фрыз з раслінным арнаментам у выглядзе кветак, пладоў і лісцяў. Уваходныя праёмы завершаны трохвугольнымі сандрыкамі з ракавінамі ў тымпанах і ляпнымі картушамі з выявамі экзатычных звяроў[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 Шаблон:Крыніцы/Федарук. Садова-паркавае мастацтва Беларусі
  2. 1 2 3 4 Т. В. Габрусь 1565. Сядзібны дом // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Сядзібы Магілёўскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Збудаванні Беларусі ў стылі эклектыкі
Катэгорыя·Род Жукоўскіх
Катэгорыя·Дашкаўка (Магілёўскі раён)
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Збудаванні Беларусі ў стылі мадэрн
Катэгорыя·З’явіліся ў XX стагоддзі
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь