Смаляві́чы[2] (трансліт.: Smaliavičy, руск.: Смолевичи) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Смалявіцкага раёна. За 35 км на ўсход ад Мінска; чыгуначная станцыя на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогі злучаюць горад з Чэрвенем, Лагойскам, Смілавічамі. Насельніцтва складае 16 643 чал. (2017)[3].
Упершыню згадваюцца каля 1448 г. як валоданне Доргіевіча. З 1508 г. мястэчка ў Менскім ваяводстве ВКЛ, валоданне князёў Астрожскіх, затым Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гагенлоэ. Мястэчка моцна пацярпела падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) і Паўночнай вайны (1700—1721).
У 1793 годзе мястэчка адыйшло ў склад Расійскай імперыі, з 1795 года — цэнтр воласці Барысаўскага павета.
У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя дзейнічалі 2 фабрыкі (Смалявіцкія лесапільныя прадпрыемствы): лесапільная і дрэваапрацоўчая (1894—1914 гг.), лесапільная і мукамольная (1890—1910 гг.) і мануфактура (1895—1902 гг.)[4]. Выраблялі дошкі, шавецкія шпількі, муку і крупы. Мелі паравыя машыны і паравыя катлы. У 1899—1900 гадах працавала ад 40 чал. (на мануфактуры) да 68 чал. (на фабрыках).
У 1909—1915 гадах у Смалявічах дзейнічаў шклозавод «Вікторыя» па вырабу ліставога шкла і бутэлек[4]. У 1910 годзе на ім працавала 160, у 1913 годзе — 95 рабочых[4].
У пачатку XIX стагоддзя ў мястэчку змяшчаўся палац, які згарэў у 1819 годзе. У 1871 годзе каля Смалявічаў была пабудавана чыгуначная станцыя Вітгенштэйнаўская. У 1863 годзе — земскае народнае вучылішча, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, бровар, рамесныя майстэрні па вытворчасці вопраткі і абутку, кузні.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Смалявічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Смалявічы ўвайшлі ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 — у ЛітБел ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года пад акупацыяй Польшчы.
З 31 ліпеня 1920 года ў БССР. У 1924 годзе Смалявічы зрабіліся цэнтрам раёна, з 1938 года атрымалі статус гарадскога пасёлка. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты знішчылі тут 2 тыс. жыхароў, у створаным гета расстралялі каля 3 тыс. чалавек. З 1968 года гарадскі пасёлак атрымаў статус горада. У 1998 годзе Смалявічы атрымалі герб.
У 2008 годзе ў склад горада ўвайшлі вёскі Крыніца, Рабы Слуп, Уборкі [5].
Прадпрыемствы машынабудавання, будаўнічых матэрыялаў, харчовай, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініцы «Вясна» і «Прыазёрная».
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Смалявічаў
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Смалявічы
Геаграфічныя звесткі па тэме Смалявічы на OpenStreetMap