Слу́цкая акру́га — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Беларускай ССР, якая існавала з ліпеня 1924 года да 6 чэрвеня 1927 года і з 21 чэрвеня 1935 года па 20 лютага 1938 года. Адміністрацыйны цэнтр — горад Слуцк.
Слуцкая акруга была ўтворана 17 ліпеня 1924 года[1] і ўлучала 7 раёнаў: Грэскі, Капыльскі, Любанскі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі і Чырвонаслабодскі[2]. Была скасавана 6 чэрвеня 1927 года[3]. Яе тэрыторыя тым часам была раздзеленая паміж Бабруйскай і Мінскай акругамі.
Паводле перапісу 1926 года колькасць насельніцтва складала 309,4 тыс. чалавек, з іх ліку беларусаў — 90,0%, яўрэяў — 6,7%, рускіх — 1,4%, палякаў — 1,3%.
Зноў акруга была ўтворана 21 чэрвеня 1935 года ў якасці пагранічнай акругі (якія ў тыя часы ствараліся ўздоўж заходняй граніцы СССР). Акруга ўлучала 6 раёнаў: Грэскі, Капыльскі, Любанскі, Слуцкі, Старобінскі і Чырвонаслабодскі.
Была скасавана 20 лютага 1938 года ў сувязі з увядзеннем абласнога падзелу ў саюзных рэспубліках СССР.