wd wp Пошук:

Слонімскі тэатр Агінскага

Будынак тэатра Агінскага.

Слонімскі тэатр Агінскага — прыдворная тэатральная трупа гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага ў г. Слонім.

Гісторыя

Заснаваны да 1771 года, спыніў дзейнасць пасля 1791 года.

Трупа

У тэатры працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа падрыхтавана ў слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала слонімская капэла Агінскага. У 17701780-я гг. пры тэатры існавала музычная школа.

У слонімскім тэатры працавала 138 чалавек, толькі ў аркестры было 53 музыканты. Творы выконваліся спевакамі з Італіі, Германіі, Польшчы. Артыстаў для хору рыхтавалі ў Слонімскай музычнай школе, танцораў і балерын — у «Дэпартаменце балетных дзяцей», так называлася балетная школа. З 8 дзяцей у 1777 годзе, яна ў 1785 годзе павялічылася да 18. Спачатку сярод іх переважалі дзеці прыдворных музыкантаў, потым прыгонных сялян. Кіравалі балетам балетмайстар і кампазітар Ф. Марыні і вядомы польскі балетмайстар Ф. Шлянцоўскі. У чэрвені 1792 года балетная група цалкам пераведзена ў Целяханы[1][2].

Рэпертуар

Рэпертуар тэатра складаўся з балетаў, у т. л. «Каралеўскі балет», «Балет млынароў», «Дзікі балет» і «Дэзерцір» (апошнія два паказаны ў 17901791 гг. на гастролях у г. Дубне, Украіна), опер італьянскіх кампазітараў Дж. Паізіела, Э. Дуні(руск.) бел., А. Грэтры, П. А. Мансіньі(руск.) бел., Н. Іамелі(руск.) бел., А. Сакіні, П. А. Гульельмі(руск.) бел., К. В. Глюка, Дж. Таэскі («Тэлемах», 1780) і інш., а таксама Агінскага («Зменены філосаф», 1771; «Енісейскія палі», 1788); трагедый Вальтэра («Альзіра», 1780, 1783 і «Марціна», 1786) і інш.

На спектаклі з’язджаліся гледачы з усёй акругі, а стараннямі князя Агінскага, вядомага кампазітара, музыканта і паэта, знакамітыя оперныя спектаклі пасля прэм’ер у Вене ці Парыжы ставілі ў Слоніме. Тэатр выязджаў на гастролі у Варшаву, а маёнтак Агінскага па праве называлі «Сядзібай муз».

Музыканты і музычны збор

Паводле «Інвентара інструментаў і музычных папер» (складзены ў 1801, пракаменціраваны А. Цеханавецкім) збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах тэатра Агінскага, уключае 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 інш. музычных твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка «мэтра ігры на клавікордзе» Д. Грабенбаўэра, Г. Давіа, П. Драздоўская, Лісевічаўна, Канапкоўна, Сінтнер, Герман, Пленц, Марцінкевічаўна, Шуцкая, Міхайлоўская, Цэльнер; салісты Янскі і М. Лазарыні.

Афарміцельская частка

Дэкарацыі для тэатра стваралі Мараіна і тэатральны машыніст Жан Баі (у дакументах праходзіў пал імем Ян Бой). Сярод іншых мастакоў тэатра: К. Атасельскі, Штроўбл (працаваў да 1777), І. Рэгер (1776—78), Ян Рустэм (17881790), А. С. Дамброўскі і прыгонныя майстры-дэкаратары Міхал, Мікалай, Янак.

Філіялы

Філіялы тэатра працавалі ў Седльцах (Польшча) і Целяханах (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). У 1771 функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канале.

У 1788 годзе ў парку, на беразе канала Агінскага, па праекце італьянскага архітэктара Іначэнца Мараіна было ўзведзена тварэнне стылю барока — «Опергаўз» (Дом оперы), разбураны пасля 1804), двухпавярховы будынак з глядзельнай залай амаль на тысячу чалавек і двух’яруснымі ложамі, які меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой і канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і 2 фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры тэатры быў спецыяльны піратэхнік — «майстар па феерверках» Ц. Г. Ваксмунт).

Зноскі

  1. Саламаха А. А. Слонімская балетная школа // Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1985. — Т. 5. — С. 57—58.
  2. Чыгрын С. М. Тэатр у Слоніме: гісторыка-краязнаўчыя і мастацтвазнаўчыя артыкулы. — Слонім: Слонімская тыпаграфія, 2008. — 97 с.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Культура Слоніма
Катэгорыя·З’явіліся ў XVIII стагоддзі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Тэатры Беларусі
Катэгорыя·Гісторыя Слоніма
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Агінскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак