.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw{display:inline-block}.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a::first-letter,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw::first-letter{text-transform:capitalize}
Рышы Сунак (англ.: Rishi Sunak; нар. 12 мая 1980, Саўтгемптан, Хэмпшыр, Вялікабрытанія) — брытанскі дзяржаўны дзеяч індыйскага паходжання. 79-ы Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі з 25 кастрычніка 2022 года, кіраўнік Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі з 24 кастрычніка 2022 года. Галоўны сакратар казначэйства (2019—2020), канцлер казначэйства (2020—2022).
Першы ў брытанскай гісторыі прэм’ер-міністр індыйскага паходжання[8].
Рышы Сунак нарадзіўся 12 мая 1980 года ў Саўтгемптане, у сям’і ўрача агульнай практыкі ў дзяржаўнай сістэме аховы здароўя Яшвіра Сунака і фармацэўта Ушы Сунак. Бацькі Сунака, панджабскія індусы, імігравалі ў Брытанію з Усходняй Афрыкі, куды ў сваю чаргу іх бацькі перасяліліся ў каланіяльныя часы з Індыі[9].
Сярэднюю адукацыю атрымаў у прэстыжнай прыватнай школе — Вінчэстэрскіі каледжы[10]. У 2001 годзе скончыў Лінкальн-каледж Оксфардскага універсітэта, дзе вывучаў філасофію, палітыку і эканоміку[11]. У 2001—2004 гадах працаваў у Goldman Sachs, затым атрымаў ступень магістра дзелавога адміністравання ў Стэнфардскім універсітэце. Вярнуўся ў Сіці і працаваў у хедж-фондзе TCI[en]. Заснаваў глабальную інвестыцыйную кампанію з абаротам у 1 млрд даляраў, якая спецыялізавалася на падтрымцы малога бізнесу ў Вялікабрытаніі[12][13].
У 2015 годзе перамог на парламенцкіх выбарах у акрузе Рычманд (Ёркс) з вынікам 51,4 %, пагоршыўшы на 11 % аналагічны паказчык кансерватараў на выбарах 2010 года. Тым не менш, перамога апынулася пераканаўчай: наймацнейшы з сапернікаў, кандыдат ад Партыі незалежнасці Мэцью Кук заручыўся падтрымкай усяго толькі 15,2 % выбаршчыкаў. У 2017 годзе Сунак атрымаў ужо 63,9 % галасоў, а лейбарыст Дэн Пэры — 23,4 %[14].
9 студзеня 2018 года прэм’ер-міністр Тэрэза Мэй арганізавала масавыя кадравыя перастаноўкі малодшых міністраў, у выніку якіх Рышы Сунак упершыню быў прыцягнуты да працы ва ўрадзе, на пасадзе парламенцкага памочніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, суполак і мясцовага самакіравання[15].
24 ліпеня 2019 года прызначаны галоўным сакратаром казначэйства пры фарміраванні урада Борыса Джонсана[16], атрымаўшы права ў выпадку неабходнасці ўдзельнічаць у паседжаннях Кабінета.
12 снежня 2019 года атрымаў у сваёй акрузе перамогу з вынікам 63,6 % не пакінуў ніводнага шанцу наймацнейшаму з супернікаў, лейбарысту Томасу Кірквуду (16,4 %)[17].
13 лютага 2020 года перамешчаны ў другім кабінеце Джонсана на пасаду канцлера казначэйства пасля адстаўкі Саджыда Джавіда[18].
У 2020 годзе падчас распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі COVID-19 забяспечваў меры фінансавай дапамогі ўладальнікам закрытых рэстаранаў і дамогся пераносу зацверджання бюджэту на больш позні тэрмін. Будучы прыхільнікам выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза, усё ж уступіў у канфрантацыю з Борысам Джонсанам па пытанні заключэння пагаднення з ЕС аб умовах далейшага эканамічнага ўзаемадзеяння (у адрозненне ад прэм’ер-міністра, гатовага ў выпадку неабходнасці да поўнай адмовы ад здзелкі, Сунак лічыў неабходным падпісанне дамоўленасці да 15 кастрычніка 2020 года)[19].
5 ліпеня 2022 года падаў у адстаўку, адзначыўшы: «Было вялізным гонарам выконваць гэтую ролю, але я шкадую, што больш не магу працягваць рабіць гэта з чыстым сумленнем»[20].
13 ліпеня 2022 года адбыўся першы тур выбараў партыйнага лідэра, арганізаваных пасля аб’явы аб адстаўцы Борыса Джонсана. На дадзеным этапе за кандыдатаў галасавалі парламентарыі-кансерватары, і прэтэндэнты, якія засталіся на апошнім месцы або набралі менш за 30 галасоў, выбывалі з далейшай барацьбы. Рышы Сунак заручыўся падтрымкай 88 дэпутатаў і стаў трыумфатарам галасавання. На другім месцы з 67 галасамі засталася Пені Мардонт, на трэцім — Ліз Трас (за яе кандыдатуру выступілі 50 дэпутатаў)[21].
14 ліпеня 2022 года па выніках другога тура першыя тры месцы размеркаваліся ў тым жа парадку, але цяпер Сунак набраў 101 голас, Мардонт — 83 і Трас — 64[22].
20 ліпеня 2022 года ў апошнім туры галасавання парламентарыяў Сунак атрымаў 135 галасоў і разам з Ліз трас (113 галасоў) прайшоў у фінальны этап — галасаванне радавых членаў партыі[23].
5 верасня стала вядома, што новым лідэрам Кансерватыўнай партыі абраная Ліз Трас, якая набрала 57,4 % галасоў[24][25][26][27].
20 кастрычніка 2022 года Ліз Трас падала ў адстаўку з пасады прэм’ер-міністра[28]. У сувязі з гэтым на канец кастрычніка былі прызначаныя выбары новага лідара Кансерватыўнай партыі, і, адпаведна, прэм’ер-міністра[29]. Рышы Сунак зноў разглядаўся як фаварыт гонкі, яго шанцы стаць лідарам партыі і прэм’ер-міністрам ацэньваліся як 50 %[28][29].
24 кастрычніка 2022 года стаў новым лідарам Кансерватыўнай партыі, апынуўшыся адзіным кандыдатам пасля адмовы Борыса Джонсана і Пені Мардонт ад удзелу ў выбарах[30].
25 кастрычніка 2022 года Рышы Сунак сустрэўся ў Букінгемскім палацы з каралём Карлам III, які прызначыў яго прэм’ер-міністрам і даручыў яму сфармаваць урад[31]. Рышы Сунак стаў самым маладым прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі за 210 гадоў[32]. Першы візіт на пасадзе кіраўніка брытанскага ўрада зрабіў ва Украіну, дзе сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім.
Рышы Сунак жанаты на дачцэ сузаснавальніка кампаніі Infosys Нараяны Мурці Акшатэ[33].
У маі 2022 года Сунак стаў першым палітыкам першага шэрагу, якія трапілі ў складзены газетай «The Sunday Times» спіс найбагацейшых людзей Вялікабрытаніі (яго агульны з жонкай капітал ацэнены ў 730 млн фунтаў стэрлінгаў, што забяспечыла ім 222-е месца ў рэйтынгу)[34].