Паслён чорны[3] (Solánum nígrum) — расліна сямейства Паслёнавых, від роду Паслён (Solanum), якое паходзіць з Еўразіі і інтрадукавана ў Амерыку і Аўстралію.
Паслён чорны, гузічнік, залоцнік, ліснік, лістнік[4], плісклён[3], ягады воўчыя, якады сабачыя, ягады свіныя[5][6], гліснік[7].
Куст з прамым сцяблом вышынёй 10-120 см.
Лісце простае, без прылісткаў, чарговае, чарашковае, яйкападобнае або падоўжана-яйкападобнае завостранае, цэльнакрайняе або выемкава-зубчастае, 11-13 см даўжынёй і 6-8,5 см шырынёй.
Кветкі белыя зоркападобныя, сабраны па тры — восем у бакавыя паўпарасонікі. Тычынак пяць, песцік адзін, пялёсткаў пяць (зрослых), калякветнік двайны. Вяночак 6-7 мм у папярочніку, колападобны, з яйкападобна-ланцэтнымі долямі. Цвіце з другой паловы лета да глыбокай восені.
Плод — шарападобная чорная ягада памерам 8-10 мм, якая спее ў жніўні — кастрычніку.
Манакарпік.
У Расіі распаўсюджаны ў еўрапейскай часткі (акрамя тайговай і тундравай зон), на Каўказе, на поўдні Сібіры.
Расце на сметніках, каля жылля.
Трава і няспелыя плады паслёну чорнага ўтрымліваюць атрутны алкалоід саланін, які прысутнічае ў форме глікаалкалоіду саланіну.
Парасткі і плады ўтрымліваюць сапаніны, дубільныя рэчывы. Асабліва шмат дубільных рэчываў у каранях (да 6 %).
У некаторых краінах, асабліва ў Індыі і Эфіопіі, а таксама ў Расіі спелыя ягады паслёну чорнага ўжываюцца ў ежу.
Саспелыя плады ядуць сырымі, робяць начынкі для пірагоў, вараць варэнне, павідла і кісялі.
У маладым лісці ўтрыманне алкалоідаў нязначнае, на Каўказе іх ужываюць замест шпінату.
У народнай медыцыне ўжываецца як адхарквальны, мачагонны сродак і як сродак ад рэўматызму.
Ягадамі па розных пратравах афарбоўваюць тканіны ў карычневы, шэры, блакітны і сіні колеры.