Падвей[3] (Eriophorum) — род шматгадовых травяністых раслін сямейства асаковыя.
Вышыня да 1 м. Расліны ўтвараюць купінкі. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, у каласках; калякветнік з ніткападобных валаскоў, якія разрастаюцца ў пухоўкі пры пладах — арэшках.
Вядома каля 20 відаў, пашыраных у халодным і ўмераным паясах Паўночнага паўшар’я. На тэрыторыі Беларусі падвей похвенны (Eriophorum vaginatum), падвей шматкаласковы (Eriophorum polystachion), падвей шыракалісты (Eriophorum latifolium) і інш. растуць на балотах, забалочаных лугах, у балотных лясах; цвітуць у чэрвені.
Падвей похвенны (Eriophorum vaginatum) — торфаўтваральнік, падвей шыракалісты (Eriophorum latifolium) — лекавая расліна.