Паго́ст Загаро́дскі[2] (трансліт.: Pahost Zaharodski, руск.: Погост Загородский) — вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці, на паўднёва-ўсходнім беразе вадасховішча Пагост. Уваходзіць у склад Загародскага сельсавета.
Выяўленыя археолагамі 7 стаянак вакол возера сведчаць пра засяленне гэтай мясцовасці ў глыбокай старжытнасці. Першы пісьмовы ўспамін пра Пагост-Загародскі датуецца 1528 г., калі вялікая княгіня Бона Сфорца пацверділа старыя правы тутэйшай шляхце. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. У 1577 г. паселішча перайшло да С. Марціновіча.
У першай палове XVII ст. Пагост-Загародскі атрымаў статус мястэчка. У сярэдзіне XVII ст. ім валодалі Стацкевічы і Нелюбовічы. У Пагосце-Загародскім праводзіліся рэгулярныя кірмашы, на якіх карысталася попытам мясцовая кераміка (чорны глянцавы посуд). У 1679 г. тут збудавалі касцёл Святога Юзафа. У XVIII ст. мястэчка перайшло ў валоданне князёў Друцкіх-Любецкіх і належала ім да 1939 г.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пагост-Загародскі апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Пінскім павеце Гродзенскай губерні. Станам на 1859 г. у мястэчку было 46 двароў[3]. Пасля задушэння Студзеньскага паўстання (1863—1864) расійскія ўлады ліквідавалі тутэйшую каталіцкую парафію.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Пагост-Загародскі апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пінскага павета Палескага ваяводства.
У 1939 годзе Пагост-Загародскі ўвайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.
Група стаянак нёманскай культуры[5]. Знойдзены рэшткі жытла і вогнішчаў, крамянёвыя наканечнікі стрэл, скрабкі, сярпы, фрагменты глінянага посуду і інш. Адна са стаянак адносіцца да эпохі мезаліту[5]. Яна была засыпана ў выніку будаўніцтва дамбы ў 1978 годзе[5].
У вёсцы пахаваны беларускі праваслаўны святар і мовазнаўца Платон Максімавіч Ціхановіч (1838—1922).