Паго́ннае[1] (трансліт.: Pahonnaje, руск.: Погонное) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.
Найранейшую згадку пра паселішча ўтрымлівае памятны запіс 1526 года ігумена Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «купилъ есми у Марка [папраўдзе: Макара] Орменина Киевского две службе, у-въ Оревицкой волости[upper-alpha 1] Лысковщину а Погоны[upper-alpha 2], дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошеи серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошеи и сорокъ копъ грошеи Литовское личбы». У пацвярджальнай грамаце манастыру караля Жыгімонта Старога, датаванай 30 снежня 1543 года, сказана: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти, у Воревичохъ, на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей за сто копъ грошеи Литовское монеты у толмача нашого Макара Орменина…». Ігумену і чарняцам спатрэбіўся адмысловы каралеўскі ліст, бо хутка пасля набыцця прывілей на ўладанне і прадажныя лісты ваявода кіеўскі Андрэй Неміровіч «до скарбу своего взялъ», а прызначаны пазней ігумен Падапрысвет «мешкавши съ полгода у манастыри, и утекъ прочь, и великие шкоды церкви Божьи починилъ, и тыи листы зъ собою побралъ, або ихъ неведомо где поделъ». Дзякуючы сведчанню спраўцы ваяводства Кіеўскага Андрэя Сангушкавіча і кіеўскіх зямян, неаднаразова бачыўшых арыгіналы дакументаў, кароль пацвердзіў манастыру яго права на валоданне службамі Лыскаўшчынай і Пагоннай[2].
Аднак, 10 жніўня 1544 года ваявода кіеўскі князь Януш Гальшанскі вымушаны быў асобным дэкрэтам пацведзіць выключнае права ігумена Філарэта і чарняцоў на валоданне згаданымі службамі. Зяць талмача Макара Івашкавіча дзясятнік роты кіеўскай Лаўрын, адмаўляючы продаж цесцем-нябожчыкам Лыскаўшчыны і Пагоннага манастыру, «моцно кгвалтом побрал» з іх даніну мядовую на ўласны пажытак. Сцвярджаў, нібы мае права рабіць тое і надалей. Але ваявода, сабраўшы аргументы бакоў, «дали были есмо то на вырок всих их листи панов рад гспдрских Великого князства Литовского». Паны радныя «игумена михайловского Филарета правост знашли, а Лаврина винного и тое имене, вышей реченное, к манастыру Свтго Михайла Золотоверхого вечне держати присудили»[3].
Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Пагоннае з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[4].
4 чэрвеня 1570 года каралём Жыгімонтам Аўгустам выдадзена чарговая пацвярджальная грамата Міхайлаўскаму манастыру: «…ижъ две службы людей на Припяти у въ Оревичахъ на имя Лысковщину и Погонную, то есть вышеймененое селищо и землицу[upper-alpha 3] у волости Сороцкой игуменъ святого Михаила Золотоверхого, небожчикъ Макарей, купилъ…»[6].
На 1628 год Ліскоўшчына (Liszkowsczyzna) і Пагоннае (Pohorne) манастыра Святога Міхаіла Залатаверхага ў асобе яго дазорцы і ігумена, мітрапаліта кіеўскага і ўсёй Русі Іова Барэцкага, як і раней, мелі па 2 дымы, з якіх выплачвалася па 3 злотыя[7]. 29 лістапада 1646 года кароль Уладзіслаў Ваза на вальным сойме пацвердзіў манастыру граматы Жыгімонта Старога 1516 і 1543 гадоў, адпаведна на «sieliszcze Łynkowszczyznę i ziemicę Nagonną» і «dwie służby ludzi… na imie Łyńkowszczyżnę i Pohonną»[8]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 5 дымоў вёскі Пагоннае (Podhonne) манастыра Святога Міхаіла ў Кіеве мусіла выплачвацца 3 злотых [9]. 12 сакавіка 1685 год кароль Ян Сабескі сваім прывілеем забараніў усім войскам спыняцца на пастой у добрах духоўных, сярод якіх «Моłoczki, Pohonoie, Łyski… w wojewodztwie Kijowskim, powiecie Owruckim, za rzeką Prypiecią pod Brahyniem leżące[upper-alpha 4]»[10]. Згадана Пагоннае ў рэестры рэвізіі 1686 года палескіх вёсак, прыналежных Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячорскай архімандрыі пры прыняцці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[11]. 30 сакавіка 1688 года кароль Ян выдаў прывілей, паводле якога вёскі Малочкі, Рудка і Пагоннае, раней прыналежныя Міхайлаўскаму манастыру, аддаваліся «на вечныя часы» (пры ўмове нясення вайсковай службы) шляхцічу Стэфану Крыніцкаму. Згодна з умовамі «вечнага міру» (1686) паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, левабярэжная Украіна і Кіеў заставаліся за апошняй, і Крыніцы, дзедзічны маёнтак С. Крыніцкага, дасталіся Міхайлаўскаму манастыру. Манарх і кампенсаваў шляхцічу яго страту падараваннем былых манастырскіх вёсак[12]. Але папярэднія пасэсары епіскап львоўскі Іосіф Шумлянскі і брат яго Самуіл Шумлянскі, чашнік падольскі, не спяшаліся ад іх адступацца. Таму, калі Ст. Крыніцкі з панамі шляхтай Аляксандрам Казінскім, Янам Грыўскім і чэлядзю 12 чэрвеня заехалі ў падараваныя каралём вёскі[upper-alpha 5] і па-гаспадарску ў тых сялян, якіх не разагналі адразу, забралі збожжа, спустошылі борці, даніну і чынш, належныя епіскапу прыўласнілі, староста Беласароцкай воласці Ян Пэнскі 19 жніўня 1688 года, ад імя епіскапа і чашніка Шумлянскіх, падаў скаргу ў Оўруцкі гродскі суд[13].
11 чэрвеня 1706 года оўруцкі гродскі рэгент Даніэль Ляўкоўскі падаў скаргу ў суд на кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага. Апошні, трымаючы ў пасэсіі Шэпеліцкі маёнтак, у складзе якога былі і Пагоннае з Малочкамі і Дронькамі, аддаў яго Ляўкоўскаму ў трохгадовую (ад свята нараджэння Яна Хрысціцеля 1705 г.) арэнду за немалую суму – 4047 злотых у талерах бітых і ў чырвоных злотых. Але надалей сам Манецкі, яго слугі і чэлядзь, таксама і сужэнцы Пясецкія ўсяляк перашкаджалі Ляўкоўскаму атрымліваць з той арэнднай пасэсіі належныя прыбыткі. А яшчэ і палкоўнікі Стэфан Трашчынскі і Герцык, сотнік Дайнэка з сваімі казакамі, ідучы з-за Дняпра да Літвы, вялікія шкоды пачынілі ў добрах падаўца скаргі[14]. 16 днём чэрвеня 1707 года датаваная скарга падчашага Крыштафа Манецкага на кіраўніка маёнткаў брэсцкага харунжага князя Дамініка Шуйскага Зыгмунта Шукшту за збіццё ім разам з сялянамі князя сялян падаўца скаргі, рабаўніцтва іх маёмасці, патраву палёў, захоп паташу і інш. у сёлах Пагоннае, Малочкі і Дронькі на рацэ Прыпяці, нарэшце, за наезд узброенага аддзелу ў 500 чалавек з сялян, стральцоў і казакоў Д. Шуйскага на сяло Варахобавічы, за збіццё і раненне казака і слуг пацярпелага, за намер забіць яго самога[15]. 11 студзеня 1723 года актыкаваны застаўны запіс кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага мельніцкаму войскаму Аляксандру Бандынэлі на тры сяла маёнтка Шэпелічы – Малочкі, Дронькі і (пустое селішча) Пагоннае[16].
На 1734 год вёска Пагоннае заставалася ў пасэсіі ў Кімбараўскага кляштара айцоў-цыстэрцыянцаў[17].
У 1754 годзе з 6 двароў вёскі Пагоннае выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 27 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 3 злотых і 18 грошаў[18]. 11 жніўня 1756 года ў кнігах Оўруцкага гродскага суда актыкаваны запіс аб уводзе абата мясцовых базылянаў Андрэя Бянецкага ў валоданне добрамі Шэпелічы Старыя і Новыя, Пагоннае, Малочкі, Дронькі і інш.[19].
У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Паганянскага казённага маёнтка была ўтворана воласць[upper-alpha 6] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 208 дзяржаўных сялян, 2 вольных чалавекі, 5 пасяленцаў «разного звания»[22]. На 1850 год у Пагонным 16 двароў, 123 жыхары, вёска — уласнасць казны. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 116 жыхароў Пагоннага абодвух полаў былі прыхаджанамі царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў Аравічах[23].
У парэформенны перыяд вёска належала да Дзёрнавіцкай воласці. У 1863 годзе дзеля выхавання тутэйшых дзяцей, а разам і іх бацькоў у духу вернасці расійскай манархіі, у Пагонным адкрыта народнае вучылішча[24]. У пачатку 1870 года ў Пагонным — 58 мужчынскіх душ з ліку былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да сельскага таварыства[25]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Пагоннае заставалася ў прыходзе Аравіцкай царквы[26]. У 1886 годзе ў вёсцы 23 двары, 174 жыхары, школа[27]. У 1889 годзе надворны саветнік Міхаіл Васільеў Яльніцкі меў у Пагонным 123 дзесяціны ўгоддзяў[upper-alpha 7][28].
Паводле перапісу 1897 года, у Пагонным было 47 двароў з 290 жыхарамі, дзейнічалі народнае вучылішча, у якім на 1906/1907 год навучаліся 26 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, хлебазапасны магазін. У 1909 годзе паселішча налічвала 64 двары, 333 жыхары[29].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пагоннае ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[30].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Пагонным было 80 двароў, 256 жыхароў. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў[31]. 89 жыхароў з вёсак саўгаса «Перамога сацыялізму» загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.
З 8 студзеня 1954 года Пагоннае — у складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы было 1322 жыхары. У 1976 годзе ў Пагоннае перасяліліся жыхары пасёлка Баравіца. Цэнтр саўгаса «Перамога сацыялізму». Дзейнічалі лесапільня, млын, механічная майстэрня, павільён раённага камбінату бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, бальніца, аддзяленне сувязі, сталовая, 3 крамы.
8 студзеня 1987 года тэрыторыя былога Аравіцкага сельсавета далучана да Стралічаўскага сельсавета[32].
…Бил нам чолом арменин киевскии, толмач н(а)шь татарскии Макар Ивашкович и поведил перед нами, што мы перво сег(о) дали были ему землю пустовскую у Киевском повете в Белосороцкои волости на имя Лемешовщину, и пан воевода киевскии, пан Андреи Немирович, доведавши ся тог(о), иж тая земля шкодно отдати от замку н(а)шог(о), и против тог(о) дал ему в тои же волости Белосороцкои селище на имя Лынсковщину а землицу нагонную, со всим с тым, што здавна к тому прислухало, и листъ пана Андреев Немировича на то перед нами вказывал, и бил нам чолом, абыхмо ему тое селищо и землицу потвердили н(а)шим листом на вечность. Ино мы, з ласки н(а)шое… для его к нам верное службы, которую ж он нам заслуговал пилне ездячи до Орды частокрот в делех н(а)ших и земских и на его чоломбите то вчинили: тое селищо Лысковщину и землицу нагонную с пашными землями, и з сеножатми, и з лесы, и з бортною землею, и с озеры, и з реками, и з езы, и з ловы звериными и пташными, и со всим с тым, што к тому с стародавна прислухало, потвержаем сим на(ш)им листом вечно ему самому и его жоне, и их детем и напотом будучим их щадком. А он мает нам с тог(о) земскую службу служити…
Але ў 1526 і 1543 гадах ужо размова — пра дзве службы. Гэткі вось анахранізм трапіў да тэксту позняга ліста караля Жыгімонта Аўгуста. 4. ↑ Арыенціры даўніх часоў. Ад тых вёсак да Брагіна больш за паўсотню кіламетраў. 5. ↑ Тут, акрамя згаданых у каралеўскім прывілеі, названыя яшчэ і Дронкі (Дронькі). 6. ↑ Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу. 7. ↑ У энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» непісьменна сцвярджаецца, нібы Пагоннае ўваходзіла «ў склад аднаймённага маёнтка памешчыка Яльніцкага», без увагі на тое, што перыяд — парэформенны, а раней вёска была казённай, яшчэ раней манастырскай.