Павіту́ха льняная[3][4] (Cuscuta epilinum) — від кветкавых раслін роду Павітуха (Cuscuta) сямейства Бярозкавыя (Convolvulaceae).
Аднагадовая травяністая расліна 50—120 см даўжынёй. Сцябло зеленавата-жоўтае, ніткападобнае, 0,5—0,8 мм таўшчынёй. Кветкі сабраны ў 7—12-кветкавыя шчыльныя, шарападобныя суквецці. Трубка венчыка гарлачыкападобная разадзьмутая; лускавінкі з многімі бахромкамі, дробныя, прыціснутыя. Вяночак жаўтлява-бялёсы, з трохкутнымі, вастраватымі, адагнутымі лопасцямі, удвая карацей трубкі[4]. Плод — прыплюснута-шарападобная каробачка.
Цвіце ў чэрвені—ліпені.
Радзімай віду лічацца тэрыторыі Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана; від натуралізаваны ў Афрыцы, азіяцкай Расіі, большай частцы Еўропы, паўднёва-ўсходняй Канадзе, паўночна-ўсходніх ЗША, Аргенціне (Буэнас-Айрэс)[5][6].
Ва Украіне від паразітуе на ільне (Linum), радзей на рыжаку (Camelina) і некаторых пустазеллях — на Палессі і ў лесастэпе[4].