Енс О́та Ха́ры Е́сперсен[7] (дацк.: Jens Otto Harry Jespersen; 16 ліпеня 1860, Рандэрс — 30 красавіка 1943, Капенгаген) — дацкі лінгвіст.
Скончыў Капенгагенскі ўніверсітэт, затым працягваў адукацыю ў Оксфардскім універсітэце. У 1893—1925 гадах прафесар англійскай мовы ў Капенгагенскім універсітэце.
Аўтар падручніка англійскай мовы (1895, вытрымаў 19 выданняў), у аснову якога пакладзена жывая размоўная мова. Сваё разуменне граматыкі як жывога цэлага, што ўвесь час развіваецца, адлюстраваў у працы «Філасофія граматыкі» (1924).
Есперсен — аўтар «тэорыі прагрэсу» ў мове, згодна з якой усе моўныя змены накіраваны на аблягчэнне ўмоў камунікацыі, а таму — прагрэсіўныя.
Стварыў праект міжнароднай штучнай мовы — навіяль, раней удзельнічаў у распрацоўцы штучнай мовы Іда.
Працы Есперсена аказалі значны ўплыў на развіццё мовазнаўства XX стагоддзя.