У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ром. Міхаіл Ільіч Ром (руск.: Михаи́л Ильи́ч Ромм, 24 студзеня 1901, Іркуцк — 1 лістапада 1971) — савецкі кінарэжысёр, сцэнарыст, педагог, тэатральны рэжысёр. Лаўрэат пяці Сталінскіх прэмій (1941, 1946, 1948, 1949, 1951). Народны артыст СССР (1950). Ганаровы член-карэспандэнт Акадэміі мастацтваў ГДР (1967).
Скончыў Вышэйшы дзяржаўны мастацка-тэхнічны інстытут у 1925 годзе. З 1928 года навуковы супрацоўнік Інстытута метадаў пазашкольнай работы. З 1931 года працаваў на кінастудыі «Масфільм». У 1942-47 гадах рэжысёр Тэатра-студыі кінаакцёра. З 1948 года (з перапынкамі) выкладаў ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі (з 1958 года — прафесар). Першая рэжысёрская работа — «Пышка» (паводле Гі дэ Мапасана, 1934). Стварыў дылогіі «Ленін у Кастрычніку» (1937) і «Ленін у 1918 годзе» (1939). «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (абодва 1953). Грамадзянскі пафас, публіцыстычнасць, антынацыская скіраванасць характэрны для фільмаў «Чалавек № 217» (1945, прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Канах, 1946), «Рускае пытанне» (паводле К.Сіманава, 1947), «Сакрэтная місія» (1950), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956).
Маральнасцю, эмацыйная афарбоўкай вулычаецца фільм «Дзевяць дзён аднаго года» (1962, галоўны прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах, ЧССР). Аўтар дакументальнага фільма «Звычайны фашызм» (1965, спецыяльны вышэйшы прыз журы Міжнароднага кінафестывалю ў Лейпцыгу).