wd wp Пошук:

Міхась Модэль

Міхась Модэль (сапр. Мендэль Моўшавіч Модэль, 31 сакавіка (13 красавіка) 1904, мястэчка Камень, Лепельскі павет, Віцебская губерня — 26 кастрычніка 1980) — беларускі крытык, тэатразнавец. Член СП Беларусі з 1934 года. Пісаў пад псеўданімамі М. Каменскі, М. Майсееў, М. Міхайлаў, М. Міхасеў; крыптанімамі М., М. М.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і адваката. Скончыўшы ў 1921 годзе школу 2-й ступені ў Лепелі, працаваў старшынёй лепельскага павятовага камітэта камсамола. 3 1921 года ў Мінску. Вучыўся на медыцынскім (да 1924 года) і педагагічным (да 1926 года) факультэтах БДУ, але ніводны з іх не скончыў (сярод прычын была і хвароба).

Працаваў сакратаром аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ (1923—1925), рэдактарам Клімавіцкай акруговай газеты (1925-26 гг.), дырэктарам Цэнтральнага партыйнага клуба ў Мінску (1927—1930), інструктарам аддзела культуры і прапаганды ЦК КПБ (1930—1932). З 1932 года навуковы супрацоўнік Інстытут літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі наук. У 1935—1937 гадах узначальваў тэатральны аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў, адначасова (1932—1937) быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». З 1937 года — літкансультант, у 1940—1941 гадах — адказны сакратар СП БССР. У пачатку Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Тамбоў, потым — у Ташкент, дзе быў намеснікам дырэктара тэатра імя Ахунбаева. У 1943—1944 гадах — дырэктар тэатра імя Маякоўскага ў Андзіжане (Узбекская ССР), у 1944—1948 гадах — загадчык літаратурнай часткі тэатра оперы і балета ў Мінску, з 1945 года працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», з 1949 года — літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва». З 1962 года персанальны пенсіянер. Узнагароджаны медалём.

Член КПСС. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года, член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1947 года.

Творчасць

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 г. Пісаў пераважна пра яўрэйскі тэатр («5 год творчай дзейнасці Яўрэйскага дзяржаўнага тэатра БССР», 1932; «Пра яўрэйскую савецкую драматургію, пра крытыку», 1933; «Яўрэйскаму тэатру патрэбен новы рэпертуар», 1947) і беларускім тэатры і драматургію («Этапы развіцця беларускай драматургіі», 1935; «Пра Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР», 1937; “Першы беларускі балет «Салавей», 1939; «Агляд беларускай драматургіі», 1940; «Сучасная беларуская драматургія», 1946; «А. М. Астроўскі і беларускі тэатр», 1948; «Драматургія Еўсцігнея Міровіча», 1958; «Мастацтва сцэнічнай мініяцюры», 1966; «3 дынастыі Уладамірскіх», 1970; «У промні бязлітаснага пражэктара», 1972; «Зінаіда Браварская; Аляўціна Карзянкова», 1978)[1].

У 1930-я гады прытрымліваўся апалагетычных, вульгарна-сацыялагізатарскіх поглядаў. Драматургічныя творы і спектаклі па іх ацэньваў у асноўным з пазіцый «правільнасці ўскрыцця класавай сутнасці драматычных канфліктаў». Ваяўніча выступаў супраць твораў нацыянальнай беларускай тэматыкі (п’есы «Апраметная» В. Шашалевіча, «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча, «Скарына, сын з Полацка» М. Грамыкі і інш.). У артыкулах пасляваеннага часу імкнуўся пазбягаць вульгарызатарскіх трактовак.

У перыяд кампаніі па барацьбе супраць касмапалітызму (канец 40-х гадоў) падвяргаўся крытычным нападкам у прэсе, з-за чаго ў 1940-50 гг. нідзе не друкаваўся.

Сведчанні сучаснікаў

Пісьменнік Кузьма Чорны ў сваім дзённіку змясціў Модэля сярод іншых, якіх называе «прыжывальшчыкамі і хлебаедамі»:

(4 кастрычніка 1944):

«Так Бэнда лез у беларускую крытыку, Клімковіч у беларускую літаратуру, Александровіч у культуру і грамадскую дзейнасць (сабе на кар’еру), Дадзіёмава[2] ў мастацтва і цэнзуру і Модаль усюды, куды толькі льга лезці» [3].

Мастак Яўген Ціхановіч ўспамінаў:

“Тэатральны крытык Мендэль Модэль не шкадаваў чорных фарбаў, каб крытыкаваць драматургію Галубка за яе меладрамнасць, у якой ён бачыў толькі нацдэмаў і нацыяналяналізм[4], (…) ён ўсюды бачыў толькі нацдэмаў і напісаў шмат артыкулаў у розных часопісах пра адсутнасць класавай барацьбы і пра іншыя хібы … " [5].

Зноскі

  1. І. У. Саламевіч. Модэль Міхась // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2.
  2. З чэрвеня 1943 начальнік Галоўліта, органа цэнзуры ў БССР
  3. Кузьма Чорны. Выбраныя творы. — Мн.: Беллітфонд, 2000. — С. 590. — (Беларускі кнігазбор).
  4. Яўген Ціхановіч . Партрэт стагоддзя. — Мн .: Лімарыус, 2015. — С. 453. — 530, [1] с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — 300 экз. — ISBN 978-985-6968-48-1.
  5. Там жа С. 15

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Памерлі ў 1980 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Супрацоўнікі часопіса «Полымя»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 красавіка
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Тэатразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лепельскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 26 кастрычніка
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Члены КПСС
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Постаці Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1904 годзе
Катэгорыя·Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
Катэгорыя·Пахаваныя на Чыжоўскіх могілках
Катэгорыя·Тэатральныя крытыкі Беларусі