wd wp Пошук:

Мікола Рулінскі

Мікола Рулінскі (23 красавіка 192323 кастрычніка 2002) — беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч. Афіцэр БКА, дэсантнік беларускага батальёна «Дальвіц».[1]

Біяграфія

Нарадзіўся 23 красавіка 1923 г. на Баранавіччыне ў Навагрудскім ваяводстве ў Польскай Рэспубліцы ў сям’і праваслаўнага святара (па іншых звестках — дыякана) Максіма Рулінскага. Пачатковую школу скончыў у Любчы на Наваградчыне. З дзяцінства спяваў у царкоўных хорах. У 1936 г. паехаў паступаць у Віленскую беларускую гімназію, дзе ў той момант ужо вучыўся ягоны старэйшы брат Зміцер. У Вільні Мікола Рулінскі займаўся беларускай грамадскай дзейнасцю, быў актывістам беларукага руху.

На пачатку Другой сусветнай вайны быў вымушаны перарваць адукацыю ў гімназіі і вярнуцца на Наваградчыну. Пасля прыхода немцаў паступіў і вучыўся ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі. Прайшоў курсы Саюза беларускай моладзі ў Альбярціне. У канцы 1943 г. далучыўся да эскадрону Барыса Рагулі. Улетку 1944 г., калі наваградскі эскадрон эвакуяваўся з Наваградку, перавёўся да беларускага батальёна «Дальвіц». На той момант ужо меў рангу лейтэнанта, таму ў батальёне стаў інструктарам. Там жа далучыўся да Беларускай незалежніцкай партыі.

У кастрычніку 1944 г. разам з Піліпам Давідчыкам уратаваў архіў кіраўніка Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР Кастуся Езавітава з Рыгі, за што быў пазней адзначаны знакам «Для народаў Усходу» з мячамі. З рознымі перашкодамі яны здолелі дабрацца да Рыгі, дзе з дапамогаю мясцовай настаўніцы, знаёмай Кастуся Езавітава, знайшлі ягоны дом і там два дні і дзве ночы збіралі найбольш каштоўныя рэчы і дакументы ў тры вялікія скрыні. Пазней Рулінскі і Давідчык даставілі скрыні ў Берлін. Мікола Рулінскі потым успамінаў:

Езавітаў нас абняў. Мы прывезлі ягоныя асабістыя рэчы: кашулі, патэфон з пласцінкамі, сярод якіх была і пласцінка «Мы выйдзем шчыльнымі радамі!». Ен вельмі задаволены быў, кажа: «Хлопцы, вы з таго свету з’явіліся!». Падзякаваў. Праз месяц пасля таго далі мне медаль беларускі «За воінскую доблесць» з мячамі«.

[2]

Падчас дэсанту 17 лістапада 1944 года быў намеснікам маёра Міхала Вітушкі, але яму самому і яшчэ тром жаўнерам праз тэхнічныя праблемы не ўдалося дэсантавацца:

»У самалёце мы стаялі адзін за адным. Вітушка быў першы, а я — у канцы. Ён нічога не казаў — маўчаў, як, дарэчы, і перад адлётам. Быў спакойны. А я быў яго намеснікам, мусіў даглядаць, каб усё было ў парадку.

Вітушка скокнуў з парашутам першы. Пасля за ім — маёр Багдановіч, Янка Гінько, Давідчык, Краскоўская… А ў мяне парашут вылецеў з упакоўкі. Гавару немцу, што парашут сапсаваны, а той бярэ нож і абразае шнур — прыйдзецца вяртацца… Я другому хлопцу, што скакаў, аддаў дакументы, грошы (а іх я меў шмат), пячаткі савецкія (сельсаветаў і іншых устаноў). Усё аддаў яму.

Выкінулі ўсіх, а я вярнуўся назад. Прыходжу, а Родзька ахнуў: «Што такое?!» Ну я расказваю яму, што нас тры чалавекі вярнуліся, і чаму. Ён кажа: «Ну вось цяпер я табе дам камандзіроўку, паедзеш у Берлін да Барыса Рагулі».

У маі 1945 года, калі батальён Дальвіц быў раззброены чэскімі партызанамі, Мікола Рулінскі разам з сябрамі Мілюцем і Фарботкай перабіраецца з Чэхіі ў Польшчу. Па дарозе на нейкі час сябры трапляюць у лагер, дзе мясцовыя палякі раяць ім не казаць, што яны з Віленшчыны, бо інакш выдадуць бальшавікам. У выніку Мікола Рулінскі разам з сябрамі называюцца палякамі (Мікола назваўся з Седльцаў) і едуць да Кракава, адкуль аддзел рэпатрыяцыі накіраваў іх у «землі адзысканыя» на захадзе Польшчы, у Ліпніцу. Там Мікола Рулінскі ўладкаваўся працаваць у Міністэрства нованабытых земляў.

У 1949 г. быў арыштаваны дзяржаўнай бяспекай і самалётам дастаўлены ў Маскву. Таксама былі арыштаваныя і сябры Міколы Рулінскага — Фарботка і Ігар Будахоўскі, афіцэр «Дальвіца». Сядзеў у маскоўскіх і мінскіх турмах, быў асуджаны на 25 гадоў савецкіх канцлагераў. Пакаранне адбываў у Альжэрасе на Кузбасе, а потым ў Омску, дзе будаваў першы ў Сібіры нафтаперагонны завод, пра які афіцыйна падавалася, што яго будуюць камсамольцы.

У 1957 г. вызваліўся, перабраўся ў Грыгішкі каля Вільні. Да пенсіі працаваў на мясцовай папяровай фабрыцы, хаця паводле ўспамінаў, у маладосці марыў стаць лекарам альбо архітэктарам. Пісаў вершы, маляваў краявіды. З канца 1980-х удзельнічаў у працы беларускіх грамадскіх арганізацыяў у Вільні, быў дэлегатам Першага з’езду беларусаў свету, з’ездаў беларусаў краінаў Балтыі. У Вільні ўдзельнічаў у станаўленні Таварыства беларускай культуры, быў актыўным чальцом, прысутнічаў на ўсіх імпрэзах ТБК. У ліпені 1997 г. у Вільні быў ганаровым удзельнікам сэсіі Еўрапейскага Сектару Рады БНР і браў удзел у сустрэчы «рагулёўцаў».

Апошні год жыцця жыў у дачкі ў Бярозаўцы на Гарадзеншчыне. Памёр 23 кастрычніка (па іншых — звестках 28 кастрычніка) 2002 г. Быў пахаваны у Грыгішках як беларускі афіцэр — дамавіну накрылі бел-чырвона-белым сцягам з выявай Пагоні.

Цікавыя факты

Зноскі

  1. Сяргей Ёрш Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Ён быў намесьнікам Вітушкі (Мікола Рулінскі). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
  2. ПРА ЛЁС АРХІВУ ГЕНЭРАЛА ЕЗАВІТАВА. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2019.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца смерці ў картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1923 годзе
Катэгорыя·Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц»
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў БССР
Катэгорыя·Памерлі ў 2002 годзе
Катэгорыя·Памерлі 23 кастрычніка
Катэгорыя·Члены Беларускай краёвай абароны
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца нараджэння ў картцы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 красавіка
Катэгорыя·Члены Наваградскага коннага эскадрона