wd wp Пошук:

Піліп Давідчык

Піліп Давідчык (нар. 1925) — беларускі грамадскі і вайсковы дзеяч. Сябра Беларускай незалежніцкай партыі.[1] Ад’ютант Барыса Рагулі, старэйшы лейтэнант, дэсантнік «Дальвіца».

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1925 г. у в. Галынь (па іншых звестках — в. Равяцічы) у Навагрудскім ваяводстве Польскай Рэспублікі. Скончыў Навагрудскую настаўніцкую семінарыю.

Падчас Другой сусветнай вайны далучыўся да нелегальнай Беларускай незалежнай партыі. У канцы 1943 г. далучыўся да навагрудскага эскадрона Барыса Рагулі, дзе быў яго ад’ютантам. Са жніўня 1944 г. праходзіў падрыхтоўку ў паветрана-дэсантным батальёне «Дальвіц». У кастрычніку 1944 г. разам з Міколай Рулінскім вывез архіў кіраўніка Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР Кастуся Езавітава з Рыгі, за што быў адзначаны знакам «Для народаў Усходу» з мячамі. Узяў шлюб з радысткай Верай Краскоўскай.

17 лістапада быў дэсантаваны на тэрыторыю Беларусі ў складзе групы на чале з Міхалам Вітушкам. Арыштаваны 28 лістапада 1944 г. Паводле Кастуся Шышэі, «у дадзенай сітуацыі Давідчык аказаўся не на ўзроўні пастаўленых перад ім задач». Сяргей Ёрш адзначаў, што Піліп Давідчык пасля дэсанту прыйшоў да бацькоў, а яны яго здалі ў НКУС, бо спадзяваліся, што савецкая ўлада нібыта даруе іх сыну.[2] Быў асуджаны на 8 гадоў савецкіх канцлагераў. Пакаранне адбываў верагодна ў Казахстане.

Пасля вызвалення жыў у Тбілісі ў Грузіі, дзе стварыў новую сям’ю. Паводле адной інфармацыі стаў навукоўцам-матэматыкам, паводле іншай — завочна скончыў Маскоўскі інстытут па механізацыі і працаваў у Тбілісі на тытунёвай фабрыцы. У сваіх успамінах «З перажытага» Янка Жамойцін характырызуе Давідчыка так: «гаваркі, упэўнены ў сваіх здольнасцях і дасягненнях».

Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

  1. Сяргей Ёрш Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
  2. Вайна на тры франты: яе героі і ахвяры(нявызн.). Радыё Свабода. Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2019.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Члены Наваградскага коннага эскадрона
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Навагрудскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1925 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца нараджэння ў картцы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Навагрудскім ваяводстве
Катэгорыя·Выпускнікі Навагрудскай настаўніцкай семінарыі