wd wp Пошук:

Мячэць з в. Даўбучкі

Мячэць з в. Даўбучкі — магаметанскі храм са Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, размешчаны на тэрыторыі ўстановы «Беларускі дзяржаўны музей народнага дойлідства і побыту» в. Азярцо Мінскага раёна. Пабудаваная ў XVIII ст. ў в. Даўбучкі (Смаргонскі раён). У мячэці спалучаецца дойлідства, уласцівае культавым збудаванням Усходу (цэнтрычнасць асноўнага аб’ёма і сіметрычная кампазіцыя пабудовы), з традыцыямі драўлянага дойлідства. Помнік драўлянага дойлідства.

Гісторыя

З’яўленне татараў на Беларусі адносіцца да перыяду пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гедымін, а затым Кейстут і Альгерд не раз запрашалі татараў на службу. Асноўным арганізатарам татарскага асадніцтва лічыцца Вітаўт. Казімір Ягелончык, Аляксандр, Жыгімонт І пашыралі татарскую калонію, умацоўвалі яе матэрыяльную аснову за кошт раздачы зямель. У 1561 і 1568 гг. Жыгімонт Аўгуст даў татарам прывілей на шляхецтва[1].

У месцах кампактнага пражывання татараў будаваліся мячэці. Мячэць, якая захавалася ў в. Даўбучкі, першапачаткова была пабудавана ў XVIII ст. у в. Сялец Беніцкай гміны Маладзечанскага павета. У пачатку XIX ст. перавезена ў Даўбучкі. Вядома, што на працягу гісторыі існавання мячэць значных перабудоў не мела, змянялася толькі аддзелка (першапачаткова была пабелена, швы замазаны глінай)[1].

Архітэктура

Асноўны прамавугольны ў плане зруб падзелены на дзве часткі з асобнымі ўваходамі і накрыты шатровым дахам[1], завершаным дванаццацігранным купалам[2], які быў накрыты дранкай і пафарбаваны ў чырвоны колер (сурыкам)[1]. Асновай купала з’яўляецца вертыкальны слуп, які абапіраўся на бэлечную сістэму. На слуп і верхнія бярвёны (абвязку) абапіраліся кроквы. Абвязка ўтварала шматвугольнік з 12 гранямі. Такім чынам, купал быў не функцыянальным элементам, а толькі формай, унутры была плоская суцэльная столь[1]. Уваходы злучаныя арачнай галерэяй на так званых кручаных слупах. Сцены гарызантальна ашаляваныя дошкамі. Вокны прастакутныя[2].

Інтэр’ер зальны, з плоскай столлю. Амаль квадратная ў плане зала ва ўсходняй частцы мае пяцігранную нішу — міхраб[2], насупраць якой, у мужчынскай палове, размяшчаўся мумібір (хоры)[1], упрыгожаны точанымі балясінамі[2].

З паўночна-заходняга боку двух’ярусны чацверыковы мінарэт, завершаны шатровым дахам.

Стыль

Наяўнасць квадратнага ў плане зруба з купалам, галерэі, праёмаў з элементамі арак, вуглавое размяшчэнне мінарэта набліжаюць мячэць у Даўбучках да традыцый візантыйскага дойлідства. Купал, блізкі да падковападобнай аркі, разьба на калонах, арачныя раскосы, вырашэнне міхраба і мумібіра ўяўлюць элементы традыцыйнай мусульманскай архітэктуры. Да традыцый беларускага драўлянага дойлідства трэба аднесці мінарэт, падобны на званіцу царквы ці касцёла, канструкцыйныя элементы, запаўненне праёмаў.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 1 2 3 4 Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Культавыя збудаванні Смаргонскага раёна
Катэгорыя·Помнікі беларускага народнага дойлідства
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Храмы паводле алфавіта
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Мячэці Беларусі
Катэгорыя·З’явіліся ў XVIII стагоддзі
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Катэгорыя·Драўляныя мячэці Беларусі