wd wp Пошук:

Мацей Сулькевіч

Маце́й Сульке́віч (польск.: Matwiej Sulejman Sulkiewicz, азерб.: Süleyman bəy Sulkeviç, таксама вядомы як Магамет Сулейманавіч Сулькевіч, Сулейман Сулькевіч і Мамед бек Сулькевіч, 20 ліпеня 1865, маёнтак Кемейшы, Лідскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя, цяпер вёска Кемейшы, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь — 15 ліпеня 1920 года) — расійскі і азербайджанскі ваенны, крымскататарскі дзеяч, генерал-лейтэнант[1].

Юнацтва

Радавы герб

Мацей Сулькевіч нарадзіўся ў сям’і нашчадкавых шляхцічаў Віленскай губерні, паводле нацыянальнасці — беларускі татарын. Яго бацька, Аляксандр Сулькевіч, даслужыўся да чыну падпалкоўніка ў гусарскім палку[2][3].

Будучы нашчадкам татарскіх арыстакратычных сем’яў Вялікага Княства Літоўскага, Мацей Сулькевіч прысвяціў сваё жыццё ваеннай кар’еры. Атрымаўшы агульную адукацыю ў Міхайлаўскім кадэцкім корпусе ў Варонежы, паступіў у Міхайлаўскае ваеннае вучылішча ў Пецярбургу.

Па заканчэнні вучылішча па першым разрадзе падпаручнік Сулькевіч быў накіраваны ў 6-ю артылерыйскую брыгаду. З 3 кастрычніка 1889 года паручнік Сулькевіч — слухач Мікалаеўскай акадэміі генеральнага штаба. У ліпені 1894 года за выдатныя поспехі ў навуках у акадэміі яму быў нададзены чын штабс-капітана.

Служба ў расійскім войску

20 ліпеня 1894 года Мацей Сулькевіч атрымаў званне капітана. Прадпісаннем камандуючага войскамі Адэскай ваеннай акругі № 5084 быў накіраваны ў штаб 7-га армейскага корпуса. У 1899 годзе атрымаў Ордэн Святога Станіслава. У тым жа годзе становіцца падпалкоўнікам. У 1902 годзе Мацей Сулькевіч выдаў у Адэсе на свае сродкі кнігу «Даследаванне паходжання і цяперашняе становішча літоўскіх татараў» польскага ўсходазнаўца, прафесара Пецярбургскага ўніверсітэта Антона Мухлінскага (1808—1877).

У 1903 годзе быў прызначаны начальнікам штабу 15-й пяхотнай дывізіі. 6 снежня 1903 года Сулькевіч атрымаў званне палкоўніка. Падчас руска-японскай вайны служыў у 8-м армейскім корпусе. Быў удзельнікам Мукдэнскай бітвы. У чэрвені 1905 прызначаны камандзірам 57-га пяхотнага Модлінскага палка. Быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 2-й ступені з мячамі, ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам. 20 мая 1907 года ўзнагароджаны залатой зброяй з надпісам «За адвагу»[4].

Увосень 1910 года Мацей Сулькевіч становіцца генерал-маёрам. Праз некаторы час прызначаны генерал-кватэрмайстарам штабу Іркуцкай ваеннай акругі. Быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 2-й і 3-яй ступеняў. У 1915 годзе быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 1-й ступені. 26 красавіка 1916 года Мацею Сулькевічу было нададзена званне генерал-лейтэнанта. У кастрычніку 1917 года афіцэр Генеральнага Штаба генерал-лейтэнант Сулькевіч быў вылучаны на пост камандзіра 1-га Мусульманскага корпуса, які планаваў сфарміраваць Часовы ўрад.

Крымскі краявы ўрад

Сцяг Крымскага краявога ўрада Мацея Сулькевіча.

У 1918 годзе Мацей Сулькевіч прыехаў у Крым, дзе 25 чэрвеня 1918 года стаў прэм’ер-міністрам, міністрам унутраных і ваенных спраў першага Крымскага краявога ўрада[5].

Мацей Сулькевіч прызначыў Асана Сабры Айвазава (1878—1938) паслом Крыма ў Асманскай імперыі і наладзіў сувязі з мусульманскімі краінамі, утворанымі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Вядомы ў Крыме як Сулейман-паша. Імкнуўся склікаць Крымскі курултай (устаноўчы збор), які б абвясціў стварэнне крымскататарскай дзяржавы[1].

Пасля сыходу з Крыма нямецкіх акупацыйных войскаў урад Сулькевіча 15 лістапада 1918 года перадаў уладу другому Крымскаму краявому ўраду на чале з Саламонам Крымам[6].

Служба ў Азербайджане

У снежні 1918 года Мацей Сулькевіч прыбыў у Азербайджан, дзе быў вядомы як Мамед-бек. Камандаваў 1-м Мусульманскім корпусам[7]. 26 сакавіка 1919 года загадам № 147 па ваенным ведамстве генерал-лейтэнант Сулькевіч быў прызначаны начальнікам Генеральнага штаба ўзброеных сіл Азербайджану[8]. Мар’ям, жонка Мацея Сулькевіча, працавала ў школе для дзяўчын Гаджы Тагіева і была актыўным членам Дабрачыннай арганізацыі бакінскіх мусульманак. Мацей Сулькевіч згуляў вялікую ролю ў стварэнні ваеннага саюза паміж Грузіяй і АДР.

Расстрэл

У маі 1920 года Мацей Сулькевіч быў арыштаваны ВЧК. Апошнія дні перад расстрэлам ён правёў у Баілаўскай турме. 15 ліпеня Сулькевіч быў расстраляны за «контррэвалюцыйную дзейнасць». Мамед Эмін Расулзадзэ ўспамінае ў сваёй кнізе:

…Чалавек, які сядзеў разам з ім, Мехмедам Алі бекам, казаў: «Генералу загадалі ісці за чэкістамі. Мы зразумелі, што надышоў яго час смерці. Мы не адважваліся паглядзець яму ў вочы, не маглі знайсці патрэбных словаў. Генерал Сулькевіч апярэдзіў нас, сказаўшы, ціхім, але ўпэўненым голасам, словы, якія я ніколі не забуду: „Шчаслівы, што паміраю салдатам мусульманскага войска. Бывайце!“»

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 МАРАКОЎ Л. Сулькевіч Мацей Аляксандравіч
  2. Залесский К. А. Кто был кто в Первой мировой войне. — М.: АСТ, 2003. — С. 576
  3. Сулькевич М. А.
  4. Исмаилов Э. Э. Золотое оружие с надписью «За храбрость». Списки кавалеров. 1788—1913. — М., 2007, с. 390
  5. Александр Пученков «Независимый Крым в 1918 года»
  6. ХРОНОС — всемирная история в Интернете. Крымское краевое правительство.
  7. НАЗИРЛИ Ш. Служение Отечеству //Зеркало.аз.(недаступная спасылка)
  8. Азербайджанская Демократическая Республика (1918—1920). Армия. (Документы и материалы). Баку, 1998, с.86.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1865 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Міхайлаўскага артылерыйскага вучылішча
Катэгорыя·Памерлі 15 ліпеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Удзельнікі Першай сусветнай вайны
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 2 ступені
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Варонежскага кадэцкага корпуса
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 1 ступені
Катэгорыя·Загінулі ў Грамадзянскую вайну ў Расіі
Катэгорыя·Удзельнікі руска-японскай вайны
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 ліпеня
Катэгорыя·Генералы Азербайджана
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Воранаўскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў Баку
Катэгорыя·Узнагароджаныя Залатой зброяй «За адвагу»
Катэгорыя·Выпускнікі Мікалаеўскай ваеннай акадэміі
Катэгорыя·Генерал-лейтэнанты (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 3 ступені
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 3 ступені
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лідскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Памерлі ў 1920 годзе
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святой Ганны 2 ступені
Катэгорыя·Асобы