wd wp Пошук:

Марыя Віктараўна Васілевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Васілевіч. Марыя Віктараўна Васілевіч (нар. 9 красавіка 1997, Мінск, Беларусь) — беларуская мадэль, дзяржаўная і палітычная дзяячка. Пераможца конкурсу «Міс Беларусь-2018», удзельніца конкурсу прыгажосці «Міс свету» ў снежні 2018 года, з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з 2019 года.

Біяграфія

Дзяцінства і адукацыя

Марыя Васілевіч нарадзілася 9 красавіка 1997 года ў горадзе Мінску ў сям’і ваеннага і выхавальніцы дзіцячага саду. Cкончыла школу ў 2014 годзе.

Мае вышэйшую адукацыю, у 2019 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне»; таксама скончыла магістратуру Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Эканоміка».

Прафесійная дзейнасць

Працавала спецыялістам па развіцці бізнесу ТАА «ТДИ Промоивент», рэдактарам аддзела рэдактараў галоўнай дырэкцыі падрыхтоўкі тэлепраграм генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі[1].

Затым Васілевіч уладкавалася на працу вядучай на перадачы «Добрай раніцы!» на тэлеканале «Беларусь 1». Аднак Марыя хутка зразумела, што фармат, зададзены сцэнаром, не задавальняе яе амбіцый.

Мадэлінг

Тады Васілевіч пачала сваю кар’еру ў якасці мадэлі. Прыгажосць і гарманічныя параметры 90-60-90 адкрылі для Марыі шлях у мадэльны бізнес. Яна стала падпрацоўваць на здымках і паказах у 18 гадоў, але ў конкурсах прыгажосці спачатку ўдзельнічаць адмаўлялася. Аднак у 21 год Марыя змяніла меркаванне і прыйшла на нацыянальны конкурс, дзе нечакана для сябе ўзяла карону. Гэта падзея дала штуршок да вядомасці і прасоўванні па кар’ернай лесвіцы.

Стала пераможцай нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2018», фінал конкурсу адбыўся вечарам 4 мая 2018 года ў Мінску. Заахвочвальнымі прызамі для Міс сталі пазадарожнік Geely Atlas і 12 000 беларускіх рублёў[2][3].

У снежні 2018 года Васілевіч адправілася ў Кітай, дзе ў шэрагу 118 саперніц даказвала сваю перавагу ў мілавіднасці, розуме і таленце. Беларусцы ўдалося прабіцца ў пяцёрку найпрыгажэйшых жанчын планеты, яе прызналі найлепшай на еўрапейскім кантыненце. Прадстаўляла краіну на конкурсе «Міс Свету». Марыя ўвайшла ў лік прызёраў конкурсу і заняла 3 месца сярод удзельніц конкурсу, атрымаўшы званне «Міс Свету Еўропы»[4].

8 студзеня 2019 года прэзідэнт удастоіў яе прэміі «За духоўнае адраджэнне» — «за значны ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і актыўную дабрачынную дзейнасць»

12 лютага 2019 года стала зорным паслом II Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Кар’ера дэпутаткі

Восенню 2019 года стала вядома, што Васілевіч ідзе на парламенцкія выбары[5][6][7]. Яе вылучылі кандыдатам ад 104-й Кальварыйскай выбарчай акругі горада Мінска. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама скептычна ацаніла гэтую навіну. Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што 22-гадовай дзяўчыне да народу ісці няма з чым[8]. «Варта было б спачатку стаць добрым прафесіяналам у сваёй справе, каб да тваёй думкі сталі прыслухоўвацца у Парламенце», — заявіла Лідзія Ярмошына.

Пасля гэтага ў сітуацыю ўмяшаўся прэзідэнт. Падчас наведвання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце ён зрабіў жорсткую безапеляцыйную заяву на гэты конт. Ён папракнуў Ярмошыну, што тая не чуе слоў прэзідэнта. А бо ён не раз казаў, што будучыня належыць моладзі. Таму маладым трэба дапамагаць, а не спыняць іх ініцыятыву. Прэзідэнт нагадаў, што на выбары ў Парламент вылучылася толькі пяць маладых людзей[9].

У выніку Марыя Васілевіч прайшла ў Парламент ад 104-й Кальварыйскай выбарчай акругі[10][11]. Аднак, сярод усіх 110 акруг яна набрала найменшую колькасць галасоў — 28,94 %. Марыя заявіла, што лічыць узрост сваёй перавагай, паколькі яна поўная рашучасці, адказнасці, крэатыўнасці і смеласці. Выступаючы на канале «Беларусь 3», Васілевіч заявіла, што плануе працаваць не пакладаючы рук і дамагацца, каб дзейнасць Парламента Беларусі станавілася ўсё больш адкрытай і публічнай, гэта дапаможа дамагчыся эфектыўнага супрацоўніцтва народа і ўлады. Таксама Марыя Васілевіч выступае за ўдасканаленне сістэмы адукацыі, сістэматызацыю і актуалізацыю пад сучасныя рэаліі існуючых нарматыўна-прававых актаў. Для таго, каб законы былі зразумелыя кожнаму беларусу, бо яны «пішуцца для людзей». Яна настойвае на тым, што «неабходна адмовіцца ад абмеркавання гэтых праблем толькі ў высокіх кабінетах».

У першую чаргу Васілевіч плануе заняцца дапрацоўкай праекту закона «Аб абыходжанні з жывёламі». Марыя Васілевіч — самы малады дэпутат Палаты прадстаўнікоў[12]. З’яўляецца членам Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, а таксама членам пастаянна дзеючых рабочых груп Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентамі Бельгіі, Брунея, Індыі, Польшчы і Саудаўскай Аравіі.

Пасля абрання Васілевіч дэпутатам Палаты прадстаўнікоў некаторыя заходнія СМІ (у прыватнасці, брытанская The Times[13]) апублікавалі артыкулы, у якіх казалі аб рамантычнай сувязі Марыі Васілевіч з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, у кампаніі якога дзяўчына неаднаразова з’яўлялася на розных мерапрыемствах. У сваім пасце ў сацыяльнай сетцы Instagram Марыя Васілевіч выказалася за свабоду слова, але і пра тое, што неабходна несці адказнасць за сказанае. Асабліва, калі ты журналіст. Таксама Марыя паскардзілася на тое, што вядомае сусветнае выданне дазваляе сабе публікаваць ілжывыя факты[14][15].

Стаўленне да палітычнага крызісу 2020—2021 гадоў

У 2020 годзе Беларусь ахапілі пратэсты. Яны пачаліся яшчэ ў перыяд перадвыбарных кампаній і абвастрыліся ў жніўні, калі тысячы абураных грамадзян выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваю незадаволенасць вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Яны адмовіліся прызнаць законным чарговае абранне Лукашэнкі, што вылілася ў масавыя беспарадкі. 13 жніўня 2020 года Васілевіч прыцягнула ўвагу СМІ і блогасферы сваім зваротам да падпісчыкаў у Інстаграме з заклікам спыніць гвалт на вуліцах беларускіх гарадоў падчас пратэстаў супраць дзеючай улады, што ў сваю чаргу выклікала рэзка негатыўную рэакцыю з боку людзей, якія выступалі супраць уладаў[16][17].

У лістападзе Марыя Васілевіч выступіла з прапановай пазбаўляць грамадзянства Рэспублікі Беларусь за прычыненне шкоды дзяржаве, што выклікала новы ўсплёск адмоўных водгукаў пра яе асобу і дзейнасць, таму што такая ініцыятыва прама супярэчыць Канстытуцыі краіны[18].

Зноскі

  1. Кто такая Мария Василевич Мария Викторовна (нявызн.). Официальный сайт Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь. Праверана 20 студзеня 2020.
  2. Мария Василевич завоевала титул “Мисс Беларусь-2018” – фото, видео (нявызн.) (8 мая 2018). Праверана 20 студзеня 2020.
  3. Мисс Беларусь 2018 — Модные ножки
  4. Татьяна Ларина. Мария Василевич вернулась в Беларусь с титулом «Мисс мира Европа» (нявызн.). БелНовости (18 снежня 2018). Праверана 20 студзеня 2020.
  5. Василевич стала кандидатом в депутаты (нявызн.). Наша Ніва (17 кастрычніка 2019). Праверана 20 студзеня 2020.
  6. «Мисс Беларусь – 2018» Мария Василевич идет в депутаты (нявызн.). БелНовости (9 верасня 2019). Праверана 20 студзеня 2020.
  7. “Мисс Беларусь” Василевич идет в депутаты (нявызн.). БелНовости (9 верасня 2019). Праверана 20 студзеня 2020.
  8. Дарья Ломоновская. Лидия Ермошина о выдвижении «Мисс Беларусь» в парламент: В депутаты должны идти люди зрелые (нявызн.). Комсомольская правда (2 кастрычніка 2019). Праверана 20 студзеня 2020.(недаступная спасылка)
  9. Максим Чёрный. Как из-за выдвижения Василевич Лукашенко поругался с Ермошиной (нявызн.). Салідарнасць (23 кастрычніка 2019). Праверана 20 студзеня 2020.
  10. Список избранных депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь седьмого созыва Архівавана 29 студзеня 2020.
  11. Сведения о результатах голосования по г. Минску Архівавана 30 верасня 2020.
  12. Антон Игнатов. Депутат Мария Василевич рассказала, чем намерена заняться в первую очередь (нявызн.). БелНовости (6 снежня 2019). Праверана 20 студзеня 2020.
  13. Marc Bennetts. Belarus dictator’s beauty queen ‘wins’ seat in parliament(англ.) . The Times (18 лістапада 2019). Праверана 20 студзеня 2020.
  14. Антон Игнатов. Мария Василевич ответила на обвинения западных СМИ (нявызн.). БелНовости (21 лістапада 2019). Праверана 20 студзеня 2020.
  15. Надежда Бутович. Новый депутат Мария Василевич о статьях о себе: «Известное издание позволяет себе публиковать лживые факты» (нявызн.). Комсомольская правда (21 лістапада 2019). Праверана 20 студзеня 2020.(недаступная спасылка)
  16. Ночью в Минске неизвестные разбили автомобиль Марии Василевич Архівавана 28 лістапада 2020.
  17. В Instagram удалены страницы Марии Василевич и Александра Солодухи
  18. Комментарий: Белорусам угрожают лишением гражданства
Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пераможцы конкурсу Міс Беларусь
Катэгорыя·Нарадзіліся 9 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Выпускнікі БДЭУ
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне»
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Фотамадэлі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання
Катэгорыя·Фотамадэлі Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1997 годзе