Карл Джэрасі (ням.: Carl Djerassi, англ.: Carl Djerassi; 29 кастрычніка 1923, Вена, Аўстрыя — 30 студзеня 2015, Сан-Францыска, Каліфорнія, ЗША) — амерыканскі вучоны-хімік, пісьменнік, публіцыст, драматург. Першы лаўрэат прэміі Вольфа па хіміі, уладальнік Нацыянальнага навуковага медаля ЗША і Нацыянальнага медаля ЗША ў галіне тэхналогій і інавацый, а таксама больш за 20 розных навуковых медалёў і прэмій, носьбіт 32 ступеняў ганаровага доктара ад універсітэтаў з усіх канцоў Зямлі. Камандор ордэнаў «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія» і «За заслугі перад Аўстрыйскай Рэспублікай».
З сям’і балгарскага дэрматолага і аўстрыйскага дантыста. Пасля аншлюсу бег з маці ў Лондан, а затым у Сафію да бацькі. Паступіў у Амерыканскі каледж, дзе вывучыў англійскую мову, а ў 1939 годзе прыехаў разам з маці ў Нью-Ёрк. Па пратэкцыі Элеаноры Рузвельт паступіў у каледж, затым у іншы, а потым і ў трэці, які скончыў у 1942 годзе. Працаваў у кампаніі «Ciba», дзе браў удзел у распрацоўцы антыгістамінных прэпаратаў. У 1945 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі ў галіне хіміі ад Вісконсінскага універсітэта ў Мадысане, і тады ж атрымаў амерыканскае грамадзянства. Зноў паступіў на працу ў «Ciba», а ў 1949 годзе перайшоў у «Syntex», атрымаўшы пасаду намесніка дырэктара па даследаваннях. Займаўся працай над сінтэзам картызону на аснове даступнага ямса. У 1951 годзе разам з Джорджам Розенкранцам і Луісам Мірамонтэсам сінтэзаваў нарэтыстэрон, аналаг гармонаў прогестынаў, якія абараняюць жанчын ад авуляцыі падчас цяжарнасці ў якасці натуральнага супрацьзачаткавага сродку. Запатэнтаваўшы разам з калегамі сваё адкрыццё, Джэрасі стаў адным з вынаходнікаў аральных кантрацэптываў, а інакш — асновы першых у свеце супрацьзачаткавых таблетак. Наступныя даследаванні Грэгары Пінкуса і Джона Рока прывялі да адабрэння таблетак у якасці медыкаментаў і першым продажам у ЗША, што паклала пачатак сэксуальнай рэвалюцыі. У наступныя гады Джэрасі стаў вядомы працамі аб выкарыстанні фізічных метадаў у арганічнай хіміі, аб вывучэнні працэсу біясінтэзу, па даследаванні структуры стэроідаў, алкалоідаў, антыбіётыкаў, ліпідаў і тэрпеноідаў, якім прысвяціў некалькі манаграфій і больш за тысячу артыкулаў. Акрамя гэтага, працаваў над прымяненнем штучнага інтэлекту ў медыка-біялагічных даследаваннях, распрацоўваў сродкі па барацьбе з насякомымі-шкоднікамі. Таксама займаўся літаратурнай і выкладчыцкай дзейнасцю.