У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вашчанка.
Гаўрыла Вашчанка (20 чэрвеня 1928, в. Чыкалавічы, Брагінскі раён, Гомельская вобласць — 14 лютага 2014) — беларускі мастак, жывапісец[1]. Народны мастак БССР (1988). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1977)[1]. Прафесар (1980)[1]. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1987).
Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва ў 1955[1]. На педагагічнай працы з 1955 (з 1961 у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, загадчык кафедрай манументальна-дэкаратыўнага мастацтва з 1975)[1].
Персанальная карцінная галерэя Вашчанкі з 2002 дзейнічае ў Гомелі.
Працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Аўтар станковых і манументальных твораў пра гераізм савецкага народа ў гады Айчыннай вайны і пасляваеннай стваральнай працы[1]. Значнае месца ў творчасці Вашчанкі займала тэма адлюстраванння жыцця сучаснага Палесся (карціны «Маё Палессе», 1971; «Нафтавікі Палесся», «Сакавік», абедзве 1973)[1].
Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, роздумам над актуальнымі праблемамі часу і мінуўшчынай роднай зямлі, патрыятызмам. Характэрнай іх асаблівасцю з’яўляецца глыбокі філасофскі змест, пераданы лаканічнымі выяўленчымі сродкамі[1].
Сярод твораў: «Ад Савецкага інфармбюро», «Непакораная» (абедзве 1967), «Бетон», «Косцік» (абедзве 1970), «Юнацтва» (1971), «Маё Палессе», «Дума пра хлеб» (абедзве 1973), «Балада пра мужнасць» (1974), «Жнівень» (1975), «Мацярынскія крылы» (1975), «Прастора» (1978), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш. Важным падзеям беларускай гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К. Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974) і інш.
Аўтар мазаічнага пано «Палёт» (1963) у Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску. Зрабіў манументальныя размалёўкі «Зямля светлагорская» (1973[1], Палац культуры хімікаў у Светлагорску), энкаўстыкі[ru] «Асветнікі» (1976, Ліцэй БДУ), вітражы і люстры ў касцёле Сымона і Алены (1974, Мінск) і інш[1].
Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі — Я. Купалы, Я. Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К. Астрожскага, С. Буднага, В. Цяпінскага і інш.
Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка на Вікісховішчы |