Вараты́ншчына[1] (трансліт.: Varatynščyna, руск.: Воротынщина) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вендаражскага сельсавета. Размешчана за 23 км на захад ад Магілёва і 5 км ад чыгуначнай станцыі Вендрыж на лініі Магілёў — Асіповічы. Рэльеф раўнінны. На паўднёвым захадзе цячэ р. Жыварэзка (прыток р. Лахва). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Завярэжжа, Навасёлкі, Гуслішча і далей па шашы Магілёў — Бабруйск.
Вядома ў Расійскай імперыі з XVIII ст. У 1777 годзе вёска Варатнішчызна ў Магілёўскім павеце. У 1785 годзе ў Магілёўскім павеце, уласнасць памешчыка. Памешчык меў тут у 1864 годзе 219 дзес. зямлі. У 1869 годзе пачала дзейнічаць гарбарня. Паводле перапісу 1897 года ў Вендаражскай воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерні, побач стаялі 2 аднайменныя сядзібы.
У 1909 годзе мясцоваму памешчыку І. І. Пратасевічу належалі 174 дзесяціны зямлі, а ўсё вяскоўцы мелі толькі 54 дзесяціны. Дзейнічала сукнавальня.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.
У 1930 годзе арганізаваны калгас імя У. І. Леніна.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Вендараж» (цэнтр — в. Вендараж).
Планіровачна складаецца з працяглай вуліцы ламанага абрысу, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Забудавана двухбакова, шчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.