wd wp Пошук:

Валадар Глебавіч

Валадар Глебавіч (1090-я — пасля 1176/1177) — князь менскі (1151—1158; 1162—1176/1183), князь полацкі (1167).

Імкнуўся да дамінавання Менска ў Полацкай зямлі, выкарыстоўваў для гэтага атрады літоўцаў.

Біяграфія

Сын менскага князя Глеба Усяславіча, малодшы брат Расціслава Глебавіча.

З 1151 года, калі брат Расціслаў быў полацкім князем, Валадар сядзеў у Менску, трымаў у турме Рагвалода-Васіля. Гэтым часам, дачка Валадара — Сафія, у 1154 годзе заручана з будучым дацкім каралём Вальдэмарам I, а 23.10.1157 года ўзяла з ім шлюб.

У 1158 годзе Глебавічы вымушаны былі вызваліць Рагвалода-Васіля, які неўзабаве захапіў Друцк, выгнаў адтуль пляменніка Валадара — Глеба Расціславіча. Тады Расціслаў з Валадаром пайшлі на Друцк, але не здолелі ўзяць яго і заключылі мір з Рагалодам-Васілём. Пазней у 1158 годзе палачане выгналі Расціслава з Полацка і ён вярнуўся ў Менск. Полацкім князем зноў стаў (з 8.7.1158) Рагвалод-Васіль, які ў саюзе з смаленскімі князямі пайшоў супраць Глебавічаў. Забраў Ізяслаўль і перадаў сваім саюзнікам Давыдавічам — Брачыславу і Валодшы, але не здолеў у 10-дзённай аблозе узяць Менск і заключыў з Расціславам мір. Валадар, аднак, міру не заключаў, бо «ходяше под Литвою в лесех», т. б. быў недзе на памежжы з літоўцамі.

У 1159 годзе Глебавічы вярнулі сабе Ізяслаўль і захапілі Давыдавічаў — Брачыслава і Валодшу, якіх пасадзілі ў менскую турму. З-за гэтага ў 1160 годзе Рагвалод-Васіль арганізаваў новы паход на Менск, Давыдавічы былі вызваленыя і ім быў вернуты Ізяслаўль.

У 1161 годзе Рагвалод-Васіль з нейкіх прычын зноў ваяваў з Глебавічамі, але безвынікова. Недзе тым часам памёр Расціслаў і Валадар стаў менскім князем. У 1162 годзе Рагвалод-Васіль зноў прыйшоў да Менска, у некаторых летапісах напісана, што да Гарадца, супраць Валадара. Аблога Менска (або Гарадца) Рагвалодам-Васілём была няўдалай, у начной вылазцы Валадар, у войску якога была шмат літоўцаў, нанёс палачанам цяжкую паразу — шмат іх было забіта, яшчэ болей трапіла ў палон[1]. Рагвалод-Васіль уратаваўся уцёкамі ў Слуцк, у Полацк ён не вярнуўся, а пайшоў княжыць у Друцк. Полацкі сталец заняў Усяслаў Васількавіч.

У 1167 годзе Валадар з войскам, дзе зноў было шмат літоўцаў, выступіў супраць Усяслава Васількавіча, перамог яго ў бітве і заняў полацкі сталец[1] і заключыў з полацкім вечам умовы, замацаваныя крыжацалаваннем. Затым Валадар скіраваўся на Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але, даведаўся, што на дапамогу віцяблянам ідзе смаленскі князь Раман, і вярнуўся ў Менск[1]. Гэта паклала канец актыўнай дзейнасці Валадара, але інтрыгаваў — так, у тым самым 1167 годзе, разам з Вячкам Святаславічам ён дапамог наўгародцам паслаць у Кіеў весткі пра напад на іх смаленцаў, суздальцаў і палачанаў.

Напэўна, Валадар жыў яшчэ ў 1176/1177 годзе, калі вендамі быў схоплены нейкі Клемент, які вёз бацькавы падарункі дацкай каралеве Сафіі[2].

Сям’я

5 чэрвеня 1135 г. ажаніўся, верагодна другім шлюбам, з Рыксай дачкой Баляслава III Крывавусты.

Дзеці ад гэтага шлюбу:

Радавод

Зноскі

  1. 1 2 3 4 БС, 1982
  2. Уильям Кентерберийский. Житие и чудеса святого Фомы // Английские средневековые источники IX—XIII вв.: Тексты, перевод, комментарий. — М., 1979. — С. 41; Lind J. De russiske ægteskaber: Dynasti- og alliancepolitik i 1130’ernes Danske borgerkrig // Historisk tidsskrift. — København, 1992. B. 92. H. 2. — S. 260. Даецца паводле Аляксея Кібіня.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Князі менскія
Катэгорыя·Ізяславічы Полацкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1090 годзе