wd wp Пошук:

Будслаўскі фэст

Будслаўскі фэст — штогадовая ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Абраз славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, паводле легенды, адбылося 2 ліпеня 1588 г.[1] 28 лістапада 2018 года фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА[2][3].

Гісторыя

У 1992 годзе адбылося першае афіцыйнае масавае паломніцтва да цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай, у якім паўдзельнічала 45 груп пілігрымаў[4].

2 ліпеня 1996 г. архібіскуп Дамінік Грушаўскі перадаў папскую булу, у якой Маці Божая Будслаўская абвяшчалася апякункай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі[5]. Роўна праз два гады цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі. Каранацыю здзейсніў першы беларускі кардынал, арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Казімір Свёнтак. У сваім казанні ён абвясціў Маці Божаю Будслаўскую заступніцай і царыцай Беларусі, а будслаўскі касцёл — нацыянальным санктуарыем[6].

У 2013 г. у Будславе адбылася вялікая юбілейная ўрачыстасць, прысвечаная 400-годдзю здабыцця абраза Маці Божай Будслаўскай[7].

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02 жніўня 2016 г. № 607 Будслаўскі фэст унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[8].

28 лістапада 2018 г. на 13-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА у г. Порт-Луі (Маўрыкій) было прынятае адзінагалоснае рашэнне аб уключэнні беларускага элемента нематэрыянай культурнай спадчыны «Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай („Будслаўскі фэст“)» у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва[9].

Будслаўскі фэст, які распачаўся 2 ліпеня 2021 года, моцна адрозніваецца ад папярэдніх. Гэтым разам вернікі не маюць магчымасць зайсці ў пашкоджаную пажарам базыліку, і таму абраз Маці Божай знаходзіцца на палявым алтары на адкрытым паветры. Апошні раз падобнае было ў 1998 годзе, калі каранавалі будслаўскую ікону[10].

Апісанне

Абраз Маці Божай Будслаўскай

Будслаўскі фэст адбываецца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня. На фэст у Будслаў з’язджаюцца, як правіла, усе біскупы Каталіцкай Царквы Беларусі, вялікая колькасць святароў і прадстаўнікі самых розных манаскіх ордэнаў. Абавязкова ўдзельнічае ва ўрачыстасцях Апостальскі нунцый у Беларусі. Прыязджаюць у Будслаў прадстаўнікі Грэка-Каталіцкага (уніяцкага) духавенства і Праваслаўнай Царквы, а таксама іерархі іншых краін, прадстаўнікі ўрада і мясцовага кіраўніцтва[1].

Будслаў з’яўляецца галоўным аб’ектам паломніцтва католікаў Беларусі. Паломнікамі на Будслаўскі фэст з’яўляюцца вернікі з іншых краін: Расіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Украіны, Італіі, якія прыязджаюць па чыгунцы, на асабістым транспарце, аўтобусамі, якія заказваюць прыходы, па вадзе (на байдарках), на веласіпедах. Аднак найвялікшай павагай карыстаюцца тыя з іх, хто шлях у Будслаў пераадольвае пешшу. Праграма свята ўключае сустрэчу і прывітанне паломнікаў святарамі, Святыя Імшы, якія ідуць адна за адной, начную працэсію са свечкамі, маладзёжнае малітоўнае чуванне, пакланенне найсвяцейшым дарам, гадзіны малітвы Маці Божай, святы Разарый, літанію да Божай Маці і інш[1].

Традыцыю ўшанавання абраза Маці Божай Будслаўскай вернікі пераймаюць у сям’і ці праз царкоўныя суполкі. На фэст часта прыязджаюць сем’ямі, прысутнічаюць вернікі рознага ўзросту, што садзейнічае захаванню сувязей паміж пакаленнямі[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст»)
  2. Celebration in honor of the Budslaŭ icon of Our Lady (Budslaŭ fest)(англ.) . ЮНЕСКА (5 красавіка 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
  3. ЮНЕСКА ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны(нявызн.). Наша Ніва (28 лістапада 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
  4. Будслаўскі фэст: доўгая дарога да UNESCO
  5. Будслаў заварожвае Архівавана 12 кастрычніка 2019.
  6. Около 30 тыс. паломников прибудут на Будславский фест
  7. Будслаўскі фэст Архівавана 12 кастрычніка 2019.
  8. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь Архівавана 29 верасня 2018.
  9. Будслаўскі фэст уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва
  10. catholic.by

Літаратура

Публікацыі ў перыядычных выданнях

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Каталіцтва ў Беларусі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Фестывалі паводле алфавіта
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Беларусі
Катэгорыя·Каталіцкія паломніцтвы
Катэгорыя·Будслаў (аграгарадок)