Беларуская вясна (укр.: Білоруська весна) — штогадовы фестываль сучаснай беларускай культуры, які праводзіўся ў 2007—2011 гадах у Кіеве і іншых гарадах Украіны[1].
Па словах арганізатараў, фестываль меў на мэце пазнаёміць «украінцаў з Беларуссю рознай, якой яны не ведаюць»,[2] «прадставіць ва Украіне свежую і актуальную беларускую культуру па-за стэрэатыпамі»[3] і сумяшчаў у сабе мастацкія і грамадска-палітычныя складнікі.
У межах «Беларускай вясны» адбываліся публічныя дыскусіі, вулічныя акцыі і перформансы, музычныя канцэрты, кінапаказы, выставы фота, СМІ і карыкатур, літаратурныя чытанні і паэтычныя слэмы[4][5][6][7][8].
Мерапрыемствы фестывалю праходзілі ў розных месцах Кіева на працягу двух-чатырох тыдняў, пасля чаго некаторыя элементы праграмы паўтараліся ў некалькіх іншых гарадах. Напрыклад, у 2009 годзе рэгіянальныя мерапрыемствы прайшлі ў Львове, Івана-Франкоўску, Цярнопалі, Луцку, Харкаве, Данецку, Крэменчугу і Луганску[9], у 2010 — у Браварах, Харкаве, Львове, Івана-Франкоўску, Чарнаўцах, Дняпры і Херсоне[10].
У літаратурных падзеях фестывалю ў розныя гады з беларускага боку ўдзельнічалі ў прыватнасці Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч, Уладзіслаў Ахроменка, Наталля Бабіна; з украінскага — Аляксандр Ірванец, Сяргей Панцюк, Святлана Паваляева, Дзмітрый Лазуткін, Арцём Палежака, Дзвінка і Багдана Маціяш і іншыя.
У межах «Беларускай вясны» адбыліся прэм’ерныя ва Украіне паказы фільмаў «Плошча» Юрыя Хашчавацкага пра пратэсты 2006 года[11], «Беларускі супраціў[be-tarask]» Антося Цялежнікава пра пасляваенную антысавецкую партызанку[12], «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі[13], «Каралеўства мёртвых мышэй» Віктара Дашука[14].
Грамадска-палітычны складнік фестывалю быў прадстаўлены, у прыватнасці, круглымі сталамі, прысвечанымі стратэгіі ўкраінскіх грамадскіх арганізацый у дачыненні да Беларусі (2007)[15], медыйнага асяроддзя ў Беларусі (2008)[16], нацыянальнай ідэнтычнасці ва Усходняй Еўропе (2009)[17], цензуры ў кнігавыданні ў Беларусі і Украіне (2009)[18][19], аўтарытарызацыі ўлады ва Украіне на фоне беларускага вопыту (2011)[20]. У дыскусіях сярод іншых прымалі ўдзел Віталь Портнікаў, Васіль Кастыцкі, Алесь Ульяненка, Аксана Ляўкова, Юрый Макараў, Багдан Куцепаў, Уладзімір Чэмерыс.