wd wp Пошук:

Бахань

Бахань (трансліт.: Bachań, руск.: Бахань) — былая вёска ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіла ў склад Баханскага сельсавета. Размешчана за 27 км на паўднёвы захад ад Слаўгарада, 97 км ад Магілёва, 42 км ад чыгуначнай станцыі Быхаў на лініі МагілёўЖлобін.

Рэльеф раўнінны, у цэнтры вадаём, на поўдзень, захад ад вёскі і праз яе праходзілі меліярацыйныя каналы, злучаныя з р. Баброўка (прыток р. Дняпро).

Транспартныя сувязі на мясцовай дарозе праз в. Вялікая Зімніца, в. Малая Зімніца і далей па шашы ДоўскСлаўгарад. Вёска пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, адселена.

Гісторыя

Вядома паводле пісьмовых крыніц з 1567 года як сяло ў Рэчыцкім павеце Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. У 1586 годзе Боханы ў Рагачоўскай воласці, дзяржаўная ўласнасць. Згадваецца ў 1675 годзе як вёска ва ўладанні Міхала і Аляксандра Валяр’янавічаў Юдыцкіх у Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[1].

Пад уладай Расійскай імперыі

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў складзе Расійскай імперыі.

У 1841 годзе пабудавана царква з дрэва. У 1858 годзе ў Быхаўскім павеце, уласнасць памешчыка. У 1864 годзе адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1889 годзе навучалася 40 хлопчыкаў. Непадалёку быў аднайменны маёнтак, гаспадар якога меў у 1862 годзе 1311 дзесяцін зямлі і карчму. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся калёсным, кушнерскім, кавальскім, бандарным і кравецкім промысламі.

У 1897 годзе меліся крама, 2 хлебазапасныя магазіны (адкрыты не пазней 1882), фельчарска-акушэрскі пункт, заезны дом.

Найноўшы час

У 1909 годзе дзейнічалі казённая вінная крама і лячэбніца.

На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені. Дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. З 1919 года ў Быхаўскім павеце Гомельскай губерні РСФСР, з 20 жніўня 1924 года ў Журавіцкім, з 8 ліпеня 1931 года ў Быхаўскім, з 12 лютага 1935 года ў Доўскім, з 5 красавіка 1935 года ў Журавіцкім, з 12 снежня 1956 года ў Быхаўскім, з 31 сакавіка 1958 года ў Слаўгарадскім, з 25 снежня 1962 года ў Быхаўскім, з 6 студзеня 1965 года ў Слаўгарадскім раёнах Магілёўскай акругі БССР (да ліпеня 1930), Гомельскай вобласці (15 студзеня 193817 снежня 1956), з 17 снежня 1956 года ў Магілёўскай вобласці. 2 чэрвеня 1919 года адкрыта хата-чытальня. У 1924 годзе арганізавана сельскагаспадарчае таварыства, якое аб’ядноўвала 60 гаспадарак. З 20 жніўня 1924 года цэнтр сельсавета. У 1930-я гг. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя А. В. Суворава.

У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 25 лістапада 1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У брацкай магіле, што ў цэнтры вёскі, пахаваны 97 савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1943 годзе. На фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 227 жыхароў з вёсак Баханскага сельсавета. У памяць аб іх у 1967 годзе ў цэнтры вёскі ўзведзена мемарыяльная сцяна, на якой 2 дошкі з імёнамі загінуўшых.

У склад сельсавета ўваходзілі 4 вёскі і 9 пасёлкаў. Да 1977 года ў склад сельсавета ўваходзіў таксама пасёлак Паленава, які перастаў існаваць.

Вёска пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

У 1990 годзе ў вёсцы размяшчаліся вытворчая брыгада, жывёлагадоўчы комплекс, майстэрня па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, лесапільня, устаноўка па прыгатаванні вітаміннай мукі, былі клуб, бібліятэка, 8-гадовая школа, інтэрнат, урачэбны участак, аптэка, магазін, аддзяленне сувязі, аддзяленне ашчаднага банка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Ліквідавана 26 лютага 2002 года[2].

Планіроўка

Праект планіроўкі і забудовы быў распрацаваны ў 1984 годзе Магілёўскім філіялам інстытута «Белкалгаспраект».

Планіровачна складалася з паўночнай, заходняй і ўсходняй частак, падзеленых паміж сабою меліярацыйным каналам і штучным вадаёмам. Кожная частка мела прамавугольную сетку вуліц, забудаваных двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Уздоўж вадаёма, паміж паўночнай і ўсходняй часткамі, размяшчаўся грамадскі цэнтр. Тут жа было пабудавана шмат мураваных адна і двухпавярховых жылых дамоў. Вытворчы сектар разгрупаваны ў розных частках вёскі, на поўдзень — калгасны сад.

Насельніцтва

Славутасці

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. НГАБ, ф. 1875, воп. 1, спр. 2, с. 717
  2. Рашэнне Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў ад 26.02.2002 г. № 15-4
  3. 1 2 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Артыкулы пра населеныя пункты без катэгорыі на Вікісховішчы
Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Слаўгарадскага раёна
Катэгорыя·Зніклі ў 2002 годзе
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі, адселеныя пасля Чарнобыльскай катастрофы