Арцём Яўгенавіч Арашонак (27 ліпеня 1981, Віцебск) — беларускі пісьменнік, перакладчык.
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2007). Фіналіст літаратурнага конкурса імя Наталлі Арсенневай (2003) Беларускага ПЭН-цэнтра.
Скончыў у 2004 г. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці «нямецкая і англійская мовы». Вучыўся ў беларускага перакладчыка Уладзіміра Папковіча. У друку дэбютаваў у 1999 з вершамі. Аўтар кніг «Сэнр’ю»[1] (сэнр’ю, танка, кароткая проза, 2007) і «Суткі без цябе»[2] (проза, 2008).
Мае публікацыі ў рэспубліканскіх выданнях («Наша ніва», «Літаратура і мастацтва», «Дзеяслоў», «ARCHE» і інш.), альманаху «Дзвіна», «Шагаловском международном ежегоднике». Адзін з аўтараў калектыўнага зборніку «12+1»[3], зборніку мужчынскіх апавяданняў «Паветраны шар»[4]. Адзін са 198 перакладчыкаў, што прымалі ўдзел у стварэнні фундаментальнай анталогіі беларускага перакладу «Галасы з-за небакраю»[5].
Аўтар перакладу на беларускую мову кнігі Германа Гесэ «Сідхартха»[6] (2007). Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Эрыха Фрыда, Эрыха Марыя Рэмарка, Генрыха Бёля, Крысцінэ Нёстлінгер, Імы фон Бадмерсгоф, Рамоны Лінке, Ханса Крупы і іншых. Пераклаў у суаўтарстве на беларускую мову вершы Генадзя Айгі[7].
Творы А. Арашонка перакладзены на англійскую, польскую і рускую мовы.