Анто́н Бо́рык (7 ліпеня 1894[A 1], в. Свілы, цяпер Гродзенская вобласць[1][A 2] — пасля 1939) — беларускі палітычны і вайсковы дзеяч. Дыпламат Беларускай Народнай Рэспублікі, удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
З 1917 года працягваў службу ў Польскім корпусе Доўбар-Мусніцкага. У 1918 годзе пакідае вайсковую службу і пераязджае ў Вільню. Уваходзіць у склад Віленскай беларускай рады. Ён адзін з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Горадні. Уваходзіць у беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
У канцы сакавіка 1919 года ў гарадзенскім клубе «Беларуская хатка» на ўрачыстай вячэры ў гонар беларускага ўраду ўзняў тост: «Няхай жыве Беларусь з Польшчай!», падтрыманы некаторымі прысутнымі[2].
Першы афіцыйны пасланнік Беларускай Народнай Рэспублікі ў Германіі. 23 сакавіка 1919 года прыбыў у Берлін з Горадні як кіраўнік Беларускай вайсковай місіі па справах ваеннапалонных. Напачатку красавіка Борык наладзіў сувязь з Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных. Распачаў працу сярод беларусаў-вайскоўцаў. Дапамагаў яму ў працы генерал Кіпрыян Кандратовіч, які ўваходзіў у склад дэлегацыі БНР на Парыжскую мірную канферэнцыю[3]. 30 чэрвеня 1919 года разам з Кузьмом Цярэшчанкам заклаў «Аддзел збліжэння палоненых беларусаў у Нямеччыне з родным краем».
Увесну 1920 года Борык знаходзіўся ў Рызе. Нечакана выявілася, што ён мае два пашпарты: беларускі пад № 29 ад 29 студзеня 1920 года і расійскі пад № 285 ад 13 красавіка 1920 года, які выдала расійская дэлегацыя ў Берліне. Беларусы абвінавацілі яго ў здрадзе. Борык заявіў, што «не лічыць сябе ні беларускім, ні расійскім грамадзянінам…»[4]
Да лета 1920 года працуе выканаўчым дырэктарам берлінскай фірмы «Сіндыкат Сапегі для Еўропы і Азіі ў Беларусі», уласнікам якой быў Станіслаў Леў Сапега-Ваявода і які пэўны час дапамагаў БНР грашыма[3]. Знаходзячыся ў Германіі, перадаваў грошы і сродкі беларускім школам. У сярэдзіне лета 1920 года з’язджае з Берліна ў Латвію. Пасля едзе ў Гродна на запрашэнне беларускіх вайскоўцаў. Узначальвае агульны аддзел Беларускай вайсковай камісіі ў Лодзі.
У канцы лістапада на чале з Кузьмом Цярэшчанкам прыбыў у званні капітана з Лодзі ў Семежава для ўдзелу ў Слуцкім збройным чыне (разам з ім прыбылі яшчэ 3 афіцэры з 12 пасланых — капітаны Андрэй Якубецкі, Антон Сокал-Кутылоўскі, паручнік Тодар Янушэнка). Прымаў удзел у Слуцкім збройным чыне, узначальваў пэўны час штаб 1-й Слуцкай брыгады. Быў праціўнікам супольных дзеянняў з атрадамі Станіслава Булак-Балаховіча. Дасылаў нататкі пра паўстанне ў газеты «Наша думка» і «Беларускае слова».
Разам з прыхільнікамі генерала Булак-Балаховіча — Хведашчэням, Арсенем Паўлюкевічам і паручнікам Мацелі, Борык (магчыма змяніў адносіны да Булаховіча, пасля адхілення ад пасады шэфа штаба Слуцкай брыгады), адступіў з Морача, апошняга апорнага пункту случчакоў, у Давыд-Гарадок. Тамака паўстанцы і балахоўцы, якія да іх далучыліся, былі абяззброеныя палякамі[5].
Пасля заканчэння паўстання — у Латвіі, пасля ў Коўне, Вільні, Варшаве. У апошняй быў адным з арганізатараў Таварыства беларускай школы.
У канцы 1930-х гадоў жыў у Вільні, працаваў у кіраўніцтве Віленскай чыгункі. Звесткі губляюцца з пачаткам Другой сусветнай вайны. Лічыцца, што згінуў напачатку 1940-х[6].