wd wp Пошук:

Антон Андрэевіч Сурапін

Антон Андрэевіч Сурапін (нар. 28 лютага 1992, Слуцк, Беларусь) — фотажурналіст, стваральнік сайту bnp.by — «Belarus News Photo», сябра БАЖ, пастаянны карэспандэнт Mediakritika.by, у сетцы інтэрнэт больш вядомы як Soul, вязень сумлення[1][2].

Біяграфія

Антон Сурапін нарадзіўся 28 лютага 1992 г. у г. Слуцку, Мінскай вобласці.

З восьмага класа хацеў быць праграмістам. У 11 класе абраў прафесію «Вэб-журналістыка». З 2009 г. — студэнт Інстытута журналістыкі БДУ. Будучы студэнтам, супрацоўнічаў з шматлікімі інфармацыйнымі выданнямі і інтэрнэтрэсурсамі.

У 2010 г. стварыў сайт bnp.by — «Belarus News Photo», які вёў да 2014 г.[3]

А. Сурапін быў першым журналістам, які размясціў на сваім сайце фотаздымак «плюшавага дэсанта»[4] — цацачнага мядзведзя з прычэпленымі да яго антыдыктатарскімі лозунгамі. 4 ліпеня 2012 г., на наступны дзень пасля дзяржаўнага свята, Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь, амаль 900 такіх цацак скінулі з самалёта двое грамадзян Швецыі, супрацоўнікі піар-агенцтва Studio Total, у знак пратэсту супраць парушэння свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь. На цацках былі прымацаваныя аркушыкі паперы з надпісамі на беларускай  ці англійскай мовах: «We support the Belarusian struggle for free speech», «FREE SPEECH NOW», «Цацкі патрабуюць абароны правоў чалавека ў Беларусі» і «Нас немагчыма прымусіць маўчаць». Мэтай акцыі было, як кажа адная з удзельніц «плюшавага дэсанту» Л. Карлсан: «нагадаць свету, што ў Беларусі ёсць людзі, якіх пасадзілі ў турмы за тое, што яны гаварылі праўду».

Мяжу з Беларуссю шведы перасяклі нелегальна, пераляцелі яе з боку Літвы на аднаматорным самалёце. На скінутыя імі над Івянцом і ўскраінай Мінска цацкі з лозунгамі палявалі міліцыя і спецслужбы. Міністэрства абароны абвясціла, што ніякага самалёта з мядзведзікамі не было. Камандуючы войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Дзмітры Пахмелкін заявіў, што «гэта была стопрацэнтная правакацыя супраць Беларусі пры падтрымцы замежных спецслужб. Нашыя сродкі ВПС і ВПА не падцвердзілі парушэння паветранай прасторы невядомым самалётам».[5]

І тут у інтэрнэце, на сайце Belarusian News Photos з’явіўся здымак мядзведзіка — доказ таго, што самалёт са Швецыі усё ж быў.

Пачаліся арышты. 6 ліпеня 2012 г.  супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ прадпрыймальнік рыэлтар Сяргей Башарымаў, праз якога шведскія актывісты здымалі кватэру падчас свайго прыезду ў Мінск у маі 2012 г. Затым ён яшчэ раз прадставіў кватэру двум памочнікам пілотаў, якія прыехалі ў Мінск напярэдадні акцыі і з’ехалі адразу пасля яе. Таксама  6 ліпеня на суткі КДБ была затрыманая дзяўчына С. Башарымава — Ірына.[6]

13 ліпеня 2012 г. у мінскай кватэры, у якой пражываў, быў затрыманы А. Сурапін. Папярэдне ў яго быў праведзены ператрус. Малады студэнт-журналіст быў змешчаны ў СІЗА КДБ.

16 і 23 ліпеня 2012 г. адпаведна ім было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы РБ) КК РБ. Інфармацыя аб прад’яўленні абвінавачвання з’явілася на афіцыйным сайце КДБ толькі 7 жніўня 2012 г. КДБ прапанавала шведскім актывістам «прыбыць у Мінск для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазраваных, у тым ліку для правядзення вочных ставак. Па выніках будуць прынятыя канчатковыя адпаведныя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да беларускіх грамадзян, якія праходзяць па крымінальнай справе».

17 ліпеня 2012 г. шведскія ўдзельнікі «плюшавага дэсанта» звярнуліся да ўладаў Беларусі з заклікам вызваліць усіх арыштаваных па гэтай справе.[7]

У гэты ж дзень беларускія фатографы зладзілі акцыю падтрымкі А. Сурапіна, размясціўшы ў інтэрнэце свае фатаграфіі з тым самым мядзведзікам, які трымае шыльду з надпісам «Няма фотаздымкаў — няма праблем?».

У канцы ліпеня 2012 г. некалькі дзён запар адвакат А. Сурапіна не мог дабіцца сустрэчы з падабаронным у СІЗА КДБ.

19 ліпеня 2012 г. з патрабаваннем неадкладна вызваліць А. Сурапіна выступілі праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» і Міжнародны камітэт абароны журналістаў.

25 ліпеня 2012 г. прызнаны Міжнароднай Амністыяй вязнем сумлення.[8] Праваабаронцы запатрабавалі неадкладнага вызвалення А. Сурапіна і С. Башарымава і зняцця з іх усіх абвінавачванняў. Паводле гэтай арганізацыі, арышт А. Сурапіна стаў самым абсурдным арыштам у свеце па выніках 2012 г.[9]

31 ліпеня 2012 г. А. Лукашэнка звольніў з пасады старшыні Дзяржпагранкамітэту І. Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі ВПА Дз. Пахмелкіна за неналежнае выкананне службовых абавязкаў пры запэўніванні нацыянальнай бяспекі РБ. Вымовы і спагнанні атрымалі іншыя вышэйшыя службовыя асобы.

1 жніўня 2012 г. МЗС Беларусі не працягнуў акрэдытацыю амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану. Фактычнае высланне амбасадара стала своеасаблівай помстаю за шведскі «плюшавы дэсант».

7 жніўня 2012 г. абвінавачванне А. Сурапіну было прад’яўлена афіцыйна.

8 жніўня 2012 г., падчас акцыі салідарнасці з А. Сурапіным, былі затрыманыя журналісткі Юля Дарашкевіч і Ірына Козлік, якія рабілі здымкі з мядзведзікамі. 9 жніўня суддзя Дзмітры Паўлючэнка прызнаў  іх вынаватымі ў несанкцыянаваным пікетаванні і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў кожную.

14 жніўня 2012 г. БАЖ выступіў з паручальніцтвам і пачаў збор паручальніцтваў за А. Сурапіна.

17 жніўня 2012 г. А. Сурапін і С. Башарымаў былі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Абвінавачанне пры гэтым засталося ў сіле.

Часопіс «Рускі рэпарцёр» абраў А. Сурапіна чалавекам года ў 2012 г.[10]

28 чэрвеня 2013 г. першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка паведаміў аб закрыцці крымінальнай справы аб «плюшавым дэсанце».[11] З А. Сурапіна і С. Башарымава былі знятыя ўсе абвінавачванні.

24 лiпеня 2013 г. А. Сурапін прэзентаваў у Гродне сайт freelance.baj.by, створаны для фрылансераў, якія працуюць у медыях.[12]

У лістападзе 2014 г. А. Сурапін быў прызваны ў войска. Служыў у Слоніме. Дэмабілізаваўся ў лістападзе 2015 г. Вёў публічныя «Дзённікі салдата», праект сайта TUT.By.[13][14]

У 2015 г. А.Сурапін падаў заяву ў суд на кампенсацыю за месяц зняволення ў СІЗА КДБ. Запатрабаваў кампенсацыю ў памеры 190 мільёнаў рублёў. 2 сакавіка 2016 г. суд Маскоўскага раёна г. Мінска пастанавіў выплаціць А. Сурапіну кампенсацыю ў памеры 8 мільёнаў беларускіх рублёў.[15]

А. Сурапін адзін з 200 дзеячаў культуры што выступілі супраць затрымання і адміністрацыйнага арышту работнікаў культуры і мастачак Анастасіі Ранько, Алены Немік, Лідзіі Вярыга і іншых грамадзян, затрыманых на мірнай акцыі «Марш недармаедаў» 15 сакавіка 2017 года.[16]

Узнагароды

Праўленне ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» 29 снежня 2015 г. узнагародзіла пераможцу конкурсу «Свабодны палёт» журналіста А. Сурапіна за тэкст «Як я быў журналістам-фрылансерам і медыяасобай»[17], дзе малады чалавек апісвае прыгоды апошніх некалькіх год свайго жыцця і працы.[18]

Адлюстраванне арышту ў культуры

Міні-фільм у цыкле «Хроніка суднага часу» прысвечаны А. Сурапіну. Аўтар праекту Алег Дашкевіч.[19]

Працы

Літаратура

Зноскі

  1. http://harodniaspring.org/be/news/2697(недаступная+спасылка) Сурапін вязень сумленьня, Башарымаў — не
  2. http://old.baj.by/be/node/13152 Amnesty International признала Суряпина узником совести
  3. http://www.bnp.by/
  4. https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%BB%D1%8E%D1%88%D0%B5%D0%B2%D1%8B%D0%B9_%D0%B4%D0%B5%D1%81%D0%B0%D0%BD%D1%82
  5. http://www.bbc.com/russian/international/2012/07/120718_belarus_sweden_flight.shtml Студент арестован в Белоруссии за фото мишек из Швеции
  6. https://translate.googleusercontent.com/translate_c?depth=1&hl=ru&prev=search&rurl=translate.google.by&sl=be&sp=nmt4&u=https://euroradio.fm/report/dzyawchyna-basharymava-myane-sutki-pratrymali-w-amerykantsy-113260&xid=17259,15700023,15700105,15700124,15700149,15700168,15700173,15700186,15700201&usg=ALkJrhj7O2bMVKNQBsIiYiP3T4koMQfkyw
  7. http://www.radyjo.net/4/92/Artykul/106210(недаступная+спасылка) Швэдзкія пілёты: адпусьціце хлопцаў! Яны невінаватыя!
  8. http://nashaniva.by/?c=ar&i=77335

Антон Сурапін прызнаны вязнем сумлення

https://nashaniva.by/?c=ar&i=77335 9. Арест Суряпина за фото плюшевых мишек признан самым абсурдным в мире

https://nashaniva.by/?c=ar&i=102584&lang=ru 10. http://www.rusrep.ru/article/2012/12/18/lyudi/ Люди года — 2012 11. https://amnesty.org.ru/node/2538/ Архівавана 3 ліпеня 2017. В Беларуси закрыто дело о плюшевом десанте 12. http://www.t-styl.info/by/115/society/10839/(недаступная+спасылка) Гарадзенскія журналісты пазнаёміліся з новай пляцоўкай для фрылансераў 13. https://news.tut.by/tag/1861-dnevniki-soldata.html Архівавана 25 лістапада 2016. Дневники солдата 14. https://news.tut.by/society/473690.html Архівавана 21 лістапада 2016. Солдат-срочник Антон Суряпин, который вел дневники своей службы, демобилизовался 15. https://baj.by/be/content/anton-surapin-adsudziu-u-dzyarzhavy-8-milyonau-kampensacyi-za-mesyac-u-siza-kdb Антон Сурапін адсудзіў у дзяржавы 8 мільёнаў кампенсацыі за месяц у СІЗА КДБ 16. https://www.intex-press.by/2017/03/22/200-deyatelej-kultury-vystupili-s-zayavleniem-v-svyazi-s-zaderzhaniyami-i-arestami/ Архівавана 24 студзеня 2021. 17. https://baj.by/be/analytics/yak-ya-byu-zhurnalistam-frylanseram-i-medyyaasobay 18. http://westki.info/blogs/19771/peramozhcam-konkursu-svabodny-palyot-stau-anton-surapin(недаступная+спасылка) Пераможцам конкурсу «Свабодны палёт» стаў Антон Сурапін 19. https://www.youtube.com/watch?v=HBmgTyels7U Мара Антона Сурапіна

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Артыкулы да фарматавання
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 лютага
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцку
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1992 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»