Антон Іванавіч Ятусевіч (нар. 2 студзеня 1947, в. Асабовічы, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі вучоны ў галіне ветэрынарыі і паразіталогіі. Доктар ветэрынарных навук (1990), прафесар (1991), замежны член Расійскай акадэміі навук (2014) і Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (2012). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999).
Скончыў Асабовіцкую васьмігадовую школу (1962), Пінскі зааветтэхнікум (1967) па спецыяльнасці «зааветтэхнік», Віцебскі ветэрынарны інстытут па спецыяльнасці «ветэрынарыя» з адзнакай (1972)[1].
Працоўную дзейнасць пачаў заатэхнікам калгаса «Знамя» Пінскага раёна (1966—1967). Затым працаваў галоўным ветэрынарным урачом калгаса імя Чырвонай Арміі Віцебскага раёна (1972—1973).
На навуковай працы з 1973 года ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце: старшы выкладчык, асістэнт (1973—1980), дацэнт кафедры паразіталогіі і інвазійных хвароб жывёлаў факультэта ветэрынарнай медыцыны, у 1990—2008 гадах і з 2016 года — прафесар, загадчык кафедры паразіталогіі і інвазійных хвароб жывёлаў ВДАВМ[1].
Аданачасова ў 1984—1988 гадах — прарэктар па вучэбнай рабоце, сакратар партыйнага камітэта (1988—1990), рэктар установы адукацыі «Віцебская ордэна „Знак Пашаны“ дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» (1998—2016). Па яго ініцыятыве ў акадэміі былі адкрыты дзве новыя спецыяльнасці — «Ветэрынарная санітарыя і экспертыза» і «Ветэрынарная фармацыя». У свой час былі адкрыты шэсць новых спецыялізацый па ключавых напрамках ветэрынарнай медыцыны і заатэхніі, а таксама два філіялы акадэміі — у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Упершыню ў гісторыі аграрнай адукацыі на базе акадэміі адкрыты навукова-даследчы інстытут прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі[2].
У 1995 годзе пад рэдакцыяй А. І. Ятусевіча выйшла «Ветэрынарная энцыклапедыя», якая ўтрымлівала каля 10 тыс. тэрмінаў і была першым падобным выданнем на беларускай мове[3]. На працягу доўгіх гадоў прафесар быў галоўным рэдактарам часопіса «Ветеринарная медицина Беларуси» і «Ветеринарной газеты». Пад ягоным кіраўніцтвам распрацаваны «Закон аб ветэрынарнай дзейнасці»[2].
Выбіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання[4]. Тройчы выбіраўся дэлегатам Усебеларускага народнага сходу[5].
Навуковыя інтарэсы прысвечаны распрацоўцы тэарэтычных і практычных асноў аховы жывёл ад паразітарных хвароб у прымяненні да прыродна-кліматычных умоў Рэспублікі Беларусь. Аўтар больш як 710 навуковых прац, у тым ліку 46 падручнікаў, даведнікаў, манаграфій. Падрыхтаваў 27 кандыдатаў і дактароў навук[1].
Правёў шэраг арыгінальных даследаванняў па вывучэнні змяшаных хвароб жывёл, якія з’явіліся тэарэтычнай базай для развіцця навуковага кірунку па вывучэнні ўзаемаадносін бактэрый, вірусаў з гельмінтамі і прасцейшымі ў арганізме жывёл. Падрабязна вывучыў відавы склад узбуджальнікаў протазаозаў жывёл у гаспадарках Рэспублікі Беларусь, паразітафауну жывёл у буйных свінагадоўчых гаспадарках, зверафермах і птушкафабрыках.
Прафесар А. І. Ятусевіч прводзіў важныя даследаванні па пошуку супрацьпаразітарных сродкаў з мясцовай лекавай сыравіны расліннага паходжання. Ён прапанаваў высокаэфектыўныя антгельмінтыкі супраць кішачных нематадозаў і акарыцыдныя сродкі для лячэння хворай на дэмадэкоз буйной рагатай жывёлы і на іншыя карослівыя хваробы. Распрацаваў шэраг ветэрынарных інструментаў і прыбораў, а таксама сродкі для дэзінвазіі навакольнага асяроддзя, якія выкарыстоўваюцца ў практыцы і шэраг арыгінальных спосабаў культывавання і вылучэння прасцейшых. Праведзеныя даследаванні з’явіліся асновай для распрацоўкі новых і ўдасканалення існуючых сродкаў барацьбы з паразітозамі жывёл, якія маюць вялікае практычнае значэнне.
Пад кіраўніцтвам А. І. Ятусевіча створаны звыш 100 новых ветэрынарных прэпаратаў, прыбораў і апаратаў, якія паспяхова прымяняюцца ў ветэрынарнай практыцы, што істотна знізіла імпарт ветэрынарных лекаў[2].
Кандыдат ветэрынарных навук (1978), доктар ветэрынарных навук (1990), прафесар (1991). Доктарскую дысертацыю на тэму «Эймерыёзы і ізаспароз свінняў (этыялогія, эпізааталогіі, патагенез, сімптаматыка, тэрапія і прафілактыка)» абараніў у Ленінградскім ветэрынарным інстытуце ў 1989 годзе[1].
Член секцыі паразіталогіі аддзялення ветэрынарнай медыцыны Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (2012), член аддзялення сельскагаспадарчых навук Расійскай акадэміі навук з 2014 года.
Акадэмік Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Расія, г. Санкт-Пецярбург; 1996), Міжнароднай акадэміі аграрнай адукацыі (Расія; 1998), Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій (1999), Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх рашэнняў[1].
Старшыня Беларускага таварыства протазаолагаў. Прэзідэнт Міжнароднага таварыства паразітацэнолагаў. Член Прэзідыума Таварыства паразітацэнолагаў пры Акадэміі навук Украіны, член савета па абароне дысертацый пры Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі ім. Вышалескага НАН Беларусі і Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Старшыня Савета па абароне дысертацый ВДАВМ і ветбіяфармсавета пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь[1].
Поўны бібліяграфічны паказальнік прац А. І. Ятусевіча гл. па спасылцы .
Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2008), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (2002), медалём Францыска Скарыны (2022), юбілейнымі медалямі: «60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (2005), «65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (2010), «65 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» (2009), «100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» (2006), «110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» (2014), медалём «50-годзе Першага ўсебеларускага з’езда прафсаюзаў» (1971), сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1989), памятным медалём «За заслугі ў галіне ветэрынарыі» (РАСГН), «Залатым медалём пашаны для Беларусі» (Амерыканскі біяграфічны інстытут), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нагруднымі знакамі «Вынаходнік СССР» (1990), «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2006), «За заслугi ў сельскай гаспадарцы» (2021), «2000 гадоў Хрысціянству», Міжнародным ордэнам грамадскага прызнання імя Кірылы і Мяфодзія і іншымі[6].
Ганаровы грамадзянiн Пiнскага раёна (2013)[7]. Заслужаны работнік «Віцебскай ордэна „Знак Пашаны“ дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны» (2013).