У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гелгуд.
Антоні Ануфрый Гелгуд (польск.: Antoni Onufry Giełgud; каля 1720 — пасля 1795) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, кашталян (1776—1783) і апошні староста жамойцкі (1783—1795).
Быў цівунам цвярскім, з 1767 — харунжы жамойцкі. У 1774 стаў вялікім літоўскім абозным, але ў тым жа годзе перайшоў на пасаду вялікага літоўскага стражніка. У 1776 дасягнуў сенатарскай годнасці, стаўшы кашталянам, а потым і старостам жамойцкім.
У 1766 быў паслом на сойм ад Жамойці[1]. У 1775-1776 быў маршалкам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Член канфедэрацыі Анджэя Макраноўскага ў 1776[2]. Быў членам канфедэрацыі Чатырохгадовага сойму [3].
Быў членам трох віленскіх масонскіх ложаў ў 1781 годзе.
У 1777 быў узнагароджаны Ордэн Белага Арла, у 1774 стаў кавалерам Ордэна Святога Станіслава.
Сын Андрэя Гелгуда, старосты алькеніцкага, і невядомай з імя дачкі менскага кашталяна Андрэя Пузыны.
Жанаты быў першы раз з Барбарай Юдзіцкай, дачкой менскага кашталяна Міхала Юдзіцкага, другі раз — з Каралінай Тэадорай Аскеркай, дачкой вялікага літоўскага рэферэндара Гервазыя Людвіка Аскеркі.
Ад першага шлюбу меў сына Міхала і дачку Антаніну (жонка Фелікса фон Ронэ), ад другога — сыноў Ігнацыя і Людвіка.